Вы тут

Выйшла кніга «Расліны-агрэсары. Інвазійныя віды на тэрыторыі Беларусі»


У новай кнізе вучоныя расказалі, якія пагрозы нясе распаўсюджванне па тэрыторыі краіны раслін-прышэльцаў.

«Расліны-агрэсары. Інвазійныя віды на тэрыторыі Беларусі» — так называецца навукова-папулярнае выданне, складзенае спецыялістамі лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, што сёлета ўбачыла свет. Галоўная яго мэта — пазнаёміць чытачоў з чужароднымі відамі раслін, якія актыўна размнажаюцца і шкодзяць чалавеку і біялагічнай разнастайнасці, а таксама падказаць метады барацьбы з агрэсарамі.


— Кніга засяроджвае ўвагу на тым, што разам з абарыгеннымі, карыснымі і цікавымі раслінамі ёсць іншыя дрэвы і хмызнякі, на выгляд станоўчыя, але яны хаваюць розныя праблемы для насельніцтва, эканомікі краіны, — расказаў кіраўнік лабараторыі, доктар біялагічных навук, прафесар Віктар ПАРФЁНАЎ. Так, з добрымі намерамі ў сельскай гаспадарцы пачыналі выкарыстоўваць баршчэўнік Сасноўскага. Але варта было расліне выйсці з-пад кантролю, як яна пачала актыўна распаўсюджвацца і трансфармаваць мясцовую прыроду.

Праблема агрэсіўных чужародных (інвазійных) відаў раслін у навуковым свеце не новая. Але калі біёлагі ведаюць пра зялёных прышэльцаў даволі шмат, то многія звычайныя людзі, якія часцей за ўсё і «дапамагаюць» ім займаць усё большыя тэрыторыі, пакуль нават не здагадваюцца пра цёмны бок многіх раслін, напрыклад такіх прыгожых кветак, як бальзамін ці віргінская астра.

Каб выправіць гэту сітуацыю, вучоныя выбралі каля 50 відаў інвазійных раслін, якія найбольш агрэсіўна паводзяць сябе ў нашай краіне, зрабілі іх апісанне, адзначылі фактары пагрозы, а таксама далі канкрэтныя рэкамендацыі па абмежаванні колькасці і знішчэнні. Пазнаць чужынцаў можна і па фотаздымках, якія былі зробленыя аўтарамі падчас навуковых камандзіровак па Беларусі.

— Інвазійныя расліны — агрэсары не толькі ў адносінах да чалавека, але і да іншых раслін, — адзначыў адзін з аўтараў кнігі, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Аркадзь СКУРАТОВІЧ. — Яны кардынальна змяняюць тое асяроддзе, куды трапляюць. Напрыклад, калі бальзамін драбнакветкавы пасяляецца ў лесе, там больш не ўбачыць грыбоў ці ягад — такім шчыльным дываном ён разрастаецца.

Якія ж зялёныя ворагі растуць побач з намі? У спіс трапілі не толькі ўжо вядомыя баршчэўнік Сасноўскага, сумнік канадскі і эхінацысціс шыпаваты. Гэта і клён амерыканскі, які пры высечцы можа пускаць 10—15 парасткаў з аднаго ствала; дуб паўночны ці чырвоны — хуткарослая парода, якая выцясняе абарыгенны від дуб звычайны; рабінія псеўдаакацыя (белая акацыя), якая ўтварае цэлыя лясы на поўдні краіны; лубін мнагалісты, тапінамбур, чырвоная і чорная бузіна, дзявочы вінаград, абляпіха крушынападобная і іншыя прадстаўнікі групы каранцінных раслін і пустазелля.

Аст­ра вір­гін­ская.

Зразумела, не трэба адразу кідацца знішчаць усіх «акупантаў», што растуць на прысядзібных участках. Вучоныя падкрэсліваюць — многія з гэтых раслін маюць права на існаванне ў культуры, але пры ўмовах пастаяннага кантролю з боку людзей за іх колькасцю і правільнай утылізацыі. Так, рэшткі інвазійных раслін нельга выкідаць каля лесу ці на пустках — апынуўшыся ў натуральных умовах, чужынцы здольныя хутка разрастацца. А плады некаторых з іх, напрыклад чорнай бузіны ці іргі каласістай, пажадана збіраць з расліны цалкам, каб птушкі не разнеслі насенне па ваколіцах.

Толькі гаспадарлівы падыход — увага да таго, што расце каля дома, на ўскраінах вёсак, уздоўж дарог, пастаянная апрацоўка і засяванне шматгадовымі травамі зямлі, што пакуль не выкарыстоўваецца, праполка кветнікаў і агародаў — дапаможа зменшыць пагрозу ад агрэсараў для прыроды і чалавека.

Вераніка КОЛАСАВА

kоlаsаvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Спыніць батанічную дыверсію

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.