Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра вынікі чэмпіянату Еўропы па тайскім боксе, чарговым тытуле Максіма Мірнага і сенсацыйную перамогу СКА над БГК імя Мяшкова.


1. Валейбалісты салігорскага «Шахцёра» атрымалі перамогу ў матчы ў адказ Лігі чэмпіёнаў над ізраільскім «Макабі» 3:0. Пасля паражэння 2:3 у Тэль-Авіве беларускай камандзе неабходна была перамога на дамашняй пляцоўцы. Самым выніковым гульцом матча стаў дыяганальны «Шахцёра» Уладзімір Жыкгімонт — 23 ачкі. У трэцім раўндзе Лігі чэмпіёнаў, дзе раней беларускія каманды яшчэ не выступалі, «Шахцёр» згуляе са знакамітым італьянскім «Перуджа».


2. Беларус Максім Мірны і аўстрыйскі тэнісіст Філіп Освальд сталі пераможцамі парнага разраду Кубка Крамля. У фінальным матчы беларуска-аўстрыйскі тандэм перайграў Даміра Джумхур (Боснія і Герцагавіна) і Антоніа Санчыча (Харватыя) — 6:3, 7:5.

Фота kremlincup.ru


Нагадаем, Максім Мірны дэбютаваў у розыгрышы Кубка Крамля ў 1996 годзе і пяты раз стаў яго трыумфатарам у парным разрадзе. Для 40-гадовага Максіма Мірнага гэта 50-ы чэмпіёнскі тытул у спаборніцтвах мужчынскіх тандэмаў на турнірах пад эгідай Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў.


3. Завяршыліся матчы 26 тура чэмпіянату краіны па футболе. Лідар першынства — салігорскі «Шахцёр» — замацаваўся на першым месцы ў турнірнай табліцы, абыграўшы на выездзе «Віцебск» — 2:1. Футбалісты мінскага «Дынама» не змаглі адолець на сваім полі аднаго з аўтсайдараў цяперашняга першынства мазырскую «Славію» — 0:0. «Гарадзея» ў гасцях перайграла «Крумкачоў», а «Нёман» з такім жа лікам дома «Гомель» — 3:0, «Нафтан» буйна саступіў «Дынама-Брэст» — 0:4, «Слуцк» быў слабейшы за «Іслач» — 1:3.


4. Беларускія байцы заваявалі 15 узнагарод на чэмпіянаце Еўропы па тайскім боксе ў Парыжы. На найвышэйшую прыступку п'едэстала падымаліся Максім Пяткевіч (вагавая катэгорыя 63,5 кг), Уладзіслаў Ядзешка (63,5 кг), Ілья Бураў (67 кг), Мікіта Шостак (81 кг) і Дзіяна Емяльянава (звыш 75 кг). Таксама на рахунку нашых спартсменаў тры сярэбраныя і сем бронзавых медалёў. Беларуская каманда ў медальным заліку на чэмпіянаце Еўропы заняла чацвёртае месца. Нашу краіну прадстаўлялі 25 спартсменаў, удзел у спаборніцтвах прынялі больш за 200 байцоў з 28 краін.


5. У брэсцкім спарткомплексе «Вікторыя» мінскі СКА разграміў БГК імя Мяшкова — 33:23 у
паядынку гандбольнага чэмпіянату краіны.
Да гэтага ў сёлетнім сезоне сапернікі згулялі ўнічыю ў Мінску, а раней БГК атрымаў
12 перамог запар над СКА.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пятнаццаць узнагарод з Парыжа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?