Вы тут

Раім схадзіць


Фестываль кельцкай культуры, выстава фатографаў з Фінляндыі, «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» і «Лісты з Венецыі» – афіша «Звязды» з 23 па 29 кастрычніка.


Фестываль кельцкай культуры «Самайн»

Фота: maraclearspring.com

Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі (пл. Калініна)

Калі: 28 кастрычніка, 11:00

Колькі каштуе: 6 р.

Мерапрыемства прысвечана старажытнаму святу, якое азначала пачатак зімовай паловы гадавога цыкла і завяршэнне збору ўраджаю.

Наведвальнікаў фестывалю чакаюць сустрэчы з міфічнымі істотамі, паказальныя танцавальныя шоу, нацыянальныя забавы і гульні, таямнічыя абрады, варажба, майстар-класы па баявому фехтаванню і танцам, выразанне і размалёўванне фігурак з гарбуза, шоу хадулістаў і дудароў. Кульмінацыяй мерапрыемства стане фаер-шоу.

Таксама на тэрыторыі Батанічнага саду разгорнецца лагер шатландскай пяхоты.

Будуць працаваць фуд-корт, манетны двор, інтэрактыўныя пляцоўкі з атракцыёнамі, кантактны заапарк.


Выстава «Suomi 100 – 10 фатографаў з Фінляндыі»

Фота: travel.rambler.ru

Дзе: НЦСМ на Някрасава (вул. Някрасава, 3)

Калі: па 4 лістапада

Колькі каштуе: 3 р.

На фотавыставе прадстаўлены працы 10 фінскіх фатографаў-аматараў, якія падзяліліся з беларускім гледачом сваім асабістым поглядам на Фінляндыю. 

У выставу ўвайшло каля 100 фотаздымкаў на восем асноўных тэм: прырода, вёска, горад, музыка, мастацтва, вольны час, спорт і саўна.


Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам

Фота: artbelarus.by

Дзе: Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3)

Калі: па 5 лістапада, 11:00-20:00

Колькі каштуе: 5 р., ільготны – 2,50 р.

«Восеньскі салон» ужо ў трэці раз прадстаўляе шырокай аўдыторыі панараму творчасці маладых беларускіх мастакоў. Адной з галоўных мэт праекта з'яўляецца садзейнічанне ў стварэнні маштабнага арт-рынку ў Беларусі. Па гэтай прычыне для ўдзелу ў выставе-продажы актыўна запрашаюцца як дзяржаўныя, так і прыватныя галерэі з усёй краіны.


Выстава «Лісты з Венецыі»

Фота: elf-design.by

Дзе: галерэя TUT.BY (пр-т Дзяржынскага, 57)

Калі: па 20 лістапада, пан.-пят.: 9:00-18:00

Колькі каштуе: бясплатна

«Лісты з Венецыі» – гэта прызнанне ў любові Італіі і Венецыі на мове каліграфіі, напісанае Аляксандрай Стальмашонак, і на мове фатаграфіі, створанае Аляксандрай Заруцкой.

Дзевяць каліграфічных гісторый, дзевяць фота нацюрмортаў уяўляюць сабой творчую інтэрпрэтацыю вобразаў горада, убачанага скрозь прызму жыцця знакамітых людзей, пісьменнікаў, паэтаў і мастакоў: Карла Гальдоні, Уільяма Цёрнэра, Джорджа Байрана, Клода Манэ, Антона Чэхава і іншых.


Выстава «Літары і словы Скарыны»

Дзе: Нацыянальная бібліятэка Беларусі (пр-т Незалежнасці, 116)

Калі: па 20 лістапада

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Выстава «Літары і словы Скарыны», прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, знаёміць з каліграфіяй Усевалада Свентахоўскага − беларускага мастака, які працуе ў кніжнай графіцы і графічным дызайне. Частка прадстаўленых работ – гэта «летэрынг» − від мастацтва, у якім малюнкі створаны на аснове літар і сплецены ў агульную гарманічную кампазіцыю. Прыцягваюць увагу і аўтарскія распрацоўкі шрыфтоў з выяўленчымі элементамі – фантастычнымі вобразамі і расліннымі матывамі. 

Асобае месца на выстаўцы займаюць шрыфтавыя работы, зробленыя з дапамогай лічбавага друку − серыя аркушаў паводле матываў шрыфтоў Францыска Скарыны. Цытаты першадрукара напісаны стылізавана «пад Скарыну» − у аўтарскім прачытанні Свентахоўскага. Росчыркі напаўсухога пяра ствараюць уражанне водгукаў голасу нашага вялікага суайчынніка, голасу, які губляецца ў глыбіні часу. 


Выстава «Моднае стагоддзе»

Фота: zviazda.by

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей (вул. К. Маркса, 12)

Калі: па 10 студзеня 2018 г., 11:00-19:00

Колькі каштуе: 8 р., школьнікі - 6 р., дзеці да 6 гадоў і ветэраны ВАВ − бясплатна

На выставе прадстаўлены гістарычныя касцюмы з найбуйнейшай у свеце прыватнай калекцыі Аляксандра Васільева − вядомага гісторыка моды, мастацтвазнаўцы, калекцыянера, тэатральнага мастака, аўтара кніг і артыкулаў па дадзенай тэматыцы, тэлевядучага праграмы «Модны прысуд».

Экспазіцыя адзення і аксесуараў, якая ахоплівае перыяд канца 19-га і ўсё 20-е стагоддзе, складаецца з больш за 100 неверагодных касцюмаў і некалькіх соцень розных аксесуараў, ювелірных вырабаў і майстэрскай біжутэрыі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».