Вы тут

Што такое празмерная трывожнасць?


У каго з нас няма праблем? Для іх вырашэння патрабуюцца пэўныя рэсурсы (неабавязкова толькі матэрыяльныя!). Калі нам не хапае ўласных, значыць, наспеў час прасіць дапамогі ў блізкіх. Або ў спецыялістаў — урачоў-псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў. Не тое каб яны ўзяліся штосьці рабіць замест нас, але з дапамогай спецыяльных методык і (пры неабходнасці) медыкаментаў можна прывесці сябе ў такі стан, калі прасцей будзе ўзяцца за няпростыя задачкі, падкінутыя жыццём. Падрабязней аб тым, калі трэба звяртацца да спецыялістаў, расказвае намеснік галоўнага ўрача па памежнай псіхіятрыі Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Наталля БЕРАЗОЎСКАЯ.


— Ці не здаецца вам, што ў апошнія гады ў свеце становіцца ўсё больш агрэсіі?

— Я думаю, што справа не ў колькасці, а ў тым, што агрэсія трансфармуецца, з'яўляюцца новыя яе формы, спосабы выяўлення. Агрэсія — вербальная, фізічная, адкрытая, схаваная — ад пачатку з чалавекам, бо дапамагае яму выжыць.

— Калі чалавек у мірным горадзе бярэ ў рукі зброю і адкрывае агонь па натоўпе, то як гэта зразумець? Гэта схаваны суіцыд? Або, можа, праяўленне псіхічнага захворвання?

— Сам па сабе падобны ўчынак не ўказвае на наяўнасць псіхічнай паталогіі. Гэта можа быць і няздольнасць адшукаць выйсце ў нейкай праблемнай сітуацыі. Дакладней, адзіным магчымым выйсцем падаюцца вось такія паводзіны. Бо чалавек разглядае нейкія абставіны як пагрозу свайму жыццю. З нашага пункту гледжання сітуацыя, у якой апынуўся агрэсар, абсалютна нейтральная, а для яго — зусім не. Такое скажэнне не заўсёды звязана з захворваннем.

— Што дапамагае распазнаць паталогію?

— Для неўратычных расстройстваў характэрныя празмерная трывога, праявы дэпрэсіі. Мы самі будзем адчуваць, што трывожнасць атручвае нам жыццё. Неўратычныя расстройствы развіваюцца як рэакцыя на стрэс, няўменне вырашаць крызісныя сітуацыі. Гэта можа быць, напрыклад, парушэнне адаптацыі. Трывога — нармальная рэакцыя на нейкія сітуацыі, аднак гэта пачуццё можа нарастаць да такой ступені, што пачынае перашкаджаць эфектыўнаму вырашэнню паўсядзённых задач. Калі трывожны стан ніяк не звязаны з аб'ектыўнай рэальнасцю, і мы самі разумеем гэту празмернасць, але нічога не можам з гэтым зрабіць даволі працяглы час, значыць, трэба звяртацца да спецыялістаў.

Для псіхатычных расстройстваў характэрныя змены ў галіне мыслення, успрымання, што часта праяўляецца відавочнай неадэкватнасцю паводзінаў. Тут, як правіла, сам хворы перамен не ўсведамляе, на іх рэагуюць яго блізкія.

Характэрнай праявай псіхатычнага расстройства з'яўляецца псіхоз. Ён можа быць звязаны і з ужываннем алкаголю або наркотыкаў. Залежнасць ад іх ёсць псіхічнае захворванне. Пры псіхозе губляецца сувязь з рэчаіснасцю, могуць быць галюцынацыі, трызненне. Чалавек выпадае з рэальных падзей. У некаторых выпадках, калі ўласныя паводзіны пагражаюць жыццю хворага або жыццю іншых людзей, заканадаўства прадугледжвае аказанне прымусовай псіхіятрычнай дапамогі.

— Дарэчы, ці абавязкова ўжыванне псіхаактыўных рэчываў прывядзе да развіцця залежнасці?

— У розных людзей гэты шлях будзе розным па часе. А ўвогуле павінны сысціся адразу некалькі фактараў. Праблему хутчэй спазнае, напрыклад, той, у каго ёсць генетычная схільнасць, чые бацькі мелі залежнасць. Таксама той, у каго няма маральнай падтрымкі з боку блізкіх, той, каго нельга назваць псіхалагічна сталай асобай. Такія людзі не ўмеюць спраўляцца нават з самымі простымі задачамі і цяжкасцямі, якія суправаджаюць паўсядзённае жыццё.

— А што такое псіхалагічная сталасць?

— Уменне пераадольваць непрыемнасці і вырашаць праблемы, абапіраючыся толькі на сябе, на свае веды, уменні. Нясталыя асобы, як правіла, не ўмеюць гэтага рабіць. Аднак бываюць сітуацыі, калі наш уласны ўнутраны рэсурс вычарпаны. Калі псіхалагічна сталая асоба бачыць абмежаванасць сваіх здольнасцяў, то звяртаецца па дапамогу. Увогуле ёсць людзі, на долю якіх выпадае велізарная колькасць складаных сітуацый, аднак яны захоўваюць раўнавагу, добры настрой і не бяруць у рукі зброю. А ёсць людзі інфантыльныя, якім не хапае ўласных рэсурсаў на вырашэнне самых простых пытанняў.

— Як не выгадаваць інфантыльную асобу?

— Адразу заўважу, што матэрыяльны дастатак тут не будзе вызначальны. Самае важнае, наколькі блізкія людзі прымаюць дзіця, якую падтрымку яму аказваюць, ці не навязваюць яму свае рашэнні. Падтрымка заключаецца не ў тым, каб зрабіць замест дзіцяці, задача дарослых — навучыць самастойнаму выбару.

— Гэта магчыма ў няпоўнай сям'і?

—Традыцыйная сям'я, якая складаецца з мамы, таты і дзіцяці, — тая, што мы называем поўнай, сапраўды дапамагае чалавеку гарманічна развівацца. У ідэале адсутнасць аднаго з бацькоў можа ў пэўнай ступні кампенсавацца нейкімі іншымі значнымі дарослымі. Важна, каб быў дзед/бабуля, прадстаўнік свайго полу, які навучыць адпаведным паводзінам. Наогул сучасная сям'я трансфармуецца, аднак яна была, ёсць і будзе па сутнасці такой, як была ў тыя часы, калі людзі пачалі дзяліцца на пары ў межах плямёнаў.

— Хто сёння прыходзіць да ўрачоў-псіхатэрапеўтаў?

— Галоўным чынам, жанчыны працаздольнага ўзросту. Жанчыны традыцыйна хутчэй прызнаюцца, што ім патрэбна дапамога. Моцны пол часцей пакутуе ад хімічных залежнасцяў, а прыгожы сутыкаецца з трывожнымі расстройствамі — калі пачынаеш пакутаваць ад чакання найгоршага развіцця падзей, звязаных калі не з самім табой, то са сваякамі.

Самае важнае, што абсалютная большасць гэтых трывог з вельмі высокай доляй верагоднасці ніколі не спраўдзіцца.

— Пацыенту з трывожным расстройствам давядзецца ўжываць медыкаменты?

— Гэта можа быць як псіхатэрапеўтычная дапамога, так і ўжыванне прэпаратаў, прычым даволі працяглае, да паўгода і болей. Зразумела, таблеткі не вырашаюць ніякіх праблем, аднак з іх дапамогай можна зрабіць глыбокі ўдых, набрацца сіл, каб ісці далей. На жаль, многія па-ранейшаму лічаць, што зварот па псіхалагічную, псіхатэрапеўтычную або псіхіятрычную дапамогу пацягне за сабой нейкія наступствы, сацыяльныя абмежаванні. Між тым дапамога сёння можа аказвацца і ананімна — улік неабходны толькі для нашага ўнутранага выкарыстання, бо пацыент можа звяртацца паўторна. На кароткі час магчымыя і абмежаванні ў ваджэнні аўтамабіля, валоданні зброяй.

Псіхатэрапеўтычная і псіхалагічная дапамога сёння максімальна набліжана да пацыентаў, спецыялісты працуюць ва ўсіх цэнтральных раённых і некаторых гарадскіх паліклініках. Можна звярнуцца і адразу ў псіхіятрычны дыспансер — яны ёсць у кожнай вобласці.


Восень-восень...

У гэтую пару года мы становімся вельмі адчувальныя да розных псіхалагічных расстройстваў і парушэнняў. Гэтыя карысныя парады дапамогуць трымацца на плыву.

  • Думайце аб тым, што і гэта пройдзе. Вясна не за гарамі!
  • Невялікія радасці і яркія моманты ёсць на самай справе ў кожным дні. Не прапускайце іх.
  • Папаўняйце ўнутраныя рэсурсы з дапамогай хобі, стасункаў з прыемнымі людзьмі.
  • Не адмаўляйце сабе і ў любімых, карысных стравах і напоях — дазвольце крыху кавы або шакаладу.
  • Паўнацэнна адпачывайце — добра спіце штоноч, адпачывайце цягам тыдня, месяца, года.
  • У стрэсавай сітуацыі не панікуйце. Спрабуйце ўсё раскласці па паліцах, каб вырашыць праблему крок за крокам.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».