Вы тут

Якое малако лепшае: хатняе ці заводскае?


Кавалак хлеба і кубак малака — для нашых бабуль і дзядуль гэта была няхітрая, але смачная страва. І сёння яшчэ захавалася ўяўленне пра дамашняе малако як пра незвычайны прадукт, з асаблівым смакам і ўласцівасцямі. Але і вытворцы на малочных камбінатах маюць што сказаць у абарону тавару. Мы распыталі абодва бакі не толькі пра густы, але і пра якасць.


Праверка пачынаецца яшчэ на варотах

На малаказавод прадукцыя трапляе з дзвюх крыніц — ад жывёлагадоўчых прадпрыемстваў і ад уласнікаў — гаспадароў, якія трымаюць карову, а лішкі малака здаюць дзяржаве. Надзея Улізько, начальнік лабараторыі Маладзечанскага малочнага камбіната, расказвае, што падыход да сыравіны ў спецыялістаў аднолькавы.

— Праверка прадукту пачынаецца яшчэ на этапе, калі малаказборшчык праязджае цераз кантрольны пост. Кантралёр харчовай прадукцыі аглядае цыстэрну і сочыць, каб пломба на ёй не была пашкоджана. Апламбаванне праводзяць альбо на ферме пасля загрузкі малака, альбо сам індывідуальны прадпрымальнік у канцы маршруту, калі гаворка ідзе пра збор сыравіны ад насельніцтва. З парушанай пломбай машыну проста не пусцяць на малаказавод.

Непасрэдна сам аналіз, як мы яго ўяўляем, пачынаецца, калі лабарант бярэ з кожнай секцыі цыстэрны (а ў малакавозе іх тры) аднолькавую колькасць «пробнікаў». Спецыялісты праводзяць фізіка-хімічны, арганалептычны аналіз, а таксама адсочваюць адсутнасць антыбіётыкаў. Прадукцыя праходзіць кантроль па паказчыках кіслотнасці, масавай долі тлушчу і бялку, шчыльнасці, тэмпературы... Работнікі малаказавода нават вызначаюць такія характэрныя для кожнай партыі параметры, як смак і пах. Дарэчы, па фізіка-хімічных паказчыках і на адсутнасць антыбіётыкаў змесціва цыстэрны ад прадпрыемства правяраюць двойчы, як на заводзе, так і на сельгаспрадпрыемстве — перад тым, як заліць у бочку. Калі аналізы здавальняючыя, то малако ідзе на наступную перапрацоўку.

Агітацыя супраць антыбіётыкаў

Старшыня Савета дэпутатаў Валожынскага раёна Сяргей Глінскі кажа, што сёлета гаспадары трымаюць на падвор'ях 783 каровы. Для параўнання, у мінулым годзе колькасць галоў была на 101 адзінку большая. Гаспадары ўсё радзей імкнуцца заводзіць буйную жывёлу, і «рагулі» паступова саступаюць месца козам. Моладзь з'язджае ў гарады, а людзям пажылога веку часта клопат пра карову не па сілах.

— Што датычыцца здачы малака насельніцтвам, то ў нашым раёне першынство трымае Вішнеўскі сельсавет, — зазначае Сяргей Глінскі. — З210 уласных гаспадарак, дзе трымаюць жывёлу, 176 падвор'яў здаюць лішкі дзяржаве. Кошт аднаго літра складае 44 капейкі, налічэнні павінны прыходзіць штотыдзень ад малаказавода па пошце. Збор ажыццяўляюць чатыры ўласнікі. Хлопцы закупілі абсталяванне, транспарт і падзялілі паміж сабой маршруты — такім чынам, машына з цыстэрнай летам прыязджае ў вёску кожны дзень. З надыходам восені графік становіцца не такі шчыльны — праз дзень, і гэта мера апраўданая, бо каровы зімой даюць менш малака.

Па словах старшыні, тым вяскоўцам, якія трымаюць карову, дадатковая агітацыя наконт недапушчальнасці антыбіётыкаў у сыравіне не патрэбна — звычайна людзі гадуюць «рагулю» не першы год. Ды і крыўду ад суседзяў непрыемна атрымаць — на завод жа прадукцыя з усіх падворкаў адпраўляецца ў агульнай бочцы, і калі хто-небудзь з гаспадароў злівае туды прадукт «з сюрпрызам», завод поўнасцю забракоўвае партыю. Так што падобныя выпадкі надзвычай рэдкія, ды і малаказборшчыкі падчас аб'езду нагадваюць пра належны догляд жывёлы.

Да парушальніка, які па нейкіх прычынах сапсаваў партыю, ні сельсавет, ні малаказавод адмысловых мер не прымае — проста кіроўца не прыпыняецца каля гэтага двара. Аднавіць давер у зборшчыка можна, калі прадукт вытрымае праверку лабарантаў.

«Гатуеш як для роднага»

Першую кароўку Але і яе мужу Івану падарыла маці. Цялушачка была такая прыгожая і рахманая, што сужэнцы пакінулі яе ў сябе. Гэта было 14 гадоў таму, а сёння гаспадары даглядаюць пяць рагуль, некалькі цялушак і бычка. Пара жыве з зямлі і малака і сваім прыкладам паказвае, што сямейнае шчасце бывае розным, галоўнае, каб погляды супадалі.

— Як пачалі весці вясковую гаспадарку? Ды ў нас раней была кватэра ў Валожыне, калі муж служыў у часці. А як грымнулі 90-я гады, існаваць стала цяжэй, ды і дачцэ трэба было паступаць. Праблем хапае, а грошай — адкуль іх возьмеш? І тут прыйшла здагадка: мы ж якраз дачу будуем у Брыльках! Ну вось, прадалі гарадскія метры і пасяліліся ў вясковым дамку, — успамінае Ала Жвірко. — Разам з дачкой вучыліся даіць карову. У маці маёй была гаспадарка, але я ў дзяцінстве не надта гэтым цікавілася, мне больш падабалася вязаць.

Напачатку ўсё было, як і ў іншых: з раніцы праца на прадпрыемстве, вечарам — догляд жывёлы, лішкі надояў здавалі дзяржаве. Але прыбытак ад гэтага быў не надта вялікі. Арыфметыка тут простая, у сярэднім цюк сена каштуе 50 рублёў, на карову трэба з дзясятак такіх цюкоў, а вось кошт літра малака не перавышае 50 капеек. Плаціць больш завод проста не можа, бо з падвор'яў дастаўляюць толькі сыравіну, якую яшчэ трэба перапрацаваць і акупіць. І калі каровак у гаспадарцы ўласніка дзве-тры, то атрымліваецца, што колькі іх ні кармі, а ўсё роўна атрымаеш страты.

Сям'я Жвірко вырашыла шукаць іншыя варыянты. Ала і Іван завялі невялікі статак, набылі зямлю, жывёлаводчую тэхніку — усё гэта за крэдыт. Гаспадыня ўспомніла рэцэпты бабуліных сыроў, некаторыя дапрацавала або вынайшла сама. Гатовы прадукт сужэнцы возяць на рынак у Маладзечна.

Для гараджан духмяны сыр, густая дамашняя смятана і свежы, толькі што адціснуты тварог — сапраўдны ласунак. Так з'явіліся пастаянныя пакупнікі. Ніякай канкурэнцыі гаспадары не адчуваюць, зазвычай іншыя вяскоўцы вывозяць на продаж толькі сырое малако.

З аднаго боку, такое становішча добрае, але яно не дазваляе, напрыклад, стварыць кааператыў, дзе б удзельнікі падтрымлівалі адзін аднаго.

— Мы зарэгістраваны як уладальнікі асабістай падсобнай гаспадаркі, гэта значыць, маем права рэалізоўваць вырабленую сваімі сіламі прадукцыю. Для гэтага трэба адпавядаць пэўным нормам, у нашым выпадку — пастаянна кантралюецца здароўе жывёл. Ды і мне як гаспадыні важна ведаць якасць малака, бо ад гэтага залежыць, што я прапаную пакупніку. Калі кожнага ты ведаеш у твар, то рабіць для іх як для бязлікага «спажыўца» не атрымліваецца. Чалавек становіцца табе як быццам крыху родным, а для роднага гатуеш як для сябе, укладаючы душу.

На рынку ў Маладзечне за якасцю і належным захоўваннем прадуктаў назірае санэпідэмстанцыя. Малочныя прадукты даволі капрызныя, патрабаванні да іх свежасці высокія. На продаж Іван і Ала выстаўляюць тое, што прыгатавалі раніцай, і прыкладна да поўдня тавар разбіраюць. Спецыяльных халадзільнікаў гандлёвы пункт не мае, і пад летні сезон Іван Жвірко сканструяваў адмысловы пераносны халадзільнік.

У апошнія месяцы Ала паспрабавала гатаваць некалькі новых відаў сыроў, а яшчэ сужэнцы пачаставалі малочнымі прысмакамі гаспадароў некалькіх мясцовых аграсядзіб. Людзі, якія прапануюць турыстам экалагічны і аўтэнтычны адпачынак, зацікаўлены, каб прапаноўваць гасцям незвычайныя, штучныя вырабы. І хатняя ежа можа стаць адной з асаблівасцяў, што скораць сэрца наведвальніка.

— Мы робім тое, што падабаецца. Магчыма, для некага гісторыя нашай сям'і стане натхняльнай, і ён таксама знойдзе справу па душы, — лічаць Ала і Іван Жвірко.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Загаловак у газеце: Арыфметыка падворка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».