Вы тут

Хто купляе каралеўскую птушку?


Фазанавая ферма ў Гродзенскім раёне павялічвае кола спажыўцоў.

Экзатычную птушку тут пачалі разводзіць некалькі год таму. Ініцыятар і гаспадар фермы — Гродзенскі мясакамбінат. А ідэя ўзнікла пасля таго, як да прадпрыемства далучылі нерэнтабельны сельскагаспадарчы кааператыў. Землі тут пясчаныя, не ўрадлівыя. Вось і пачалі новыя гаспадары шукаць для свайго філіяла «Парачанка» альтэрнатыву. Вырашылі паспрабаваць разводзіць фазанаў.

З галоўным спецыялістам — паляўнічым Аляксандрам Лакізам накіроўваемся на ферму. З Гродна да цэнтра гаспадаркі больш за 30 кіламетраў, адтуль па добрай асфальтаванай дарозе даязджаем амаль да самай фермы. За высокім драўляным плотам і месціцца фазанарый, пра які даводзілася толькі чуць. А зараз з'явілася магчымасць і ўбачыць.

Загадчык фазанарыя Мікалай Таліш праводзіць па адкрытых і закрытых вальерах. Іх некалькі — для птушак рознага ўзросту. Маладзейшыя знаходзяцца асобна ад дарослага пагалоўя. Цяпер тут крыху больш за чатыры тысячы птушак, але аптымальная колькасць — 6—7 тысяч.


Для таго каб зрабіць фота, трэба ўзняцца на вышку, што побач з агароджай. Затым Мікалай Паўлавіч вядзе і ў саму вальеру, ад чаго птушкі пачынаюць актыўна лётаць. У дзікай прыродзе яны вельмі палахлівыя, не страцілі сваіх рэфлексаў і тут. Некалькіх хвілін хапае, каб яны супакоіліся. Зрабіўшы здымкі, пакідаем вальеру. Папраўдзе, прыгожыя толькі дарослыя самцы-фазаны, якія вылучаюцца яркім апярэннем. Маладняк і самкі нагадваюць вялікіх шэрых курапатак.

Мікалай Паўлавіч успамінае, як пачыналася гэта справа. Перш-наперш расчысцілі тэрыторыю вакол старой фермы, дзе раней утрымліваўся малочны статак. Адрамантавалі саму ферму. Падрыхтавалі вальеры з сеткай па баках і зверху. І толькі тады запусцілі ў іх закупленых за мяжой птушак. Самым складаным аказалася выхаваць прыплод.

— Першыя два гады, што ні рабіў, ніяк не мог дабіцца добрай выжывальнасці маладняку, — кажа Мікалай Таліш. — Але потым стаў ставіць абагравальнікі, падтрымліваў тэмпературу 25—30 градусаў, тады сталі выжываць.

У маткавыя вальеры фазанаў адсаджваюць зімой, у лютым. Разлік такі: на сем самак адзін самец. У канцы красавіка самкі ўжо нясуць яйкі. Іх не рэалізоўваюць, а поўнасцю пускаюць на ўзнаўленне пагалоўя.

Дарэчы, на яйках функцыя самкі завяршаецца. «Выседжвае» птушанят інкубатар. І самкі ўжо не бяруць пад сваё крыло малых. Тыя гуртуюцца каля брудара, які забяспечвае ім цяпло. Літаральна праз тыдзень птушаняты пачынаюць лятаць.

Летась 2 тыс. галоў маладняку закупіла сельскагаспадарчая фірма. Сёлета больш за 1,5 тыс. фазанаў адпраўлена ў паляўнічыя арганізацыі. Па словах Аляксандра Лакізы, гэты промысел не такі актыўны, як быў напачатку. Раней інтарэс праяўлялі расійскія турысты-паляўнічыя. За год набіралася да шасці тураў. Цяпер фазанавы запал крыху сціх.

Без асаблівага энтузіязму згаджаюся выехаць на месца палявання. Нічога асаблівага — тэрыторыя з ляском і кустоўем падзелена на 15 нумароў. Тут размяшчаюцца паляўнічыя, якія сцерагуць выпушчаных на волю птушак. Здабыча аднаго фазана каштуе 18 рублёў. Вага тушкі — прыкладна 1 кг.

Трэба сказаць, што попыт на экзатычную птушку не стаіць на месцы. Калі раней фазанаў пераважна набывалі паляўнічыя арганізацыі, то цяпер гэта кола пашырылася за кошт аграсядзіб, заказнікаў, баз адпачынку. Цікавіцца экзатычнай птушкай і насельніцтва. Штогод жыхары купляюць 200—300 асобін. Буйныя партыі рэалізуюцца іншым фермам. Мяса фазана пачынае трапляць і ў гандлёвыя пункты і рэстараны горада і краіны. Перапрацоўкай займаецца Гродзенскі мясакамбінат. На прадпрыемстве плануюць пашыраць фазанавы бізнес, на чарзе — рамонт другой часткі старой фермы, дзе таксама размесцяцца вальеры.

— Паляванне на дзікіх фазанаў больш распаўсюджана ў паўднёвых краінах — Балгарыі, Чэхіі, дзе ёсць дробныя кусты і птушкі жывуць у прыродных умовах, — расказвае дырэктар філіяла «Парачанка» Анатоль Кужалінаў. — У Беларусі пачалі разводзіць фазанаў, каб развіваць паляўнічы турызм. Для гэтага кожнаму лясгасу даведзена заданне набыць па 80 фазанаў, некаторыя ўжо закупілі і арганізавалі паляванні. Летась мы вазілі птушак у Тульскую вобласць, сёлета правялі паляўнічы тур для турыстаў з Пецярбурга. Для расіян цана не такая адчувальная, як для беларусаў.

Набываюць фазанаў прадпрыемствы. Нядаўна некалькі дзясяткаў закупіў завод па выпуску тратуарнай пліткі і арганізаваў «жывы куток». Для птушак зрабілі вальеру побач з дэманстрацыйнай пляцоўкай прадукцыі прадпрыемства. Мала якая аграсядзіба абыходзіцца без гэтай экзатычнай птушкі. Дарэчы, экзатычныя ў гаспадарцы не толькі прадстаўнікі фаўны, але і расліны. У мінулым годзе ўпершыню тут высадзілі кусцікі ягад Годжы. У наступным годзе чакаюць першы ўраджай. Кіраўніцтва філіяла спрабуе па-новаму асвойваць тэрыторыю, якая раней была няўдобіцай.


У тэму

У Гродзенскім раёне знаходзіцца самая вялікая на Гродзеншчыне папуляцыя цецерукоў і глушцоў. Паляванне на гэтых рэдкіх птушак дазволена толькі ў межах Парэцкай паляўнічай гаспадаркі, якая ўваходзіць у склад Беларускага ваенна-паляўнічага таварыства. Агульная плошча ўгоддзяў — 32 тыс. га. Тут знаходзіцца сем месцаў гняздавання цецерукоў і чатыры — глушцоў. Па словах начальніка Парэцкай паляўнічай гаспадаркі Вальдэмараса Казлаўскаса, паляванне на гэтых птушак дазволена толькі вясной і доўжыцца 1,5 месяца з 3 гадзін ночы да 9 гадзін раніцы на месцах такавання. Сёлета дабыта пяць цецерукоў.

Складана здабыць глушца. Бо ёсць толькі 2-3 секунды, калі птушка падчас такавання нічога не чуе. Увесь астатні час дабрацца да яе складана, бо глушэц, хоць і цягне сваю песню, але рэагуе на любы гук. Таму сёлета паляванне на гэту птушку скончылася безвынікова (летась здабыты адзін глушэц).

На паляванне выязджаюць часцей замежныя турысты, у асноўным немцы. Каб здабыць рэдкую птушку, яны гатовы заплаціць 450 еўра. Калі паляўнічы застаўся без трафея, дык і плата будзе значна меншай — усяго 50 еўра. Для беларускага паляўнічага ліцэнзія на здабычу птушкі складае 20 і 10 рублёў адпаведна.

Згодна з падлікамі, на тэрыторыі гаспадаркі знаходзіцца 168 цецерукоў і 65 глушцоў. Вальдэмарас Казлаўскас адзначае, што агульную колькасць птушак удаецца падтрымліваць прыблізна на адным узроўні. Але ёсць пагроза змяншэння колькасці цецерукоў з-за праблем з месцамі такавання. Гэтым птушкам патрэбна чыстая тэрыторыя. А вось глушцы менш пераборлівыя, таму іх папуляцыя, хоць і невялікая, але мае тэндэнцыю да росту.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».