У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра паспяховае выступленне Арыны Сабаленкі, міні-футбольнай «Сталіцы» і гандбольнага СКА ў Кубку ЕГФ.
1. Мінская «Сталіца» паспяхова правяла матчы асноўнага кваліфікацыйнага раунда розыгрышу Кубка УЕФА па міні-футболе і заняла першае месца ў сваёй адборачнай групе. Чэмпіёны Беларусі перамаглі ва ўсіх трох паядынках: спачатку абыгралі маскоўскае «Дынама» — 5:3, затым італьянскі «Пескара» — 6:4 і казахстанскі «Кайрат» — 5:3. Жараб'ёўка элітнага раўнда пройдзе 19 кастрычніка, каманды будуць разбітыя на тры кошыкі, «Сталіца» трапіла ў першы з іх разам з іспанскімі клубамі «Інтэр Мовістар», «Барселона» і партугальскім «Спортынгам».
У другім кошыку — «Кайрат» (Казахстан), «Дзіна» (Расія), «Эканомац» (Сербія), «Лупарэнсэ» (Італія). У трэцяй — «Пескара» (Італія), «Продэксім» (Украіна), «Раба ЭТО» (Венгрыя), «Брага» (Партугалія), «Нацыянал» (Харватыя), «Кнопунт» (Нідэрланды), «Хале-Гойк» (Бельгія), «Дзева» (Румынія).
Матчы элітнага раўнда пройдуць з 21 па 26 лістапада.
2. Арына Сабаленка прайграла расіянцы Марыі Шарапавай (5:7, 6:7) у фінальным паядынку турніру ў кітайскім Цяньцзіне (прызавы фонд — $426 тыс.). Нягледзячы на паражэнне, беларуска ўвайшла ў топ-100 сусветнага рэйтынгу і зараз займае 76-ю пазіцыю. Таксама Арына стала першай ракеткай Беларусі.
Адзначым, што Марыя Шарапава выйграла свой першы тытул пасля вяртання на корт з-за допінгавай дыскваліфікацыі, цяпер у яе скарбонцы 36 пераможных турніраў пад эгідай WTА.
3. Гандбалісты мінскага СКА прабіліся ў 3-і адборачны раўнд розыгрышу Кубка ЕГФ, двойчы перайграўшы румынскі «Бухарэст». Пасля гасцявой перамогі (30:26) беларусы дамагліся поспеху і на сваёй пляцоўцы — 33:30.
Сапернік віцэ-чэмпіёнаў Беларусі ў барацьбе за выхад у групавы этап другога па рангу кантынентальнага турніру вызначыцца пасля жараб'ёўкі, якая адбудзецца ўжо сёння.
4. Завяршыліся матчы 25-га тура футбольнага чэмпіянату краіны. Дзеючыя чэмпіёны на сваім полі перайгралі футбалістаў «Віцебска» — 3:1. Лідары турнірнай табліцы — футбалісты «Шахцёра» — з мінімальнай перавагай саступілі мінскаму «Дынама» — 0:1. Брэсцкае «Дынама» ўпэўнена атрымала перамогу над «Дняпром» — 3:0, «Нёман» быў мацнейшы за «Гарадзею» — 2:1, «Славія» саступіла «Слуцку» — 1:2. Матч «Іслачы» і «Крумкачоў» завяршыўся нічыёй — 1:1, а «Мінска» і «Нафтана» — 2:2.
Становішча ў групе лідараў: «Шахцёр» — 56 ачкоў, «Дынама» (Мінск) — 55, БАТЭ — 52, «Слуцк» — 43.
У самым нізе турнірнай табліцы «Нафтан» — 9 ачкоў, крыху вышэй «Іслач» — 12, у «Славіі» 19 балаў.
5. Хакеісты мінскага «Дынама» саступілі на сваёй пляцоўцы «Сочы» 1:3. Каманды ўжо сустракаліся ў бягучым сезоне 6 верасня на пляцоўцы «леапардаў», тады дынамаўцы святкавалі поспех 4:2.
Мінчане завершаць дамашнюю серыю сёння матчам з ніжагародскім «Тарпеда».
6. Матчам камандаў Прэзідэнта Беларусі і Мінскай вобласці стартавалі ХІ Рэспубліканскія спаборніцтвы па хакеі з шайбай сярод аматарскіх камандаў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Каманда Прэзідэнта атрымала перамогу 10:5.
Матчы турніру традыцыйна будуць праходзіць па выхадных днях. У адзінаццатым сезоне спаборніцтвы пройдуць у два этапы. Спачатку сем камандаў (шэсць лядовых дружын з абласцей і хакейная каманда Прэзідэнта) правядуць аднакругавы турнір, які завершыцца ў сакавіку 2018 года. У другі этап плэй-оф, ён пройдзе з 31 сакавіка па 15 красавіка, выйдуць чатыры найлепшыя каманды, якія вызначаць фіналістаў і ўдзельнікаў паўфінальных матчаў.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.