Вы тут

Каля Мінска ўвекавечылі подзвіг лётнага экіпажа


Пра подзвіг і гераічную гібель у ліпені 1944 года экіпажа самалёта ў складзе Героя Савецкага Саюза гвардыі старшага лейтэнанта Барыса Акрэсціна і гвардыі старшыны Віктара Саладухіна «Звязда» пісала неаднойчы. Нарэшце на месцы падзення самалёта з'явіўся памятны знак.


Пошукі месца трагедыі пачаліся адразу пасля вызвалення тэрыторыі на ўсходзе Мінска, дзе па данясеннях лётчыкаў, якія вярнуліся з бою, і быў збіты Іл-2. Тады ў лясным масіве непадалёк ад пасёлка Сосны знаходзілася вялікая нямецкая групоўка з аўтамашынамі, баявой тэхнікай, у тым ліку танкамі. Немцы спрабавалі прарвацца з акружэння праз Мінск на захад. Паветраная разведка дакладна ўстанавіла, дзе размяшчаюцца варожыя войскі. У той дзень пяцёрка штурмавікоў на чале з Акрэсціным паляцела на баявое заданне: знішчыць войскі і баявую тэхніку ворага.

Задача была выканана. Праўда, цаной не аднаго жыцця. Пасля падзення самалёта з боезапасам ад яго мала што засталося. Тым не менш, паводле данясення першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі на імя маршала Васілеўскага, на полі бою былі знойдзены астанкі Акрэсціна і яго паветранага стралка. З вайсковымі ўшанаваннямі іх пахавалі каля Дома ўрада, а ў 1945 годзе перапахавалі на Вайсковых могілках, дзе пасля быў усталяваны помнік Акрэсціну. Прозвішча другога члена экіпажа «згубілася» на доўгія гады...

Ініцыятарам усталявання на месцы падзення гераічнага экіпажа памятнага знака стала мінская гімназія №30, якая носіць імя Барыса Акрэсціна. Яе навучэнцы правялі вялікую работу па зборы матэрыялаў і ўвекавечанні памяці загінулых. Сёння там захоўваюцца цікавыя экспанаты, якім могуць пазайздросціць многія музеі: дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы лётчыкаў, перапіска іх са сваякамі, абломкі збітых самалётаў, знойдзеныя пошукавымі атрадамі.

На просьбу дзяцей — увекавечыць памяць загінулых лётчыкаў — адгукнуліся неабыякавыя людзі. У прыватнасці, ваенны камісар Заводскага раёна Мінска палкоўнік Аляксандр Высоцкі, які, дарэчы, у мінулым таксама быў лётчыкам, вырашыў шматлікія пытанні па ўсталяванні мемарыяльнага каменя. Валун вагой больш чым 15 тон быў знойдзены ў Мінскім раёне каля вёскі з красамоўнай назвай Камянец. Яе жыхары, калі даведаліся, для чаго ён прызначаны, са слязьмі на вачах аддалі гэты камень.

Доўгачаканая падзея адбылася ў канцы верасня. Каля будынка 144-й сярэдняй школы ў пасёлку Сосны, непадалёк ад месца падзення штурмавіка, прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця мемарыяльнага знака. Сабраліся школьнікі і настаўнікі, прадстаўнікі органаў улады, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Аксана Няхайчык, пракурор Мінска Сяргей Хмарук, ветэраны Узброеных Сіл. З Курска прыехалі і сваякі паветранага стралка Віктара Саладухіна. Цяпер яго пляменнік Валерый з жонкай Ірынай ведаюць не толькі тое, дзе пахаваны іх дзядзька. Ім грэе душу, што ў Беларусі яго подзвіг не забыты.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ

г. Мінск

Загаловак у газеце: Памяць у Соснах

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.