Вы тут

Конкурс «100 ідэй для Беларусі» стартуе ва ўсіх рэгіёнах краіны


Сёлета ўдзельнікаў чакаюць новаўвядзенні.

Рэспубліканскі маладзёжны конкурс «100 ідэй для Беларусі», ідэйным натхняльнікам якога з 2011 года выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, стартуе ва ўсіх рэгіёнах краіны.


На думку выконваючай абавязкі другога сакратара ЦК ГА «БРСМ», каардынатара маладзёжнага конкурсу Эліны Брагі, «100 ідэй для Беларусі» з'яўляецца базавым стартапам для развіцця нацыянальнага руху маладых навукоўцаў, вынаходнікаў, рацыяналізатараў. «Гэта выдатная магчымасць заявіць пра сябе на ўсю краіну, атрымаць дапамогу ў развіцці і суправаджэнні аўтарскага праекта, удзельнічаць у выстаўках і майстар-класах, набыць вопыт стасункаў з інвестарамі, прадпрымальнікамі, прадстаўнікамі розных фондаў», — упэўненая Эліна Брага.

Да ўдзелу ў новым сезоне конкурсу запрашаюцца маладыя людзі (калектывы аўтараў) ва ўзросце ад 14 да 31 года (маладыя навукоўцы да 35 гадоў): першая група — навучэнцы, курсанты ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі; другая група — студэнты, курсанты, слухачы ўстаноў вышэйшай адукацыі; трэцяя група — маладыя навукоўцы да 35 гадоў, працуючая моладзь.

З улікам Года навукі ў Рэспубліцы Беларусь колькасць намінацый конкурсу ўзрасла з дзесяці да дваццаці. Аднак кожнай групе прапануецца ўдзельнічаць выключна ў сваіх намінацыях. Напрыклад, першай групе — у намінацыях «Прыродазнаўча-навуковы кірунак» і «Сацыяльна-гуманітарны кірунак»; другой групе — «Медыцына, фарм- і біятэхналогіі»; «Новыя матэрыялы і тэхналогіі»; «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, у тым ліку для людзей з інваліднасцю»; «Бяспека жыццядзейнасці і абараназдольнасць»; «Біяразнастайнасць, прыродакарыстанне і экалогія»; «Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць»; «Сацыяльная сфера»; трэцяй групе ўдзельнікаў — у намінацыях: «Энергетыка і энергаэфектыўнасць, атамная энергетыка»; «Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць»; «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць»; «Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка»; «Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія»; «Бія- і нанаіндустрыі»; «Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі»; «Рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў», «Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць, абарона ад надзвычайных сітуацый»; «Сацыяльная сфера», «Інклюзіўная прастора».

З гэтага года на агульных падставах у любой групе і намінацыі могуць прыняць удзел людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Новы сезон конкурсу «100 ідэй для Беларусі» пройдзе ў тры этапы: першы — прыём заявак на месцах; другі — адбор заявак на абласным (мінскім гарадскім) узроўнях, і трэці, фінальны — штогадовая маладзёжная выстаўка-прэзентацыя найлепшых інавацыйных і навукова-тэхнічных праектаў «100 ідэй для Беларусі» ў фармаце шоу-тэхналогій.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе можна накіроўваць у тэрытарыяльныя камітэты БРСМ, а таксама праз запаўненне анлайн-заяўкі на сайце конкурсу 100іdеаs.bу. Усе заяўленыя праекты плануецца змясціць у «банк ідэй» на афіцыйным інтэрнэт-рэсурсе 100іdеаs.bу, а таксама ў групах конкурсу «100 ідэй для Беларусі» ў сацыяльных сетках «УКантакце», Twіttеr, Іnstаgrаm.

Для правядзення конкурсу створаны абласныя (Мінскі гарадскі) і рэспубліканскі экспертныя Саветы. У склад апошняга ўваходзяць прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, навукі, профільных суб'ектаў гаспадарання, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў», прадстаўнікі бізнес-супольнасцяў, Савета маладых прадпрымальнікаў пры ЦК БРСМ, фізічныя асобы і інш. Эксперты ацэняць не толькі актуальнасць і навізну ідэі, але і практычную значнасць работы, а таксама рэальнасць рэалізацыі конкурснага інавацыйнага праекта.

Дарэчы, аўтары-пераможцы фінальнага этапу конкурсу атрымаюць пуцёўкі на ўдзел у міжнародным маладзёжным конкурсе дзяржаў — удзельніц СНД «100 ідэй для СНД 2018», правядзенне якога запланавана ў Мінску.

Акрамя таго, пераможцам першай групы будуць уручаны рэкамендацыі Цэнтральнага камітэта БРСМ для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі на спецыяльнасці, адпаведныя профілю іх конкурснага праекта.

Пераможцы другой групы атрымаюць запрашэнне прайсці школу «Малады навуковец пад ключ» пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Усе фіналісты конкурсу «100 ідэй для Беларусі» адначасова прымаюць удзел у Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. На падставе рашэння савета рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў дзесяць аўтараў праектаў-пераможцаў гарантавана атрымаюць грашовыя сродкі ў памеры да 40 тарыфных ставак для распрацоўкі бізнес-планаў інавацыйных праектаў.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: У конкурса — сёмы сезон

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.