Вы тут

Як зменшыць энергаспажыванне дамоў?


Скараціць энергаспажыванне дамоў можна праз вонкавае ўцяпленне канструкцый, рэканструкцыю сістэм ацяплення з магчымасцю арганізацыі сістэмы пакватэрнага рэгулявання і ўліку цеплаэнергіі, устаноўку святлодыёдных свяцільнікаў. Пытанне ў тым, хто гэта будзе фінансаваць, разважаюць беларускія камунальнікі. Яны аналізуюць узровень энергаспажывання фактычна кожнага дома, прапануюць жыхарам самім выбіраць работы па яго мадэрнізацыі, а ў 2019-м плануюць абсталяваць усё жыллё святлодыёднымі свяцільнікамі.


Дзяржаўнае суфінансаванне і жаданні жыхароў

Пры абмеркаванні ці вызначэнні пытанняў павышэння тарыфаў для насельніцтва неабходна перш за ўсё думаць пра стан жыллёвага фонду па энергаспажыванні. Каля 70% шматкватэрнага жылля ў краіне збудавана да 1996 года, калі энергаэфектыўнасці не ўдзялялася ўвагі. Прыкладна 12% жылля мае ўнутрыпанэльнае ацяпленне — радыятары там проста ўманціраваны ў сцены. Такія будынкі — самыя неэнергаэфектыўныя ў краіне і патрабуюць увагі. 5-павярховыя хрушчоўкі і панэльныя 9-павярховікі таксама маюць значнае энергаспажыванне, заўважыў Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Беларусі:

— Пытанне энергазберажэння як ніколі актуальнае, паколькі кошт цеплаэнергіі адносна высокі. Яшчэ ў 2015-м сумесна з праектам ПРААН быў праведзены фундаментальны аналіз па вывучэнні цепласпажывання ўсяго шматкватэрнага жылфонду ў Беларусі. Сёння гэтыя матэрыялы кладуцца ў аснову прыняцця пэўных рашэнняў, — адзначыў прадстаўнік Мінжылкамгаса.

Распрацоўваюцца падыходы да арганізацыі цеплавой мадэрнізацыі, дзе будуць утрымлівацца два асноўныя моманты: суфінансаванне і ўдзел дзяржавы ў мерапрыемствах па энергазберажэнні і добраахвотнасць спажыўцоў пры ажыццяўленні прапануемых працэдур.

— Нягледзячы на тое, што амаль увесь жыллёвы фонд у Беларусі прыватны, дзяржава і бюджэт будуць задзейнічаны ў пытаннях суфінансавання мерапрыемстваў па рэканструкцыі і мадэрнізацыі. Ступень удзелу дзяржавы і насельніцтва будзе вызначацца на падставе эфекту, якога мяркуецца дасягнуць пры выкананні пэўных мерапрыемстваў. Калі эфект ад энергазберагальных мерапрыемстваў будзе большы, то і ўнёсак дзяржавы ў іх аплату павінен быць большы, можа і да 80%, — мяркуе Андрэй Рамашка. — Адзіных механізмаў фінансавання арганізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў у жыллі сёння няма. Асноўная задача органаў дзяржкіравання, якія займаюцца пытаннямі арганізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў, — фармуляванне адзінай схемы рэалізацыі і фінансавання гэтых мерапрыемстваў з улікам існуючых эканамічных і палітычных асаблівасцяў. У спажыўца пакуль няма стымулу ў рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў, бо эфект ад іх (з улікам кошту цеплаэнергіі) будзе адчувальны праз доўгі час, і гэта мерапрыемства на перспектыву.

Мерапрыемствы па змяншэнні энергаспажывання маюць выключна добраахвотны характар. Пасля аналізу цепласпажывання дамоў і складання пераліку будынкаў, якія ў першую чаргу будуць патрабаваць нейкіх дзеянняў, эксплуатуючыя арганізацыі паведамяць уласніка аб працэдурах, якія неабходна правесці ў доме, і раскажуць пра плануемы ад іх эфект. А рашэнне, у якім аб'ёме будуць выкананы прапанаваныя мерапрыемствы, залежыць толькі ад уласнікаў, — акцэнтаваў увагу Андрэй Рамашка.

Індывідуальнае цяпло

Найменш затратная працэдура па энергазберажэнні — арганізацыя пакватэрнага ўліку і рэгулявання цяпла, якая пры гэтым дае каля 10—15% эканоміі. І на гэтае мерапрыемства перш за ўсё трэба звярнуць увагу. Праўда, гэта магчыма толькі ў будынках, дзе ацяпленне не «замураванае» ў сцены.

На кожны ацяпляльны прыбор устанаўліваецца рэгулятар і экземпер — абсталяванне, якое можа дазволіць вызначыць долю кожнага прыбора ці ўласніка ў агульным аб'ёме ўжытай домам цеплавой энергіі, лічыць начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі.

Прыборамі пакватэрнага ўліку ў сталіцы ў межах пілотнага праекта былі абсталяваны два дамы па вуліцы Адоеўскага. Жыхары аднаго з іх разлічваюцца па паказчыках індывідуальных лічыльнікаў цяпла, жыхары другога адмовіліся рабіць гэта. У выніку за тры гады розніца ў энергаспажыванні (адпаведна і ў аплаце за ацяпленне) склала паміж двума дамамі 12,5%, і жыхары вырашылі-такі разлічвацца з улікам пакватэрных прылад, расказаў пра эксперымент Ігар ГАНЧАРЫК, галоўны інжынер ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка».

— Максімальны эфект ад устаноўкі такіх прыбораў назіраецца не раней, чым праз тры гады, пакуль людзі навучацца правільна эксплуатаваць сістэму, — гаворыць спецыяліст. — Напрыклад, прыкрываць тэрмарэгулятар, калі адчыняюць акно для праветрывання. Падчас планавання капрамонту з жыхарамі праводзяцца сходы, дзе ім прапануюць устанаўліваць індывідуальныя прыборы ўліку цеплаэнергіі, аднак далёка не ўсе гатовыя рашыцца на гэтыя затраты. Людзям пакуль не настолькі важная эканомія, якой яны такім чынам могуць дасягнуць, паколькі тарыф за цеплаэнергію ў краіне нязначны.

Каля 10% жылфонду Беларусі аснашчаны прыборамі індывідуальнага рэгулявання і ўліку цеплаэнергіі — карыстаюцца ўласнікі менш чым паловай з іх. У сталіцы такія прылады маюць 848 дамоў, аднак разлічваецца па іх толькі 507.

— Гэта выклікана тым, што ўстаноўленыя прыборы ўліку павінны праходзіць паверку. Першую — праз чатыры гады, пасля — кожныя два. І кошт гэтай паверкі не супастаўны з лічбамі эканоміі, што дасягаецца дзякуючы прыбору ўліку, — пракаменціраваў становішча галоўны інжынер. — Каштуе такая паверка 35 рублёў у год з кватэры, да таго ж, за тое, што пасля паверкі лічыльнік вам паставяць на месца, давядзецца заплаціць яшчэ 28 рублёў.
А адзін прыбор з магчымасцю дыстанцыйнай перадачы даных (каб спецыялісты не прыходзілі правяраць лічбы), у якога няма тэрміну эксплуатацыі, абыдзецца ў 20 еўра.

Андрэй Рамашка лічыць, што многія прыборы ўліку застаюцца незапатрабаваныя, бо методыка пакватэрнага разліку дапускае добраахвотны выбар спажыўца: разлічвацца па групавым прыборы ўліку суразмерна з плошчай жылля або рэгуляваць паступленне цяпла ў кватэру і аплачваць фактычна ўжытую кватэрай энергію.

— Спажыўцы не ўлічваюць, што, пачынаючы рэгуляваць цяпло ў сваім памяшканні, яны скарачаюць энергаспажыванне ўсяго дома. Таму прымаецца рашэнне аб абавязковым выкарыстанні гэтых прыбораў у дамах, дзе яны ёсць. Рэалізаваць пакватэрную сістэму рэгулявання цяпла ў неэнергаэфектыўным доме можна і не чакаючы капрамонту, было б жаданне жыхароў.

Энергазберагальны святлодыёд

Некаторыя мерапрыемствы па энергазберажэнні накшталт уцяплення, прыбораў уліку цеплавой энергіі і замены святлодыёдных свяцільнікаў у пад'ездах спажыўцы бачаць, а некаторыя — не. Гэта, напрыклад, устаноўка сістэм аўтаматычнага рэгулявання ў цеплавузлах, замена звычайных бойлераў пласціністымі энергазберагальнымі, пра што жыхары могуць і не ведаць, заўважыў Ігар Ганчарык.

— Устаноўка святлодыёдных свяцільнікаў дае значную эканомію электраэнергіі ў месцах агульнага карыстання — дом пачынае спажываць амаль на 40% менш, чым будынак са звычайнымі лямпачкамі. Усе гэтыя мерапрыемствы даюць станоўчы эканамічны эфект. З 2010 года цепласпажыванне ў Мінску застаецца на ранейшым узроўні, нягледзячы на штогадовае павелічэнне плошчы жылля.

Толькі сёлета ў Мінску ўстаноўлена 57 000 такіх свяцільнікаў, і ў наступным годзе святлодыёднымі прыборамі плануецца аснасціць усе месцы агульнага карыстання. Люмінесцэнтныя лямпы, якія цяпер функцыянуюць у некаторых дамах, таксама будуць замяняцца па меры выхаду іх са строю святлодыёдамі.

Кампетэнтна

Аляксандр ГОРВАЛЬ, начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва:

— Нашы льготныя тарыфы на камунальныя плацяжы тармозяць працэс укаранення ў дамах энергаэфектыўных тэхналогій. Іх прымяненне павышае кошт кожнага квадратнага метра пры будаўніцтве прыкладна на 100 рублёў. А ў параўнанні з адносна невысокімі камунальнымі плацяжамі ў насельніцтва на побытавым узроўні такое павышэнне пры будаўніцтве не выклікае энтузіязму. У асноўным яны глядзяць толькі на кошт, а не на наступны жыццёвы цыкл будынка.

Дзмітрый КУЛАК, намеснік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліва-энергетычных рэсурсаў.

Каб дасягнуць энергазберажэння, не абавязкова рэалізоўваць толькі складаныя тэхнічныя мерапрыемствы са значнымі фінансавымі затратамі і доўгатэрміновымі работамі. Простыя мерапрыемствы могуць рабіць і самі жыхары. З пачаткам ацяпляльнага сезона Мінск стаў спажываць удзень каля 16 000 Гкал цеплаэнергіі. З пачаткам маразоў гэтыя лічбы
могуць вырасці ў 3—4 разы. Трэба, каб і эксплуатуючыя арганізацыі, і жыхары сачылі, ці шчыльна зачынены вокны і дзверы ў пад'ездзе, своечасова выключана святло ў доме і перад ім.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Мерапрыемствы на перспектыву

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?