Вы тут

Гісторыі беларусаў, якія працуюць пасля 90 гадоў


«Інтэрв'ю? Ну, толькі калі хутка, а то ў мяне вельмі шмат работы», — сказаў адзін з нашых герояў, калі тэлефанавалі дамовіцца на сустрэчу. А яму, між іншым, 94 гады! У Беларусі 21 чалавек працягвае працаваць пасля 90. Пра выбар прафесіі і навуковыя дасягненні, сакрэт даўгалецця і ранішнюю фізкультуру расказалі вядомыя медык і акадэмік, якім узрост — не перашкода.


Пра­фе­сар Ле­а­нід Сця­па­на­віч Вя­ліч­ка: «Пы­та­юц­ца, ча­му  на пен­сію не сы­хо­джу. Дык ця­пер рай для спе­цы­я­ліс­таў!»

«Машыну перастаў вадзіць толькі ў красавіку»

Леаніду Cцяпанавічу ВЯЛІЧКУ, прафесару кафедры артапедычнай стаматалогіі БДМУ, 92 гады. Яшчэ да сёлетняга мая ён — пратэзіст па спецыяльнасці — прымаў пацыентаў. Цяпер займаецца навуковай і метадычнай работай, часам вядзе заняткі ў студэнтаў.

У медыцыну Леанід Сцяпанавіч прыйшоў 70 гадоў таму. Адвучыўся ў Мінскай зубаўрачэбнай школе і паехаў па размеркаванні ў родны Старобін.

— Пяць гадоў на перыферыі працаваў, кляпаў каронкі. Матэрыялаў тады ніякіх не было, нават звычайнага гіпсу для злепкаў. А я ведаў, што ў Мінску ёсць гіпсавы завод. Наладзіў з яго работнікамі кантакты, прыязджаў на грузавіку і набіваў мяшкі матэрыялам. А ён жа намакае і зацвердзявае. Мы што прыдумалі? Бралі вялікую патэльню, ставілі на керагаз і прагравалі гіпс, памешваючы лыжкай, як яечню, — з усмешкай успамінае доктар. — Я прайшоў у сваёй спецыяльнасці з самага нізу, таму з мяне атрымаўся нядрэнны спецыяліст. Кожную рэч мог рабіць уласнаручна.

Атрымліваць вышэйшую адукацыю Леанід Сцяпанавіч паехаў у Кіеў: у Беларусі стаматолагаў у той час яшчэ не рыхтавалі. Дзіўна, але вакансій у сталічных паліклініках для наваспечанага кваліфікаванага спецыяліста не знайшлося. Усе месцы былі заняты зубнымі ўрачамі без дыплома інстытута. Таму Леанід Сцяпанавіч уладкаваўся працаваць выкладчыкам у зубаўрачэбную школу, якую сам скончыў.

У свой час гэты славуты ўрач узначальваў кафедру артапедычнай стаматалогіі медінстытута (загадваў ёй 27 гадоў), быў галоўным пазаштатным стаматолагам сталіцы і Міністэрства аховы здароўя. За сваю доўгую практыку Леанід Сцяпанавіч сутыкаўся з рознымі выпадкамі.

— Неяк паступіў да нас танкіст. У баі яго танк загарэўся, мужчына паспеў выскачыць, але застаўся без вуха. Мы зрабілі яму вушную ракавіну з мяккай пластмасы — гэта, між іншым, вялікае мастацтва. Каб штучнае вуха надзейна трымалася, прыманціравалі яго да абруча. А парык, каб гэтага не было бачна, заказалі ў галоўнага хормайстра опернага тэатра. У мяне былі добрыя сувязі з рознымі спецыялістамі. Дарэчы, падагнаць тую ракавіну па колеры дапамагала грыміроўшчыца з тэатра аперэты.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Леанід Сцяпанавіч і цяпер займаецца даследаваннямі. Вывучае праблему непераноснасці арганізмам матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца пры вырабе пратэзаў.

У кабінеце прафесара захоўваецца шмат гіпсавых злепкаў сківіц і здымкаў пацыентаў. Здаецца, Леанід Сцяпанавіч і цяпер памятае кожнага з іх. «Гэтаму дзіцяці было тры гады, а зубы так і не выраслі, — паказвае ён адну з фатаграфій. — Мы яму пратэз вырабілі: выглядаў вельмі натуральна. Паглядзіце, як хлопчык тут усміхаецца!»

Па слядах прафесара пайшлі і яго ўнукі. Адзін з іх, Леанід Беладзед, нават назваў сваю клініку ў гонар дзядулі — «Любімы стаматолаг», па ініцыялах Леаніда Сцяпанавіча.

Калі пытаемся ў пенсіянера, як яму ўдаецца захоўваць бадзёрасць у такім паважным узросце, ён прызнаецца: у яго сям'і ўсе доўгажыхары. Бацька дажыў да 93 гадоў, а яго брат (дзядзька Леаніда Сцяпанавіча) — да 95.

— Не ведаю ніякіх сакрэтаў. У харчаванні, напрыклад, я дыет асабліва не прытрымліваўся. Гэта цяпер ужо не ем за тры гадзіны да сну, пазбягаю вострых страў... Трэба весці правільны лад жыцця і не перагружаць сябе, — кажа суразмоўнік.

Хобі Леаніда Сцяпанавіча — рыбалка. Куды толькі ён з вудай ні ездзіў, смяецца. Да нядаўняга часу, дарэчы, прафесар сам вадзіў аўтамабіль. Ад машыны адмовіўся толькі ў красавіку гэтага года.

На рабоце ва ўніверсітэце славуты стаматолаг бывае амаль штодня. «У мяне пытаюцца, чаму на пенсію не сыходжу. Дык цяпер рай для спецыялістаў! Столькі магчымасцяў ёсць!»

«Сакрэт даўгалецця — загартоўка з дзяцінства»

— Я выдатна сябе адчуваю. У разумовай рабоце абстаўлю любога маладога! — заяўляе пры сустрэчы акадэмік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі Уладзімір Сямёнавіч КАМАРОЎ.

Яго працоўны кабінет застаўлены кветкамі. «Разводжу такія, якія лёгка даглядаць. Калі шмат раслін, прыемней працаваць: яны ж даюць кісларод».

Галоўнаму навуковаму супрацоўніку сёлета споўнілася 94 гады. Але ён і не думае выходзіць на заслужаны адпачынак. «У мяне столькі ідэй!» — прызнаецца нам. Цяпер Уладзімір Сямёнавіч піша манаграфію: распрацаваў новы метад вызначэння паверхні мікрапор. Піша выключна ад рукі.

— Так больш думаеш, аналізуеш матэрыял, — тлумачыць навуковец. — Камп'ютар я выкарыстоўваю для пошуку інфармацыі: праглядзець, што зроблена па маім пытанні. І ўсё на гэтым — астатняе трэба самому думаць. Інакш нічога новага не вынайдзеш. У нас такія ёсць, хто спісвае. Іх ніхто і не цытуе. А вось вы кнігу вазьміце «Вялікія хімікі свету» — я ўжо там, разам з Ламаносавым і Мендзялеевым.

Не паверыце, але ў навуку вядомага сёння акадэміка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, прывёў выпадак. Пасля вайны Уладзімір Сямёнавіч падаваў дакументы ў медінстытут. Адрас — Універсітэцкі гарадок.

— Атрымаў паперку з паведамленнем — нават не паглядзеў, што там напісана. Сунуў у кішэню і паехаў здаваць экзамены. Шукаюць мяне ў спісах — няма такога. Просяць паказаць дакумент. А там накіраванне на фізмат. Здаў экзамены на той факультэт і адразу перавёўся на хімфак. Бо выпускнікоў фізмата ў школу па размеркаванні накіроўвалі, а пасля хімфака можна было на завод ісці працаваць ці ў лабараторыю. Вось так і трапіў у навукоўцы, — усміхаецца пенсіянер.

24 гады Уладзімір Сямёнавіч быў дырэктарам інстытута, загадваў лабараторыяй. Але цяпер, кажа, шкадуе, што страціў вельмі шмат часу на кіруючых пасадах: не было калі займацца непасрэдна навукай.

— Няўжо не хацелася выйсці на пенсію, адпачываць за горадам? — пытаемся.

— У мяне было лецішча ў Бараўлянах. Гараж і два паверхі дома над ім. Туалет, кухня — цудоўна. Вада побач. Дык гэта абуза для мяне была: не цягне туды і ўсё! Таму я пры першым выпадку прадаў лецішча за капейкі.

Ака­дэ­мік Ула­дзі­мір Ся­мё­на­віч Ка­ма­роў: «У мя­не столь­кі ідэй!»

Распарадак дня ў 94-гадовага акадэміка наступны. Раніцай — абавязкова фізкультура. Потым Уладзімір Сямёнавіч ідзе на работу. У кабінеце на адным месцы не заседжваецца, стараецца быць у руху. Калі добрае надвор'е, пасля работы шпацыруе па парку Чалюскінцаў. У астатні час навуковец любіць маляваць: карцін 170, напэўна, стварыў. У асноўным пейзажы.

— Вучыліся ў мастацкай школе?

— Не. Проста з дзяцінства добра маляваў. Мог за пяць хвілін партрэт накідаць. Я яшчэ ў абедзенны перапынак вершы пішу. Пакуль п'ю гарбату, некалькі радкоў можа нарадзіцца.

— У мастацтве патрэбна натхненне. А ў навуцы?

— Таксама. Калі натхнення няма, дык і ідэй не будзе. Мне раней ідэі нават па начах сніліся. Побач з ложкам пакідаў блакнот, ручку і адразу падымаўся запісваць тое, што ўбачыў.

Цікавімся ў навукоўца пра сакрэт даўгалецця. «Мне здаецца, гэта загартоўка з дзяцінства. Бацька і маці працавалі ў калгасе, а мне трэба было за каровамі, курамі, свіннямі глядзець, пра меншых сясцёр паклапаціцца. Увесь час працаваў. Ва ўніверсітэце вагоны разгружаў, каб зарабіць. Потым з Далёкага Усходу прывёз фотаапарат: з хлопцамі ездзілі па вёсках і здымалі сем'і. Тады грошай з'явілася шмат, дзяўчат нават у кіно запрашалі».

— За рацыёнам сваім сочыце?

— Стараюся выключаць тлустае, мучное. Гэта нічога не дае, акрамя лішніх калорый. Я больш люблю розныя салаты. Капусту часта ўжываю і вам рэкамендую. Калі даведаўся, што яна ўтрымлівае вітаміну С больш, чым лімон, здзівіўся. На раніцу раблю салаты з морквы, марской капусты, зеляніны. Мяса разы тры на тыдзень ем. Сала ўвогуле не ўжываю, сыру таксама нямнога. Навошта мне лішнюю вагу набіраць? Толькі дадатковая нагрузка на сэрца. Нават для маладога гэта нядобра.

Некалі Уладзімір Сямёнавіч карыстаўся мабільнікам, але потым аддаў сястры. Прачытаў, што тэлефон дае моцнае электрамагнітнае выпраменьванне, і вырашыў не псаваць сабе здароўе.

Аб адным акадэмік бядуе: не спяшаецца моладзь у навуку. «Аклады ж невялікія, — з разуменнем ставіцца ён. — Хлопцы ўвогуле не прыходзяць. А што дзяўчаты? Каб тварыць навуку, трэба цалкам аддацца ёй. У жанчыны гаспадарка дамашняя, дзеці. Што ад яе патрабаваць? У яе і так нагрузка шалёная. Пра якую навуку яна думаць будзе?»

— З вышыні сваіх гадоў якую галоўную параду можаце даць?

— Трэба, каб жыццё праходзіла не ўпустую, а з карысцю — і для сябе, і для людзей.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Абстаўлю любога маладога!»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.