Вы тут

«Звязда» наведала аднаго з самых вопытных вінаградараў Еўропы


Каля 600 сартоў вінаграду на поўначы краіны за апошнія 35 гадоў высадзіў на дачы пад Віцебскам Віктар Кухараў. А ў выніку ўласнай селекцыі падарыў свету каля 20 сартоў. Сярод іх: «Белы», «Віцебскі», «Юбілейны Кухарава», «Лексус» (безнасенны), «Шарус», «Саладуха», «Ціхан»... Ён удзельнік дзяржаўнай праграмы «Стварэнне нацыянальнага генетычнага фонду гаспадарча-карысных раслін Рэспублікі Беларусь». Канстатуе, што вырошчваць вінаград прасцей, чым памідоры. Праўда, трэба навучыцца.


Не баяцца моцных маразоў

Бадай, першы раз мы паехалі ў камандзіроўку, каб задаць пытанні і ад калег-дачнікаў. Віктар Паўлавіч супакоіў і ўспомніў, як сам калісьці не верыў, што зможа стаць вінаградарам. Пачаў у 1982 годзе. Ён — далёкі ад біялогіі чалавек.
У свой час скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута імя П. М. Машэрава (цяпер — універсітэт).

— Мой таварыш Дзмітрый Токараў, які ўзначальваў секцыю вінаградарства пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, запрасіў у госці. Падказаў, з чаго распачаць. Потым лёс звёў мяне з самым вядомым у былым СССР спецыялістам Іванам Аляксандравічам Кастрыкіным. Ён двойчы лаўрэат расійскай Дзяржаўнай прэміі, заслужаны аграном, працаваў у лабараторыі селекцыі Усерасійскага НДІ вінаградарства. Усе, хто вырошчваюць вінаград сямейства «Захапленне», завочна ведаюць яго. Дарэчы, назву прыдумалі балгары, якіх уразіў новы сорт, — расказвае вінаградар.

На сваіх пяці сотках у Віцебскім раёне ён вырашыў займацца і вінаградарствам. Жонка спачатку ставілася з недаверам да яго ідэі. Потым сама ўцягнулася.

Навічкам Віктар Кухараў раіць высадзіць сорт «Алёшанкін». Ён непатрабавальны, як і «Агат Данскі». Тым, хто рэдка бывае на дачы, лепш падыдуць прыбалтыйскія сарты. Напрыклад, «Юадупэ» (у перакладзе «Чорная рака»), самы ранні з прыбалтыйскіх. Ягады можна есці ў канцы ліпеня — пачатку жніўня. А марозаўстойлівасць пладовай пупышкі да -27 градусаў.

— Наогул, вінаград у нашых шыротах не баіцца вялікіх халадоў. А вось так званыя паўторныя замаразкі вясной — насамрэч праблема... Восенню ўсё абразаю і пладовыя атожылкі кладу гарызантальна. На зіму накрываю асакой або чаротам, бо яны не прэюць і не злежваюцца. Потым накідваю плёнку па даўжыні, прыціскаю. І ў тарцах, як па трубе, гуляе паветра... Вясной, калі тае снег, плёнку прыўздымаю, каб туды святло пранікала. І пад хованкай вінаград развіваецца. Галоўнае ўпэўніцца, што можна «абарону» адкрываць, каб пад замаразкі не патрапіць. У нас сёлета нават у канцы чэрвеня былі замаразкі, — тлумачыць эксперт.

Добрыя парады Віктара Паўлавіча можна прачытаць на яго персанальнай старонцы на сайце vіnograd.by. Ён таксама аўтар кнігі «Паўночны вінаград. Усе колеры вясёлкі».

Паспрабуйце стаць вінаградарам, раіць Віктар Кухараў: выбар сартоў для нашых шырот вялікі. А з вопытам можна будзе высаджваць і больш патрабавальны, але і больш смачны вінаград, такі як «Цукеркі» і іншы.

5 сотак дастаткова для продажу

Па саджанцы і парады да яго прыязджаюць не толькі з усёй Беларусі. Латвійцаў ён кансультаваў як масава вырошчваць вінаград.

У самога Віктара Кухарава няма плантацыі для масавага продажу. Яму цікава займацца селекцыяй, апрабоўваць новыя сарты. Саджанцы прадае на кірмашах, у прыватнасці бывае на абласных «Дажынках».

— І вяскоўцы, і дачнікі ў Беларусі могуць атрымаць прыбытак ад вырошчвання вінаграду, — не сумняваецца наш суразмоўнік. — Для гэтага трэба высадзіць 20—30 кустоў аднаго сорту. Напрыклад, «Суперэкстра», «Ронда» (адпаведна расійскі і нямецкі сарты). Пяць сотак для пачатку хопіць. Важна, каб участак атрымліваў максімум святла і сонца. У ідэале лепш паўднёвыя, паўднёва-ўсходнія схілы. Рады папярок схілу — з поўдня на поўнач — дазволяць сонечным прамяням раўнамерна асвятляць кожны куст. Зямля павінна быць... вельмі бедная. Вялікая вільготнасць — таксама дрэнна. Калі глеба гліністая, ямы і траншэі капаць не трэба. Акрамя попелу спачатку ніякіх падкормак. Пры пасадцы толькі раз трэба паліць. Потым расліна сама будзе паспяхова здабываць ваду з ціскам да дзвюх атмасфер. Корань з глыбіні каля сямі метраў можа пастаўляць ваду. І гэтага хопіць для лазы, калі б яна была даўжынёй каля 100 метраў.

Вінаградны куст, як правіла, дае добрыя ўраджаі да 25—45 гадоў. Дарэчы, у Беларусі, прычым на яе поўначы, ужо вырошчваюць вінаград на продаж. У Аршанскім раёне гэтым займаецца індывідуальны прадпрымальнік. Пад Віцебскам у гаспадарцы «Альгоўскае» таксама не першы год высаджваюць вінаград. Некалькі гадоў таму энтузіястаў вельмі падтрымаў старшыня аблвыканкама.

Дарэчы, айчынны вінаград не патрабуе вялікіх выдаткаў на транспарціроўку, а з-за таго, што яму бліжэй да прылаўка, ён лепш захоўвае смак і вітаміны, чым імпартны. Віктар Кухараў шчыра радуецца, што ўсё больш землякоў захапляюцца вінаградарствам. Аднак айчынная прамысловасць пакуль што не асабліва цікавіцца магчымасцямі і патэнцыялам тых, хто вырошчвае вінаград.

Пра віно і... чачу

А якое смачнае віно ў спадара Кухарава! Каб зрабіць яго, спачатку трэба здрабніць і падушыць спелы вінаград у ёмістасці. І хай стаіць, пакуль не пачне трохі брадзіць. Трэба, каб лёгка аддаваў сок. Потым трэба адціснуць. Пры неабходнасці дадаць цукар.

— Апошняе дазволіць зрабіць віно лячэбным. 60 грамаў цукру на літр соку — дакладная лічба. І потым — корак у ёмістасць, трубачку ў ваду. Галоўнае — не ставіць на сонца, побач з ацяпляльнымі прыборамі... Тэмпература павінна быць не ніжэй за +18, не вышэй за +20 градусаў. Наконт часу — усё індывідуальна: месяц або, можа, паўгоддзе спатрэбіцца. На смак трэба перыядычна каштаваць, — дае інструкцыю.

Ён частаваў сваім віном канадцаў, іншых замежнікаў, дык тыя спачатку не верылі, што зроблена яно з вінаграду поўначы Беларусі.

Чача вінаградная робіцца з адходаў, у прынцыпе, як звычайная бражка. Да адціснутай ягады дадаецца цукар і выганяецца самагонка. Яшчэ адзін напой ад Кухарава — гарбата з верхніх лістоў вінаграду, вельмі карысна і смачна.

Сёлета з-за зваротных замаразкаў у Францыі і ў некаторых іншых краінах на поўдні Еўропы страчана значная частка «сонечнага» ўраджаю. Беларускія вопытныя вінаградары змаглі выратаваць свае лозы. Яны могуць падзяліцца сваімі метадамі!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: «Цукеркі», «Саладуха», «Лексус» і іншыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».