Вы тут

Хто і як дапамагае састарэлым людзям у Маладзечанскім раёне?


Адзінокія пажылыя людзі сутыкаюцца з многімі цяжкасцямі. Нават схадзіць у магазін па прадукты не дазваляе здароўе. І часта нават дробязнае бытавое пытанне становіцца для іх непераадольнай праблемай. Хто і як дапамагае састарэлым людзям у Маладзечанскім раёне, высвятляла «Мясцовае самакіраванне».


— Мы вядзём улік сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян. Гэта адзінокія пажылыя людзі, адзінока пражываючыя, адзінокія і адзінока пражываючыя інваліды 1-й і 2-й груп, пацярпелыя ад войнаў на тэрыторыі іншых краін. Кожны год праводзім абследаванне ўмоў іх жыцця, імкнёмся аказаць усемагчымую дапамогу, — расказвае дырэктар Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзмітрый ГАНЧАР.

Сёння ў раёне на ўліку — 2696 сем'яў, сярод іх шматдзетныя, сем'і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Акрамя таго, супрацоўнікі цэнтра абслугоўваюць тым ці іншым чынам 10 545 грамадзян. Гэта кожны шосты чалавек, што пражывае ў рэгіёне.

— Пры абследаванні матэрыяльнага становішча сваіх кліентаў спецыялісты раздаюць ім памяткі, буклеты. У прыватнасці, нагадваюць, што рабіць у выпадку ўзнікнення пажару, тлумачаць, што такое пажарныя апавяшчальнікі і для чаго яны патрэбны, куды звяртацца па дапамогу, калі няспраўная электраправодка, — працягвае Дзмітрый Аляксандравіч. — У вёсках, як правіла, пячное ацяпленне. Калі раней абследавалі стан домаўладанняў адны, то цяпер ходзім сумесна з зацікаўленымі службамі горада: пажарнымі, супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў, работнікамі сельвыканкама. Менавіта яны больш за іншых ведаюць пра кожнага чалавека, сям'ю, якія жывуць на падведамаснай тэрыторыі.

Для аказання матэрыяльнай дапамогі задзейнічаны розныя крыніцы. Напрыклад, фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. У выпадку цяжкай жыццёвай сітуацыі сюды можа звярнуцца сацыяльна неабаронены чалавек. І тут уважліва разгледзяць заяву, абмяркуюць памер аднаразовай выплаты.

— Наконт матэрыяльнай дапамогі зваротаў асабліва шмат. У некаторых адзінокіх старых невялікія пенсіі, за якія цяжка купіць дровы на ўсю зіму. Акрамя таго, сродкі старому чалавеку патрэбныя на лекі, харчаванне. Ды і дзецям імкнуцца нейкую капейку даць, — канстатуе суразмоўнік.

— На маю думку, дзеці самі павінны падтрымліваць старых бацькоў! — пярэчу яму.

— Так, мы глядзім, дзе яны пражываюць. Калі на нашай тэрыторыі, то, вядома, нагадваем, што працаздольныя сыны і дочкі павінны клапаціцца аб блізкіх людзях, — гэтага патрабуе і Кодэкс аб сям'і і шлюбе, — адзначае Дзмітрый Аляксандравіч. — Мы дасылаем ім пісьмы, каб прывялі ў належны стан пячное ацяпленне, праводку, падрамантавалі агароджу, дом. У гэтай рабоце прымае ўдзел і сельвыканкам. У некаторых выпадках падключаем грамадскія пункты аховы правапарадку. Калі на месца выязджаюць нашы спецыялісты, то абавязкова цікавяцца ў сельсавеце, дзе пражываюць дзеці, ці наведваюць бацькоў. Калі за мяжой — то бяром пажылых людзей на сацыяльнае абслугоўванне. Сацыяльны работнік і дроў прынясе, і вады, лекі ды прадукты, і ў хаце прыбярэ.

І, вядома ж, асаблівая ўвага ветэранам. Іх на сацыяльным абслугоўванні 20. Пры абследаванні ўмоў іх пражывання ў камісіі ўключаюць грамадскія, маладзёжныя арганізацыі, якія прысылаюць валанцёраў, каб навесці парадак на падворку, у хаце, спарадкаваць паліва на зіму. Калі ў ветэрана малая пенсія, а дзеці пражываюць за мяжой, то работнікі цэнтра хадайнічаюць перад райвыканкамам, каб павялічыць колькасць бясплатных наведванняў. Выкарыстоўваюць і такую форму абслугоўвання, як трохбаковы дагавор, які заключаецца з ветэранам, яго былым наймальнікам і цэнтрам. У гэтым выпадку арганізацыя, дзе раней працаваў ветэран, пералічвае грошы на яго абслугоўванне. «Апошнюю такую дамову падпісалі з прадстаўнікамі чыгункі, — кажа Дзмітрый Ганчар. — Стараемся нікога не прапусціць. Аказваем таксама дапамогу для набыцця дроў. Сацыяльныя работнікі па месцы жыхарства адрасатаў адсочваюць атрыманне імі паліва, тэлефануюць пастаўшчыкам, каб прывезлі яго як мага хутчэй».

Да канца года запланавана 30 адзінокім пажылым грамадзянам і інвалідам, а таксама 10 удзельнікам войнаў устанавіць пажарныя апавяшчальнікі. «У перспектыве ў гэтым плане будзем аказваць дапамогу не толькі ветэранам, але і іх сем'ям, і адзінокім грамадзянам», — дадаў кіраўнік цэнтра.

У межах праграмы здароўя і дэмаграфічнай сітуацыі прадугледжана ўстаноўка апавяшчальнікаў з вывадам іх на фасад будынка 34 шматдзетным сем'ям. Здараецца, што ў выпадку пажару ўсе моцна спяць або не могуць самастойна выбрацца на вуліцу, тады гук апавяшчальніка пачуюць суседзі і прыйдуць на дапамогу. Калі прапала электраэнергія, таксама не варта хвалявацца: дадаткова прадугледжаны акумулятарныя батарэі. Гэтую работу на Маладзечаншчыне прадоўжаць і ў наступным годзе.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».