Вы тут

Андрусь Унучак пра ролю Касцюшкі ў станаўленні нашай дзяржаўнасці


200 гадоў таму не стала Тадэвуша Касцюшкі — выдатнага сына беларускай зямлі. У Злучаных Штатах Амерыкі ён з'яўляецца нацыянальным героем, бо шмат зрабіў для станаўлення незалежнасці гэтай краіны. Да станаўлення беларускай дзяржаўнасці Тадэвуш Касцюшка таксама прычыніўся. Пра гэта карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з загадчыкам аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдатам гістарычных навук Андрэем УНУЧКАМ.


— Раскажыце, якую ролю Тадэвуш Касцюшка адыграў у гісторыі беларускага народа?

— Ён змагаўся за тыя ідэалы, якія цяпер шануюцца ва ўсім свеце, — свабоду і незалежнасць краіны. Ён змагаўся за гэту зямлю, рызыкаваў дзеля яе жыццём і праліваў кроў. У канцы XVІІІ стагоддзя Рэч Паспалітая абодвух народаў, куды ўваходзіла Вялікае Княства Літоўскае, была пад вялікай пагрозай. Гэту дзяржаву дзялілі тры вялікія манархіі — Расійская імперыя, Аўстрыйская імперыя і Прускае каралеўства. Фактычна для кожнага патрыёта гэта было абразай нацыянальнага гонару, вялікай ганьбай. Тадэвуш Касцюшка, як сын сваёй краіны, не мог глядзець абыякава на такое становішча. Ён быў вайскоўцам і шляхціцам. А дэвіз нашай шляхты: «Бог. Гонар. Айчына». Таму натуральна, што ён узначаліў паўстанне, як аўтарытэтны чалавек і як прафесійны вайсковец. Змаганне не мела поспеху, але разам з тым яно дало надзею, што ў будучыні дзяржаўнасць на нашых землях будзе адроджана.

— Можна сказаць, што перадумовы сучаснай беларускай дзяржаўнасці склаліся ўжо ў той час?

— Сітуацыя была такая, што ў 1773 годзе склікалі сойм Рэчы Паспалітай, на якім дзяржавы, што дзялілі гэты край, хацелі, каб дэпутаты самі прагаласавалі за падзел. Праз 20 гадоў зноў быў праведзены «маўклівы сойм» у Гродне, на якім таксама імкнуліся да таго, каб шляхта згадзілася з падзелам сваёй краіны. Мэтай было не проста знішчыць дзяржаву, а паказаць, нібы нашы продкі самі хацелі, каб яна знікла. Паўстанне вырашыла гэта пытанне канчаткова: калі людзі аддавалі свае жыцці за краіну, значыць, падзелы былі не добраахвотнымі, а гвалтоўнымі і несправядлівымі. А як сказаў Аўраам Лінкальн: «Ніводная справа не вырашана канчаткова, пакуль яна не вырашана справядліва». Пытанне паўстання было вельмі вострым, яно гучала і ў Расіі, і ў Прусіі, і ў Аўстрыі. Таму з распадам Расійскай і Германскай імперый дзяржаўнасць у гэтым рэгіёне, у тым ліку ў Беларусі, была адноўлена.

— Чаму менавіта Касцюшка апынуўся на чале змагання?

— Яго выбралі, бо ён быў гарачым патрыётам. На момант падрыхтоўкі паўстання ў некалькіх бітвах ён праявіў сябе вельмі добра. Істотным быў яго высокі вайсковы прафесіяналізм: дзве бітвы, якія ён выйграў у вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі, зрабілі яму славу вайскоўца міжнароднага маштабу. Бо перамагчы войска Вялікабрытаніі — у тагачасным свеце гэта было надзвычайна. Да таго ж Касцюшка быў земляком караля і вялікага князя Рэчы Паспалітай. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі таксама паходзіў з нашай Берасцейшчыны. У паўстанцаў было пытанне: «А на чыім баку будзе кароль?» Гэта быў вельмі істотны момант.

— Шмат у нас было добрых палкаводцаў. Аднак менавіта Касцюшка стаў героем фальклору, яму прысвячалі песні. Чаму простыя людзі так уганаравалі яго славай?

— У кожнай эпохі ёсць знакавая фігура. І менавіта такім быў Тадэвуш. Нават напярэдадні паўстання 1863 года ў «Мужыцкай праўдзе» друкаваліся згадкі пра яго як пра героя. Асоба Касцюшкі была блізкай да ідэалу канца XVІІІ — пачатку XІX стагоддзя. Таму што тады фарміраваліся нацыі. Паступова адыходзіў у нябыт саслоўны падзел і фарміравалася нацыянальнае грамадства. Раней «народам» называлася толькі шляхта. Аднак на Захадзе адбывалася набілітацыя «простага люду» праз тое, што ўсе грамадзяне краіны набывалі нацыянальную свядомасць, а значыць, бралі і неслі адказнасць за сваю дзяржаву і народ. Касцюшка насіў шэрую вопратку касінера — ён з'яўляўся носьбітам новага светапогляду, ён не быў палкаводцам старога манархічнага ладу. Ён стаў правадыром народа. Для беларусаў ён заставаўся мясцовым, сваім, — належаў да нашай шляхты.

— Ці ўшаноўвалася асоба гэтага героя ў наш час?

— Так, яму былі прысвечаны не толькі фальклорныя творы. У 1994 годзе была выдадзена марка ў гонар паўстання і самога Тадэвуша Касцюшкі. Іменем Касцюшкі названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, Лідзе; у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі ў яго гонар. У 2003 годзе на ўзроўні Брэсцкага аблвыканкама было прынята рашэнне аднавіць сядзібу ў Мерачоўшчыне, стварыць музей. Мы можам казаць пра два дакументальныя фільмы ў гонар гэтай асобы. Адзін з іх, чатырохсерыйны «Тадэвуш Касцюшка. Вяртанне героя», быў паказаны на Першым нацыянальным тэлеканале ў 2007 годзе. Другі фільм «Вобраз героя. Тадэвуш Касцюшка» быў зроблены «Белвідэацэнтрам» адмыслова да яго 265-годдзя ў 2001 годзе. Такім чынам, памяць пра гэту постаць у нас не перапынялася.

— Ці важна ў сучасным грамадстве падтрымліваць памяць пра Касцюшку?

— Натуральна, бо кожнае пакаленне стаіць перад сваімі выклікамі. Сёння мы кажам пра сваю незалежнасць, пра наша месца ў свеце, таму прыклад Касцюшкі для нас вельмі важны. Аднак ёсць і знешнія прычыны. Многія краіны трацяць вялікія сродкі, каб выбудаваць адносіны з Амерыкай. А мы маем такога героя, які ў гісторыі гэтай краіны адыграў вельмі важную ролю. Помнік яму ёсць у Ваеннай акадэміі ў Вест-Пойнце, вялікая статуя стаіць у Чыкага, у Філадэльфіі створаны музей Тадэвуша Касцюшкі. Наш зямляк уваходзіць у шэраг герояў Амерыкі, і гэта вялікі рэсурс для нашай краіны. Тое ж можна казаць пра Польшчу, Літву, у якіх таксама вельмі шануецца памяць пра яго. Але яшчэ больш важна гаварыць пра нашу ўнутраную сітуацыю. Гісторыя жыцця Касцюшкі паказвае, што наша дзяржаўнасць грунтуецца не на пустым месцы. Яна не ўзнікла выпадкова. Кожны, хто недаацэньвае нашу незалежнасць, павінен ведаць гісторыю, што нашы продкі ўжо 220 гадоў таму за яе змагаліся. Гэта важна для патрыятычнага выхавання.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.