Вы тут

Лодачных спраў майстар


...Памятаю, калі яшчэ не хадзіла ў школу, матуля часта брала мяне з сабой у суседні Давыд-Гарадок. Я заўсёды баялася ісці па мосце. Бо я такая маленькая, а ўнізе — шырокая, паўнаводная Гарынь! Яна адначасова і ўражвала, і палохала. А па рацэ на лодках плавалі рыбакі, вудзілі рыбу. Яшчэ шмат лодак стаяла каля берагоў і чакала сваіх гаспадароў, каб каторы раз рассекчы водную роўнядзь Гарыні.


Майстар за работай.

Цяпер усё не так. З кожным годам вады ў Гарыні становіцца менш, рака высыхае. А некалі такія патрэбныя драўляныя лодкі дажываюць свой век, гніюць на беразе. Ды і гарадчукоў, якія ўмелі майстраваць іх, ужо не засталося, толькі адзін — Міхаіл Паўлавіч Петравец. Да майстра я і вырашыла завітаць.

Міхаіл Паўлавіч — сапраўды, адзіны майстар у Давыд-Гарадку, які цяпер робіць лодкі. Маладыя гэтай справе вучыцца не хочуць, таму што работа вельмі цяжкая і карпатлівая. «Зараз драўляныя лодкі ўжо адыходзяць, усе купляюць сабе металічныя, гумавыя, — дзеліцца гаспадар. — Ды і не кожны зможа зрабіць яе. Колькі майстроў ёсць, якія будуюць дамы, напрыклад, але лодку змайстраваць не змогуць. Тут асаблівае ўменне патрэбна».

Некалі яшчэ дзядуля Міхаіла Паўлавіча рабіў лодкі. Але сённяшні майстар у яго не вучыўся, малы яшчэ быў. Пасля войска, калі вярнуўся, ужо не застаў дзеда. І вучыўся ў аднаго мужчыны, які жыў тут каля ракі.

— У нас была вялікая сям'я — шэсць дзетак у матулі, я — самы старэйшы. Дапамагаў Дзям'янавічу, прыкмячаў, запамінаў, як што рабіць патрэбна. З 1966 года пачаў і сам майстраваць. А ў 1966 годзе і ў 1979-м была вельмі вялікая вада. У кожнага гарадчука мелася лодка, таму што па-іншаму нельга было перамяшчацца. Рака так разлівалася, што вады абапал яе было амаль паўметра, — нават у дамы даходзіла. Каля кожнай хаты стаяла прымкнутая лодка. Калі трэба куды-небудзь трапіць — садзішся ў яе і плывеш па сваіх справах. Вось у тыя часы было вельмі многа заказаў. Мне везлі матэрыялы дзень і ноч. Ледзь паспяваў рабіць лодкі адну за адной. Да таго ж, драўніна была танная, дошак хапала, а зараз усё дорага каштуе.

Апошнім часам Міхаіл Паўлавіч ужо не робіць лодкі, бо няма заказаў. А за ўсё жыццё Міхаіл Петравец пабудаваў іх больш за 370.

Лодку звычайна рабілі з сямі дошчак, нібы сімвал сямі дзён, за якія Бог стварыў усё жывое.

— На пабудову адной лодкі патрэбен тыдзень. Шэсць дзён я працую, а на сёмы ўжо адпачываю. Ды і раней я малады быў, спраўны, руплівы, хуткі, а цяпер — цяжэй, бо ўжо ўзрост уплывае, усё-такі восемдзясят сем гадоў. Лодкі раблю на вуліцы, таму што яны не пралазяць праз вароты. Толькі малыя — у памяшканні, дзе знаходзяцца ўсе мае прылады і спецыяльны станок.

Міхаіл Паўлавіч зараз жыве адзін. Жонка памерла больш за дзесяць гадоў назад. Тут, у Давыд-Гарадку, недалёка жыве дачка. Дапамагае па гаспадарцы і на агародзе: бульбу пасадзіць і выкапаць, памідоры сабраць, у краму ходзіць, есці прыносіць, але Міхаіл Паўлавіч часта сам сабе гатуе. Сын жыве на Урале.

— А ён не пераняў у вас майстэрства будавання лодак? — пытаюся.

— Не. Адразу пасля заканчэння школы паступіў у Пермскі ўніверсітэт, потым быў у войску, там працаваў следчым і даслужыўся да палкоўніка. цяпер — у запасе.

— А вы на кірмаш у нядзелю ходзіце? — пытаюся я ў гаспадара.

— Не, не хаджу, далёка. Ногі ўжо не пераадолеюць такую адлегласць, дзесьці тры кіламетры. А вось на веласіпедзе еду добра! А што рабіць! У хаце сядзець увесь час сумна, таму хаджу на рыбалку. Таксама шыю на швейнай машынцы. Абутак, курткі, бывае, суседзі прыносяць што-небудзь парамантаваць.

Давыд-гарадоцкія лодкі.

Міхаіл Паўлавіч паказвае пашытыя ім акуратныя чорныя хатнія боцікі са скураной падэшвай, унутры якіх авечы мех.

І тут раздаецца гук тэлефона. Звоніць дачка.

— Прывітанне, дачушка. Што рабіў? Рыбачыў. Злавіў трошкі акунькоў. Канешне, прыходзь. Не, дзякуй, нічога не трэба, хлеб і малако яшчэ ёсць, і цукеркі таксама. Не, я адпачываць пакуль што не буду.

— Бліжэй да вечара прыйдзе дачка, будзем памаленьку капаць бульбу і саджаць суніцы, — дзеліцца планамі Міхаіл Паўлавіч.

Шкада, што лодачнае майстэрства ў Давыд-Гарадку паступова сыходзіць і не цікавіць сучасную моладзь. А сімвал горада, які здаўна быў своеасаблівай адметнасцю гарадчукоў, адыходзіць у нябыт...

Марына ЛЯШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».