Вы тут

Пра хатнія роды, бэбі-боксы і педыятра на вёсцы


Мяняць умовы для родаў адпаведна патрабаванням сучаснай жанчыны, нараджаць раней — ва ўзросце, калі арганізм не абцяжараны хваробамі, — і думаць перш за ўсё пра кваліфікаваную медыцынскую дапамогу нованароджанаму і парадзісе і захаванне жыцця ў радзільні, а не камфорт жанчыны ў хатніх родах, заклікаюць беларускія медыкі. Апроч таго, яны не бачаць сэнсу ва ўсталяванні ў Беларусі бэбі-боксаў.


Жыццё ці камфорт?

— Укараняць хатнія роды ў Беларусі немэтазгодна. У бальніцы працуе брыгада прафесіяналаў, немаўля абавязкова адразу аглядае спецыяльна падрыхтаваны педыятр. Тут маецца поўны набор абсталявання: запасы крыві, спецыяльныя рэанімацыйныя наборы. Можа спатрэбіцца зрабіць аперацыю маці, інтубіраваць немаўля, можа здарыцца што заўгодна, а акушэрка дома не зробіць такія працэдуры, — пераконвае Алена БОГДАН, начальнік упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Беларусі. — Чым больш родаў дома, тым большая рызыка здарэння нейкіх няшчасцяў. Што важней: хатні камфорт ці здароўе і жыццё сваё і дзіцяці? Упэўнена, што ніводны з камерцыйных медыцынскіх цэнтраў не падпішацца на роды на даму, і ніводзін іх супрацоўнік не ўскладзе на сябе такую адказнасць. Тым больш што такія ўстановы не прымаюць роды, а толькі вядуць цяжарнасць.

Яна падкрэсліла, што адным з прыярытэтаў дзейнасці сусветнай арганізацыі аховы здароўя (далей — СААЗ) ужо амаль 70 гадоў з'яўляецца здароўе дзяцей і жанчын, а ўсе намаганні скіраваны на забеспячэнне дасціпнасці меддапамогі. Такіх жа правіл прытрымліваюцца і ў нашай краіне.

Чатыры ўзроўні меддапамогі

Па нарматывах, адзін педыятр можа абслугоўваць 800 дзяцей. На практыцы ў Беларусі, як правіла, на ўчастку педыятра менш дзетак. Сістэма аховы здароўя стараецца максімальна захаваць педыятрычную службу на вёсцы, актыўна ўкараняе працу ўрачоў агульнай практыкі. Іх рыхтуюць па спецыяльных праграмах, каб аказваць паслугі ў тым ліку і дзецям.

Існуе таксама ўчастковы прынцып па замацаванні за вясковымі жанчынамі акушэраў-гінеколагаў. Сістэма аказання медыцынскай дапамогі мае чатыры ўзроўні: раённы, міжраённы, абласны і рэспубліканскі. У залежнасці ад стану здароўя парадзіхі і чаканай магчымай паталогіі немаўляці цяжарных жанчын накіроўваюць дзеля аказання ім дапамогі на адпаведны ўзровень.

— Наш досвед перанялі ўсе краіны свету. Калі СААЗ пісала рэкамендацыю па даступнасці медыцынскай дапамогі, Беларусь запрасілі для напісання раздзела па арганізацыі і аказанні медыцынскай дапамогі маці і дзецям з пазіцый рознаўзроўневасці. Мы працавалі над гэтым летась і сёлета і цяпер чакаем рэкамендацый да публікацыі, — адзначыла Алена Богдан. — Нам удалося дакладна прапісаць работу гэтай рознаўзроўневай сістэмы з пазіцыі таго, на якім узроўні павінна быць аказана медыцынская дапамога, каб максімальна захаваць жыццё і здароўе маці і дзіцяці. Такая сістэма прыносіць вынікі. За 8 месяцаў сёлета паказчык смяротнасці немаўлят — 2,9%, такога нізкага ўзроўню не было ніколі. Да нас ездзяць вучыцца з іншых краін.

Сучасныя таты не страчваюць прытомнасць

Сістэма аховы здароўя павінна адпавядаць патрабаванням тых мам, што жывуць у краіне цяпер. Сёння гэта актыўныя жанчыны, якія хочуць удзельнічаць у жыцці грамадства і падчас цяжарнасці, і адразу пасля нараджэння. Яны хочуць ведаць, што будзе з імі ў радзільным доме, падкрэсліла спецыяліст:

— Мы разумеем, што жанчыне сёння трэба стварыць некалькі іншыя ўмовы для родаў. Парадзіха хоча, каб да родаў, падчас іх і пасля іх побач былі члены сям'і. Таты, дарэчы, актыўна падключаюцца і да вядзення цяжарнасці, і да ўдзелу ў родах. Яны наведваюць жаночыя кансультацыі і псіхалагічна вельмі добра дапамагаюць урачу падчас родаў. Бацькаў, што пры гэтым страчваюць прытомнасць, амаль не засталося. Ва ўсіх нашых радзільнях створаны добрыя ўмовы для партнёрскіх родаў. Мы вучымся размаўляць з сучаснай жанчынай на яе мове і адкрыты да новых ініцыятыў.

Алена Богдан заклікала нараджаць раней, не чакаючы, пакуль з'явіцца дабрабыт у сям'і, а разам з ім і дадатковыя ўзроставыя балячкі. А таксама адказна ставіцца да абортаў, бо «няма ніводнай жанчыны, якая б пасля не пашкадавала, што не нарадзіла».

Пакінуць назаўжды ці часова

Устаноўку ў краіне бэбі-боксаў, дзе можна пакінуць сваё дзіця ананімна, спецыялісты таксама не лічаць справай, якая дапаможа перадухіліць смяротнасць немаўлят. Як паказвае практыка, наяўнасць такіх месцаў у іншых краінах не знізіла колькасць выпадкаў, калі дзяцей выкідалі. Акрамя таго, калі дзіця апынаецца ў бэбі-боксе, у яго адбіраюць магчымасць даведацца пра сваё паходжанне і бацькоў.

— Як паказвае практыка, асноўная маса кінутых дзяцей, якім споўнілася 18 гадоў, хочуць ведаць, хто іх біялагічныя бацькі, і яны карыстаюцца гэтым правам. Мы цяпер звяртаемся нават да архіваў 90-х гадоў, калі ўжо дарослыя людзі шукаюць бацькоў, — расказаў Міхаіл ЧАРАПЕННІКАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Беларусі. — І бацькі, якія ўсынавілі дзіця, спакойна ставяцца да таго, што яно будзе ведаць інфармацыю пра сваіх біялагічных бацькоў. Такім чынам здымаецца і шэраг псіхалагічных праблем у плане далейшага росту дзіцяці.

Калі жанчына не хоча гадаваць сваё дзіця, у яе ёсць два цывілізаваныя спосабы пакінуць яго назаўжды ці часова і адзін крымінальны.

— Мама можа напісаць заяву аб адмове ад немаўляці адразу пасля нараджэння і нават да родаў. Гэтая інфармацыя тут жа перадаецца ў Нацыянальны цэнтр усынаўлення, і пачынаецца працэдура падбору бацькоў, — расказала Алена Богдан. — І ў гэтым выпадку на парадзіху не будзе заведзена адміністрацыйная справа, да яе не прыменяць Дэкрэт 18 і не абавяжуць пакрываць расходы на ўтрыманне малога.

Жанчыны часта пазбаўляюцца нованароджаных або робяць аборты, бо не маюць паразумення ў сям'і ці знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Часам яны нават не кажуць пра цяжарнасць сваякам. У такім выпадку жанчына можа скарыстацца другім цывілізаваным спосабам: звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя і напісаць заяву аб часовым змяшчэнні немаўляці ў дом дзіцяці, дзе яно можа знаходзіцца да трох гадоў. Пры гэтым яна таксама не будзе прыцягвацца да адказнасці і плаціць за ўтрыманне малога, але захавае свае мацярынскія правы на яго.

— У залежнасці ад таго, як складзецца лёс маці, яна можа забраць яго ці адмовіцца. Пакуль яна не прыняла рашэнне, гэта яе дзіця. Проста так часова вызначана месцажыхарства дзіцяці праз складаную жыццёвую сітуацыю. Гэтыя два цывілізаваныя спосабы і ёсць тыя самыя бэбі-боксы.

У трэцім варыянце мама можа падкінуць дзіця. Але тады будзе запаўняцца акт кінутага дзіцяці, падавацца заява ў органы ўнутраных спраў і пачнуцца пошукавыя мерапрыемствы. Гэта абавязкова, бо здаралася, што падкідвалі скрадзеных дзяцей ці прыносілі іх члены сям'і жанчыны.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Нарадзіць нельга аддаць

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.