Вы тут

У «Зубраняці» пачалася змена для юных журналістаў «Прэс-перспектыва»


Учора ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» пачалася змена «Прэс-перспектыва», у рамках якой адбудзецца падвядзенне вынікаў ХІІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі «Свежы вецер». Змена, якая будзе праходзіць па 14 лістапада, арганізавана для 220 юных журналістаў — вучняў 7—11 класаў, што працуюць у сферы аматарскага відэа, радыё, прэсы і інтэрнэт-блогаў.


Да ўдзелу ў ёй запрошаны пераможцы адборачнага этапу ХІІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі «Свежы вецер», пераможцы рэспубліканскага фестывалю школьных друкаваных СМІ «Проба пяра», юныя карэспандэнты газет «Переходный возраст» і «Зорька». Партнёрамі мерапрыемства выступаюць Міністэрства інфармацыі, Інстытут журналістыкі БДУ, газеты «Переходный возраст», «Зорька», «Звязда», часопіс «Народная асвета», Дом прэсы, Белтэлерадыёкампанія, Грамадскае нацыянальнае тэлебачанне, Сталічнае тэлебачанне, каналы радыё «Культура» і «Радыус FM».

І такая цікавасць да змен дзіцячых і маладзёжных СМІ невыпадковая. Дзіцячыя і маладзёжныя СМІ рэалізуюць шэраг навучальных, выхаваўчых, развіваючых задач, фарміруюць культуру стасункаў, стымулююць актыўнае ўключэнне навучэнцаў у інфармацыйную і адукацыйную прасторы, садзейнічаюць іх самарэалізацыі, арыентуюць на сацыяльна значную дзейнасць. Штогадовыя змены юных журналістаў з'яўляюцца падтрымкай аб'яднанняў па інтарэсах: клубаў, прэс-цэнтраў, студый і інш. Удзел моладзі ў рабоце дзіцячых прэс-цэнтраў па сутнасці з'яўляецца першым крокам на шляху да выбару будучай прафесіі.

Ідэя змены заключаецца ў стварэнні гульнявой мадэлі, максімальна набліжанай да рэальных умоў жыццядзейнасці журналістаў: работа рэдакцый, спецзаданні, «дэдлайн», крытыка, расследаванні і многа іншага. Да рэалізацыі ўсяго гэтага ў розных формах — творчыя сустрэчы, майстар-класы, сумесныя праекты, адукацыйныя экскурсіі ў тэле- і радыёстудыі, рэдакцыі — прыцягваюцца прафесіяналы сваёй справы.

Значнымі падзеямі гэтай змены будуць адкрыццё ХІІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі «Свежы вецер» (28 кастрычніка), дэбат-турнір «Праблема ў фокусе» (1, 3 і 7 лістапада), адукацыйны форум «Вектар на будучыню школьных СМІ, ці Прэс-перспектыва» (10 лістапада), «Дзень друкаваных СМІ ў «Зубраняці» (11 лістапада), а таксама закрыццё змены (13 лістапада).

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ад «пробы пяра» — да прафесіі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.