Вы тут

Прычынай раку малочнай залозы часта з'яўляюцца гарманальныя змяненні


Падчас уступлення ў клімакс у арганізме адбываецца «гарманальны крызіс» — актыўная перабудова, калі яечнікі губляюць сваю актыўнасць, зніжаецца выпрацоўка прагестэрону і эстрагенаў. Моцна рэагуюць на гэта малочная залоза і эндаметрый.


Вядома, што вядучая роля ў развіцці раку малочнай залозы належыць эстрагенам. Лішак палавых гармонаў стварае спрыяльныя ўмовы для захворвання. Найменш актыўна гармоны эстрагены паводзяць сябе падчас цяжарнасці і пасля родаў, пакуль доўжыцца грудное кармленне. Даказана, што роды і працяглае, звыш аднаго года, грудное кармленне зніжаюць рызыку развіцця раку малочнай залозы. Разам з тым аборты прыводзяць да гарманальнага «выбуху», што можа справакаваць развіццё пухлін. Што да ўжывання гарманальных кантрацэптываў, то лічыцца, што яны могуць зніжаць рызыку развіцця гэтага віду раку, але павялічваць рызыку развіцця раку палавых органаў і остэапарозу (але адзінага меркавання ў спецыялістаў тут пакуль няма). Схільнасць да развіцця раку малочнай залозы могуць абумовіць і неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя, такое запаленчае захворванне як мастыт. Істотна ўзрастае рызыка захварэць і ў жанчын, чые маці або сёстры перанеслі рак малочнай залозы. Дабраякасныя захворванні, напрыклад фіброзна-кістозная мастапатыя, самі па сабе да раку не прыводзяць, аднак ствараюць неспрыяльны фон. Вельмі важным будзе сачыць за вагой: атлусценне можа прыводзіць да развіцця раку малочнай залозы і палавой сістэмы.

— Пры невялікіх пухлінах ніякіх асаблівых сімптомаў не ўзнікае, — расказвае ўрач акушэр-гінеколаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Кацярына БАГРАЦОВА.  — Любы выяўлены вузельчык яшчэ не азначае злаякаснай пухліны. Не варта самім выстаўляць сабе дыягназ. Пры любых змяненнях у самой залозе, на скуры, пры павелічэнні лімфатычных вузлоў неабходна паказацца ўрачу — гінеколагу, хірургу, анколагу або ўрачу агульнай практыкі, які накіруе да адпаведнага спецыяліста. А каб з'явіцца да яго як мага раней, неабходна рэгулярна, хоць бы раз на месяц, праводзіць самаабследаванне.

Пры выяўленні ў малочнай залозе пухліны неабходна выканаць рэнтгеналагічнае абследаванне малочнай залозы — мамаграфію. Ва ўзросце пасля 50 гадоў пры наступленні клімаксу штогадовая мамаграфія паказана ўсім жанчынам. Для пацыентак да 45 гадоў альтэрнатывай з'яўляецца ўльтрагукавое абследаванне. Так можна ўстанавіць, якая пухліна — дабраякасная ці злаякасная. Праводзіцца з той жа мэтай і біяпсія пухліны — забор маленькага кавалачка тонкай іголкай для даследавання пад мікраскопам. Аднак канчатковы адказ можна атрымаць толькі пасля выдалення пухліннага вузла.

Пры падазрэнні на рак або пацверджаным дыягназе выконваюцца і іншыя даследаванні (для выяўлення метастазаў у іншых органах): ультрагукавое даследаванне падпахавых лімфатычных вузлоў, рэнтген грудной клеткі і ўльтрагук брушной поласці.

Галоўным у лячэнні з'яўляецца выдаленне пашкоджанага пухлінай органа. Любое іншае лячэнне дае часовы эфект. Аперацыі могуць быць розныя: выдаленне ўсёй малочнай залозы з тлушчавай клятчаткай і лімфавузламі падпахавай вобласці з таго ж боку; выдаленне ўчастка малочнай залозы з пухлінай і лімфавузламі падпахавай вобласці з таго ж боку з прамянёвай тэрапіяй на зоне аперацыі. Пры вялікіх памерах выдаляецца малочная залоза, грудныя мышцы, сасуды.

Пры адсутнасці метастазаў прызначаецца антыгарманальны прэпарат. Пры наяўнасці метастазаў у лімфавузлах абавязковае выкарыстанне прамянёвай і хіміятэрапіі. Пры выяўленні метастазаў у іншых органах абавязковае выкарыстанне хіміятэрапіі, якая павінна зменшыць памеры або поўнасцю іх вынішчыць.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Што там за вузельчык?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».