Вы тут

Мікалай Гулінскі з Гродна даказаў, што ў 60 пачынаецца новае жыццё


Як казаў герой з мультфільма «Трое з Прастаквашына», «фотаружжо — гэта і паляванне, і звяроў забіваць не трэба». Мікалай Гулінскі з Гродна — фотаснайпер. Інакш кажучы, ён — «назіральнік за птушкамі» ці «бёрдвотчар». Што ж, рэдкая птушка схаваецца ад такога чалавека. Сваім прыкладам Мікалай даказаў: у 60 пачынаецца новае жыццё, і яно вельмі цікавае.


З «органаў» — у творчасць

Ён, колеру лістоў і травы, маскіруецца на зямлі, а можа і на суседнім дрэве. Чакае гадзіну, дзве, тры, нават сем. Дождж, слота, мароз, спёка, вецер. На бераг Нёмана рэдкія крылатыя госці залятаюць і пад хмурным небам.

«Вось вусатыя сініцы, такія сімпацягі! Бачыце, якія гусарскія вусы ў галавы іх сямейства? (разглядаем кадры) Далей — шэрыя журавы, разумныя і асцярожныя. А гэта — малы арлец, з якога і пачалася мая гісторыя», — кажа назіральнік птушак.

Дарога Мікалая Гулінскага ў фотапаляванне ўнікальная. Фотаружжо мужчына ўзяў пасля шасцідзесяці, калі ўступіў у ціхае жыццё беларускага пенсіянера. «Ведаеце, раней думаў: пайду на пенсію, а чым жа займацца буду? Хоць я нарадзіўся і вырас у вёсцы ў Бераставіцкім раёне, але дачная справа мяне мала цікавіла, а захапляла прырода, жывёльны свет, асабліва птушкі», — дзеліцца наш герой.

Да гэтага ён не займаўся ні фота, ні творчасцю. Спачатку чыгуначны інстытут і размеркаванне ў Ліду інжынерам, затым школа КДБ і праца ў Магілёве. На пенсію Мікалай Гулінскі выйшаў палкоўнікам. А цяпер калегі па фотапаляванні прызнаюць яго самым тытулаваным бёрдвотчарам на Гродзеншчыне.

І вось ужо 17 гадоў Мікалай дабывае кадры-трафеі. Яны ўпрыгожваюць замежныя анімалістычныя кнігі, часопісы, а таксама вокладкі айчынных «Роднай прыроды», «Лесавіка», творы Алеся Бадака і Уладзіміра Ягоўдзіка. Мужчына расказвае пра свае прыгоды сціпла, дзякуе сыну Віктару за спонсарства і падтрымку, а жонцы Ядзвізе — за каханне і цярпенне.

Чайка з Аляскі і закаханы лось

«А вось гэта мой самы каштоўны кадр (любуюемся іншаземнай птушкай). Упершыню за ўвесь час назірання на тэрыторыі Беларусі ўбачылі ціхаакіянскую чайку. Lаrus sсhіstіsаgus, — па-лацінску называе птушку Мікалай Гулінскі. — Мясцовыя шэрыя вароны сустрэлі заморскую госцю варожа, хадзілі за чужаніцай кругамі. А яна ў паўтара раза за іх буйнейшая! Нагадаю, ціхаакіянская чайка родам з Камчаткі, Чукоткі і Аляскі. Яна праляцела 10 тысяч кіламетраў, каб завітаць у сэрца Гродна. Птушка стаяла каля старога моста цераз Нёман, калі фотаснайпер «выстраліў». Цяпер яна пазірае з іншамоўных часопісаў: англійскага «Bіrdіng wоrld» і нямецкага «Dutсh bіrdіng».

Пытаюся: «Кажуць, ласёў лепш здымаць ранняй восенню, бо ў верасні яны думаюць пра адно каханне. А таму і добра «пазіруюць» падчас фотасесіі. Гэтакія «закаханыя зоркі-мадэлі» (смяёмся)! А з птушкамі як?»

Фота Мікалая ГУЛІНСКАГА

«Тая ж самая песня, — адказвае Мікалай Гулінскі. — Галоўны прынцып: не спужай птушку, калі яна наседжвае носку. Праўда, з рознымі відамі па-рознаму. Напрыклад, вусатыя сініцы гняздуюцца ў трысняговых джунглях зімой і летам. Яны аб'екты зусім не капрызныя. І рэмез, сімпатычная птушачка, гняздо якой нагадвае цёплую рукавічку, таксама таварыскі. А вось драпежны вялікі арлец успрымае чалавека хваравіта, можа кінуць гняздо».

Гераізм качкі-маці і падарунак лёсу

«На возеры Юбілейным, што каля Гродна, з'явіўся чорнаваллёвы гагач. Гэта рэдкая для Беларусі птушка, яна жыве толькі на поўначы Віцебскай вобласці. Я стаў сведкам найцікавейшай сітуацыі, — інтрыгуе Мікалай Гулінскі. — У чэрвені ў дзікіх качак-крыжанак з'яўляецца патомства. На гэтым возеры плавала некалькі такіх сямействаў. А чорнаваллёвы гагач адчуў сябе гаспадаром, выказаў агрэсію. Маўляў, я тут валадар водаў, а вы — нейкія качкі. Прэч! Многія мамы ўспрымалі пагрозу і плылі назад. А адна з малымі — іх было восем — не звярнула ўвагі. Бачу: гагач нырнуў. Думаю: вынырне каля крыжанкі, гэта далекавата. А ён вынырнуў пасярод качанят — і яны, бы пушынкі, разляцеліся ўбакі. Маці-качка, канешне, адстаяла сваіх малых (паказвае ваяўнічыя фота)».

Звыклая геаграфія фотапрыгод Мікалая Гулінскага — Бераставіцкі, Гродзенскі раёны. Так, фотаснайпер часты госць у заказніку «Азёры», на абрывістых берагах Ласасянкі. Бывае ён і на Міншчыне.

«Мне было за 60, калі я ўзяў фотаапарат, — кажа Мікалай. — Здавалася, ну, што табе, дзеду, там рабіць? Трэба кола знаёмых, веды, цярпенне, вытрымка. Але галоўнае — я не стамлюся гэта паўтараць! — цікавасць. Няважна колькі вам гадоў, якая адукацыя і чым займаліся да гэтага, усё атрымаецца. Толькі майце цікавасць! А ў Беларусі больш як тры сотні відаў птушак — мадэляў хапае. І вы самі, і вашы бабулі, дзядулі — калі ласка!»

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Фотаснайпер — занятак цярплівых

Каментары

Рэдакцыя. Дзякуй, выправілі!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.