Вы тут

Якія кадры шукалі на мінскім кірмашы вакансій?


«Колькі гадоў тут бываем, урачы ні разу не падыходзілі», — прызнаюцца прадстаўнікі паліклінік і бальніц, якія прыйшлі на мінскі кірмаш вакансій у пошуках кадраў. Установам нестае тэрапеўтаў, спецыялістаў ультрагукавой дыягностыкі, рэнтгеналабарантаў, а запісваюцца толькі комплексныя рабочыя, санітаркі і медрэгістратары. Якія яшчэ вакансіі прапаноўваюць у сталіцы, «Звязда» даведалася на Агульнагарадскім кірмашы вакансій.


У міліцыянеры — толькі да 28 гадоў

Непадалёк ад увахода змясціўся стэнд Беларускага культурнага цэнтра духоўнага адраджэння. Набіраюць музейных работнікаў. «Заробак невялікі — каля 300 рублёў. Мы ж дзяржаўная арганізацыя. Каб больш атрымліваць, можна ўладкавацца на паўтары стаўкі. Магчыма, калі запрацуем на поўную моц, заробкі перагледзяць», — расказваюць тут.

Нягледзячы на невялікія грошы, некалькі чалавек ужо запісалася ў ахвотнікі. Пенсіянеры, напрыклад, хочуць падпрацоўваць архіварыусамі, а адзін малады чалавек пасля факультэта філасофіі гатовы ўладкавацца навуковым супрацоўнікам.

У Партызанскім аддзеле дэпартамента аховы МУС адкрыты вакансіі міліцыянераў (батальёна міліцыі і групы затрымання) і міліцыянера-кіроўцы. Заробкі ад 650 рублёў: з улікам прэміі атрымліваецца рублёў 850. У кіроўцаў нават крыху вышэй. З патрабаванняў — служба ва ўзброеных сілах ці вышэйшая адукацыя.

— А чаму ўзрост не больш за 28 гадоў? — цікаўлюся.

— Каб была выслуга гадоў пры выхадзе на пенсію, — тлумачаць. — У асноўным бяром мужчын. Дзяўчат — толькі калі ёсць нейкія спартыўныя заслугі.

Побач прадпрыемства па дастаўцы харчовых прадуктаў набірае кіроўцаў. «У нас свае аўтамабілі. Заробак здзельна-прэміяльны, у сярэднім 700 рублёў», — апісвае ўмовы кадравік.

— Вой, гэта ж у чэргах у гастраномах стаяць трэба. Можна так увесь дзень прачакаць і нічога не зарабіць, — «адмятае» прапанову адзін з саіскальнікаў.

Рабочыя рукі неабходны на фабрыцы «Алеся», якая выпускае верхні трыкатаж. Для жанчын ёсць вакансіі швачак, вязальшчыц, для мужчын — памочнікаў майстра (трэба абслугоўваць абсталяванне). «Вязальшчыц да нас часта прысылаюць з Баранавіцкага каледжа лёгкай прамысловасці. А вось гатовых швачак знайсці складана. Але мы можам адправіць на навучанне, яно пяць месяцаў доўжыцца. Заробкі? Ад 450 рублёў, залежыць ад заслуг. У лёгкай прамысловасці заўсёды нямнога плацілі», — уздыхае прадстаўніца фабрыкі.

Шмат прапаноў на прадпрыемстве «Белрыба»: ад камерцыйнага агента (за 370 рублёў) да апрацоўшчыка рыбы і морапрадуктаў (за 700 рублёў). Ужо месяц тут шукаюць начальніка па надзвычайных сітуацыях і грамадзянскай абароне. У кандыдата на гэта месца павінна быць тэхнічная адукацыя, вопыт работы, веданне заканадаўства аб ахове працы.

— А прадуктовыя карзіны з рыбай супрацоўнікам выдаюць?

— Не, можна толькі браць у кошт заробку, — смяецца спецыяліст па кадрах. — Калі эканамічны стан прадпрыемства будзе стабільны, тады і прэміі будуць да свят, і іншыя выплаты. А пакуль сітуацыя не вельмі...

Грузчыкам інтэрнат не абяцаюць

У гатэль «Марыёт» можна ўладкавацца мыйшчыкам посуду, прыбіральшчыкам ці пакаёўкай. На апошняй вакансіі, напрыклад, абяцаюць 650 рублёў на рукі. Тлумачаць, што гасцініца пяцізоркавая, таму і заробак добры. Бясплатна кормяць. Графік — пяць праз два, начных змен няма.

— Стажыроўка цягнецца дзень-два, — удаецца ў дэталі прадстаўніца гатэля. — Як правіла, людзі самі просяць паспрабаваць, што гэта за прафесія, перш чым падпісаць дагавор.

— А мужчын у пакаёўкі прымаюць?

— Кіраўніцтва не супраць. Але хлопцы самі не прыходзяць. Хоць у тым жа Егіпце ўсе пакаёўкі — мужчыны.

Работай у гатэлі якраз зацікавілася пенсіянерка. «Я ўдава, не хачу адна сядзець дома», — папрасілася яна ўладкавацца.

Электрагазазваршчыкі, токары, фрэзероўшчыкі, кладаўшчыкі патрабуюцца на заводзе «Атлант». «Якімі вакансіямі часцей цікавяцца? Інжынер-праграміст, кіроўца пагрузчыка, — пералічваюць. — Заробкі на заводзе каля 700 рублёў. Плюс у нас добрыя ўмовы для супрацоўнікаў створаны. На тэрыторыі прадпрыемства ёсць свая сталовая, паліклініка, спартыўна-аздараўленчы комплекс».

На стале арганізацыі «МАПІД» — вялікі спіс вакансій. Тут могуць уладкаваць 10 электразваршчыкаў ручной зваркі, 13 мантажнікаў санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, 19 цесляроў-бетоншчыкаў. Плацяць 600–800 рублёў у месяц. Але калі раней ахвотных пайсці ў будаўнікі было вельмі шмат, то цяпер да стала амаль ніхто не падыходзіць. «Самі не ведаем чаму», — паціскаюць плячыма кадравікі.

— А вакансія бухгалтара ёсць? — вырашыла паспрабаваць шчасця адна з жанчын.

— Ёсць, але нам патрэбны бухгалтар з веданнем заканадаўства Расіі і Еўрасаюза, — адказваюць у «МАПІДзе» і тлумачаць: арганізацыя ўзводзіць жыллё не толькі ў нашай краіне.

30 машыністаў уборачных машын чакаюць у Мінскім метрапалітэне. А вось групу машыністаў цягнікоў будуць набіраць толькі ў студзені. Жанчыны могуць стаць дзяжурнымі па прыёме і адпраўленні цягнікоў — праўда, для гэтага патрэбна мець профільную адукацыю, хоць бы дыплом чыгуначнага каледжа. Сярод тых, хто выказаў жаданне працаваць у метро, — электрыкі, грузчыкі, інспектары.

— А што з жыллём? — пытаюся.

— У інтэрнат стаіць агульная чарга. Гэта толькі маладыя спецыялісты па размеркаванні адразу месцы атрымалі. Ну, вядома, калі да нас прыйдзе вельмі запатрабаваны работнік, пакоем забяспечым, а грузчыкаў — не.

На завод гатовы ўзяць «з нуля»

У рамонтна-будаўнічым трэсце Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта таксама ёсць вакансіі. Патрабуюцца бетоншчыкі, сталяры, маляры, абліцоўшчыкі-плітачнікі, мантажнікі сістэм вентыляцыі і пнеўматранспарту. Разрад — не менш за пяты. «У нас складаныя віды работ, для якіх неабходны спецыяльныя навыкі і кваліфікацыя, — расказвае прадстаўніца трэста. — І матэрыялы дарагія, таму з імі трэба абыходзіцца акуратна».

Рамонт давядзецца рабіць у такіх аб'ектах, як Канстытуцыйны суд, Дом урада, рэзідэнцыі Прэзідэнта. «На гутарку лепш у восем гадзін раніцы прыязджаць, бо потым усе начальнікі раз'язджаюцца па аб'ектах», — раяць тут.

Нядрэнныя заробкі абяцаюць на Мінскім мясакамбінаце: 1200 рублёў — абвальшчыку мяса, 800 — байцу жывёлы. Апошнім, дарэчы, можна ўладкавацца і без вопыту — навучаць. А вось у абвальшчыкі людзей з вуліцы не возьмуць, патрабуюць мінімум чацвёрты разрад. Усё ж такі работа небяспечная: трэба працаваць на канвееры, які рухаецца з вялікай хуткасцю.

— Абвальшчыкі ў асноўным мужчыны: гэта цяжкая праца, — тлумачыць спецыяліст па кадрах камбіната. — Жанчыны могуць займацца апрацоўкай мясных туш, разборкай субпрадуктаў — там больш лёгкія аперацыі.

Мінскі аўтамабільны завод прыцягнуў увагу абяцаннем поўнага сацпакета. «Пуцёўкі выдзяляем, выплачваем да водпуску матэрыяльную дапамогу, даём пакой у інтэрнаце», — апісваюць прадстаўнікі прадпрыемства перавагі работы на «МАЗе».

— Многа плаціце?

— Першы час гарантаваны заробак — 500 рублёў. А ў сярэднім нашы работнікі атрымліваюць ад 700 рублёў і вышэй. Мы навучаем па ўсіх патрэбных для завода прафесіях. Чалавек можа прыйсці з нуля і нармальна зарабляць. Галоўнае, каб было жаданне.

Хочацца верыць, што ад жадання сапраўды шмат што залежыць.

Даведка

Сёння ў Мінску налічваецца каля 13 тысяч вакансій, 60 працэнтаў з якіх — па рабочых прафесіях. На ўліку ў службе занятасці стаіць 3,1 тысячы чалавек. 71 працэнт беспрацоўных — мужчыны.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Пакаёўкам плацяць больш, чым швачкам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».