Вы тут

У 22 гарадах краіны працуе аб'яднанне «Маці супраць наркотыкаў»


Перамагчы алкагольную або наркатычную залежнасць можна. Шанцы павялічваюцца, калі звяртаешся па дапамогу. У 22 гарадах краіны працуе Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Маці супраць наркотыкаў». Шмат гадоў таму менавіта мамы ўключыліся ў барацьбу за сваіх дзяцей, якія ўжывалі зелле. Стварыла арганізацыю ў Мінску Алена Пісарэнка, сын якой быў у залежнасці. Аднак паступова да суполкі пачалі далучацца бацькі і алказалежных дзяцей. Яны збіраліся ў групы ўзаемадапамогі, абмяркоўвалі набалелае. Сапраўды, у выпадку такіх цяжкіх залежнасцяў, як алкагольная і наркатычная, першымі біць трывогу пачынаюць сузалежныя сваякі, як правіла, маці і жонкі. Бо самі залежныя — сын, муж — проста не здольны крытычна ацэньваць свае паводзіны (такая спецыфіка псіхічнага захворвання, да якога адносяцца алкагалізм і наркаманія).


Дарэчы, для сузалежных вельмі важным аказваецца гаварыць сабе «стоп!» кожны раз, калі захочацца вырашыць праблемы залежнага. А праблемы ў яго ёсць, ды яшчэ колькі! З работы такіх рана ці позна выганяюць, грошай ім пастаянна не хапае, здароўя не дадаецца, сям'я распадаецца. То правы на ваджэнне адабралі, то пабіўся з некім... Унутранай матывацыі ў хворага на алкагалізм/наркаманію няма ніякай — псіхаактыўнае рэчыва робіць так, каб чалавека цікавіла толькі само гэта рэчыва. Таму варта прыбягаць да матывацыі знешняй — складанне пратаколаў, прызначэнне штрафаў, пазбаўленне бацькоўскіх правоў, накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый... Часам адно пазбаўленне залежнага ўсякай матэрыяльнай падтрымкі штурхае яго на пошук паратунку. Руку дапамогі працягваюць сёння тыя ж грамадскія арганізацыі, дзе ўсё ананімна і добраахвотна.

— На нумар +375 29 512 97 87 нам звоняць сваякі, якіх мы запрашаем на групу менавіта для сузалежных, — кожны чацвер, з 19 да 21 гадзіны, — расказвае старшыня наваполацкага гарадскога аддзялення Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Маці супраць наркотыкаў» Любоў БУЛГАКАВА. — З Полацка нават часам прыязджаюць маці з бацькам залежнага сына. Гэтыя сустрэчы неабходны, каб навучыцца правільным паводзінам з хворым сваяком, і практыка паказвае, што як толькі мы пачынаем ратаваць сябе, то адначасова ратуем і залежнага. Хоць апошняму, безумоўна, патрабуецца спецыфічная дапамога — напрыклад, медыцынская, і тады мы падкажам, дзе шукаць урача-нарколага, а затым і рэабілітацыйная, больш працяглая і вельмі важная. Апошнім часам наша арганізацыя цесна супрацоўнічае з цэнтрам «Права на жыццё», што ў пасёлку Рудня пад Мазыром, і хрысціянскім рэабілітацыйным цэнтрам «Вяртанне» ў Баранавічах — для залежных больш сталага ўзросту. Эфект ад такой работы адназначна ёсць, некаторым удаецца дасягнуць стойкай рэмісіі на працягу многіх гадоў.

Разам з псіхолагам сацыяльна-педагагічнага цэнтра наваполацкія «Маці» арганізавалі групу для маці-выпівох, якім на працягу шасці месяцаў даецца шанц выправіцца, каб не пазбавіцца бацькоўскіх правоў. Дзеці ў гэты час пражываюць у цэнтры або прыёмнай сям'і. 2-гадовае дзіця ўзяла пад часовую апеку і Любоў Булгакава, якая аформіла разам з мужам прыёмную сям'ю. Бацькі-выпівохі абавязаны тым часам наведваць урача-нарколага і групу ўзаемадапамогі пры сацыяльна-педагагічным цэнтры.

У апошнія гады «Маці супраць наркотыкаў» працавалі і ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, які да нядаўняга часу існаваў у горадзе. Некаторыя ўдзельнікі дзвюх груп урэшце здолелі адаптавацца да цвярозага жыцця — вярнуўшыся па месцы свайго пастаяннага пражывання, уладкаваліся на работу, завялі сем'і. Той, хто вырваўся з залежнасці сам, як правіла, застаецца дапамагаць іншым, бо адаптацыя да новага жыцця прадугледжвае і патранаж над тым, хто толькі спрабуе. Сёння лячэбна-працоўны прафілакторый у Наваполацку закрыты. Аднак «Маці супраць наркотыкаў» маюць намер аднавіць сваю работу са зняволенымі, якія маюць залежнасці. Пакуль яны адбываюць пакаранне, ім прапануецца толькі кансультацыйная дапамога, а пасля вызвалення ахвотныя могуць адправіцца на рэабілітацыю.

— Па запыце любой нашай установы адукацыі, пачынаючы са школ і заканчваючы Полацкім дзяржаўным універсітэтам, асабіста я праводжу спецыяльныя інтэрактыўныя заняткі па тэме залежнасцяў ад тытуню, алкаголю і наркотыкаў, — тлумачыць Любоў Леанідаўна. — Пасля адной з апошніх сустрэч з першакурснікамі па традыцыі было прапанавана ацаніць каштоўнасць атрыманай інфармацыі. Як правіла, падлеткі пішуць, што сэнс у гэтым адназначна ёсць. У адной школе хлопец неяк напісаў: «Я думаў, што ў 16 гадоў пакаштую ўсё, але дзякуй, што папярэдзілі». Наогул меркаванні розныя, нехта напісаў, што «не варта рабіць рэзкія вывады пра чалавека, які выпіў піва, але не злоўжывае. Не лічу, што ён адразу становіцца дэградантам і будучыні ў яго няма». Або вось: «Для мяне заняткі ніякай ролі не сыгралі, бо я ніколі нічога не ўжывала і ўжываць не збіраюся», «Нічога новага не даведаўся, усё, што мы і ведалі», «З задавальненнем паслухала б яшчэ», «Прызадумаўся, каб кінуць курыць»...

Уводныя заняткі для школьнікаў рознага ўзросту называюцца «Усё пачынаецца з малога». Што радуе нас летам і чаго няма ўжо восенню, зімой? — пытаецца спачатку Любоў Леанідаўна ў аўдыторыі. Пасля невялічкай падказкі дзеці здагадваюцца, што размова пра кветкі. А што трэба, каб яны раслі? Дзеці пералічваюць: паліваць, падкормліваць, каб сонца грэла. Рэдка хто здагадаецца назваць барацьбу з пустазеллем, але менавіта да гэтай думкі і важна падвесці, каб перайсці да галоўнага: а што ў нашым жыцці ёсць пустазелле? Што перашкаджае чалавеку нармальна жыць і развівацца? І дзеці здагадваюцца, што гэта тытунь, алкаголь і наркотыкі.

Тэма перадачы ВІЧ-інфекцыі не абыходзіцца без гульні, яна называецца «Аўтограф». Школьнікам раздаюцца паперкі, якія трэба перадаваць адно аднаму, каб пакідаць свае аўтографы. Напрыканцы вядучы просіць падняцца таго, каму дасталася паперка з чырвонай кропкай на адваротным баку. Так дзеці вучацца разумець, што чыста знешне ніколі не зразумееш, што ў чалавека ёсць інфекцыя. А яна тым часам распаўсюдзілася.

— Я кажу і аб тым, што верагоднасць заражэння адна — пры тых жа сексуальных кантактах яна не надта вялікая, аднак статыстыка колькасці выпадкаў указвае на тое, што большасць выпадкаў перадачы інфекцыі адбываецца менавіта палавым шляхам, — заўважае Любоў Леанідаўна. — Пра чысціню стасункаў паміж маладымі людзьмі можна расказаць праз нейкія зразумелыя ўсім рэчы. Прапаную, напрыклад, задумацца, чаму ніхто з нас не купіў бы ўжо адкрыты калісьці ёгурт?

Супрацоўнікі «Маці супраць наркотыкаў» займаюцца прафілактыкай перадачы палавых інфекцый і сярод прадстаўніц секс-бізнесу — на шашы, стаянках, прыдарожных кафэ дзяўчынам раздаюць інфармацыйныя матэрыялы, дзе пазначаны магчымасці ананімнага бясплатнага медыцынскага абследавання, у тым ліку на ВІЧ па сліне за 15 хвілін. Абследавана такім чынам ужо каля 200 жанчын, адной з якіх — са станоўчым вынікам — арганізавалі сацыяльнае суправаджэнне да ўрача-інфекцыяніста для далейшага абследавання.

У арганізацыі працуе і ананімны кансультацыйны кабінет (вул. Калініна, 5, тэлефон «гарачай» лініі: +375 29 523 68 69), у якім праводзіцца работа са спажыўцамі ін'екцыйных наркотыкаў і людзей, якія маюць беспарадкавыя палавыя сувязі, па фарміраванні ў іх адказнага стаўлення да свайго здароўя. Наладжаны тут і абмен шпрыцаў для нарказалежных. А з 2014 года дзейнічае сумесны праект арганізацыі «Маці супраць наркотыкаў» і Цэнтра дружалюбнага стаўлення да падлеткаў «Дыялог», які размяшчаецца на базе дзіцячай паліклінікі (тэл. +375 214 51 90 90). Звяртацца сюды могуць не толькі тыя, каму да 18 гадоў, але і крыху старэйшыя — каб атрымаць кансультацыю спецыяліста, прайсці тэст на ВІЧ. Сёлета гэта ўжо зрабілі 47 падлеткаў.

На Віцебшчыне...

  • усяго зарэгістравана звыш 1200 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі (з ВІЧ жывуць 933 чалавекі);
  • доля заражэння ВІЧ праз палавы шлях склала сёлета 95 працэнтаў;
  • найбольшая колькасць выпадкаў зарэгістравана ў Лёзненскім, Талачынскім, Полацкім, Гарадоцкім, Бешанковіцкім, Віцебскім, Расонскім, Дубровенскім раёнах і Віцебску.

У Наваполацку...

  • 68 чалавек жывуць зараз з ВІЧ (а ўсяго было зарэгістравана 79 выпадкаў);
  • у апошнія гады пераважае палавы шлях перадачы (фактычна 100 працэнтаў выпадкаў);
  • у полі зроку ўрачоў-нарколагаў псіханеўралагічнага дыспансера Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы — 72 афіцыйныя наркаспажыўцы і 1382 пацыенты з сіндромам алкагольнай залежнасці.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Я прызадумаўся...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».