Вы тут

Усё, што вы не ведалі пра інсульт


Кожную шостую секунду ў свеце хто-небудзь гіне ад інсульту. У нашай краіне ў зоне рызыкі знаходзяцца каля 2 мільёнаў чалавек.

Наогул, гэта не абавязкова людзі пажылыя, але і маладыя, у якіх інсульт можа быць абумоўлены нейкімі генетычнымі асаблівасцямі або, скажам, спартыўнай траўмай. Але ў большасці выпадкаў размова ідзе пра лад жыцця і звычку клапаціцца пра сваё здароўе. Сацыяльны праект «У адным вымярэнні» звяртае ўвагу кожнага беларуса на праблему інсультаў і інфарктаў. Ініцыятыва належыць швейцарскаму брэнду Mіcrolіfe, які вырабляе танометры для маніторынгу ціску і выяўлення мігальнай арытміі.


Звыш 32 тысяч беларусаў перанеслі летась інсульты. Не сакрэт, што захворванне нясе прамую пагрозу жыццю, і да нядаўняга часу 25 і болей пацыентаў з кожнай сотні гінулі ў выніку сасудзістай катастрофы. Большасць тых, што выжываюць, атрымліваюць інваліднасць і маюць патрэбу ў спецыяльным доглядзе. З павелічэннем працягласці жыцця захваральнасць будзе няўхільна расці, аднак намаганнямі сучаснай медыцыны за апошнія 10 гадоў смяротнасць ад інсульту ўжо ўдалося наблізіць да еўрапейскіх паказчыкаў. Сёння ў стацыянарах гіне каля 13 з сотні хворых з парушэннем мазгавога кровазвароту. Варта дадаць, што ўсіх такіх пацыентаў абавязкова дастаўляюць для атрымання неабходнай меддапамогі ў клінікі, дзе ёсць адпаведныя магчымасці для абследавання і лячэння.

Галоўны спецыяліст упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Святлана ХАДАСЕВІЧ падкрэслівае, што ў нас створана цэлая сістэма аказання неўралагічнай дапамогі — звыш 5,5 тысячы неўралагічных ложкаў у стацыянарах, працуе 1200 урачоў-неўролагаў. Акрамя таго, навыкамі неўролага валодае кожны ўрач агульнай практыкі. На выяўленне фактараў рызыкі, кантроль артэрыяльнага ціску скіравана дыспансерызацыя. Хуткая медыцынская дапамога мае дастатковае аснашчэнне. Прадугледжаны магчымасці дастаўкі пацыентаў у тыя арганізацыі аховы здароўя, дзе ёсць магчымасці для правядзення магнітна-рэзананснай і камп'ютарнай тамаграфіі галаўнога мозга. Для лячэння прымяняюцца тромбалітычная тэрапія, хірургічнае лячэнне і іншыя метады. Прапануецца і рэабілітацыя.

На працягу шасці месяцаў праект «У адным вымярэнні» пройдзе ва ўсіх рэгіёнах краіны, а першай актыўнасцю стануць відэагісторыі вядомых беларусаў, якія сутыкаліся ў сваім жыцці з інсультам або інфарктам. Многія прызнанні прагучаць для шырокай аўдыторыі ўпершыню. На цэнтральных каналах можна будзе ўбачыць відэаролікі з удзелам заснавальніка партала TUT.BY Юрыя Зісера, гімнасткі Меліціны Станюты, спявачкі Настассі Ціхановіч, спевака і тэлевядучага Георгія Калдуна, музычнага прадзюсара Макса Алейнікава, шоумена і тэлевядучага Андрэя Бонда і бізнесмена, стваральніка партала аб інсультах і інфарктах cardіo.today Дзмітрыя Балашова.

— У рэгіёнах запланаваны сустрэчы з медыкамі і тэсціраванне танометраў новага пакалення, — тлумачыць прадстаўнік брэнда «Мікралайф» Ганна АКУЛІЧ. — Апараты абсталяваны ўнікальнай тэхналогіяй AFІB, якая дазваляе з імавернасцю 98 працэнтаў выявіць адну з прычын інсульту — мігальную арытмію. Мы раскажам малым і дарослым у рэгіёнах, як правільна мераць ціск, як папярэдзіць і распазнаць інсульт.

Афіцыйным партнёрам праекта стане партал «Здаровыя людзі». Тут можна будзе атрымліваць адказы на хвалюючыя пытанні па тэме. Можна адшукаць ролікі і інфармацыю аб тым, што рабіць да прыезду хуткай, да чаго быць гатовымі, калі нехта з блізкіх аказаўся ў рэанімацыі, як адбываецца рэабілітацыя. «Мала хто з нашых людзей разумее, што рабіць з інсультным пацыентам дома, — кажа кіраўнік нацыянальнага партала аб ахове здароўя «Здаровыя людзі» Вольга СВЯТЛІЦКАЯ. — Хворы чалавек не будзе бясконца знаходзіцца ў стацыянары, ён вернецца дадому і астатак жыцця правядзе ў сваёй сям'і, якая павінна быць гатовай да гэтага, ведаць, што ад яе патрабуецца. Аб усім гэтым мы і будзем гаварыць у рэгіёнах, куды накіруемся разам з «Мікралайфам».


Які ў вас ціск?

За выключэннем рэдкіх выпадкаў інсульты абумоўлены некалькімі агульнымі прычынамі.

  • Артэрыяльная гіпертэнзія. Ціск трэба мераць калі не штодня, то ў пэўнай ступені рэгулярна. Калі некалькі разоў вы атрымалі значэнні звыш 140/90 мм рт. сл. (замежныя даследчыкі, дарэчы, сцвярджаюць, што пачынаючы ўжо са 115/75 выяўляецца сувязь з рызыкай неспрыяльнага развіцця падзей), то варта весці размову пра паталогію, якую нельга пакідаць без кантролю. Пры павышаных лічбах, устаноўленым дыягназе не абысціся без медыкаментознай тэрапіі.
  • Гіперхалестэрынемія. Павышаны ўзровень халестэрыну прыводзіць да ўтварэння атэрасклератычных бляшак, якія ў сваю чаргу могуць прыводзіць да звужэння артэрый галаўнога мозга.
  • Курэнне, алкаголь. Вечныя ворагі здароўя.
  • Гіпадынамія. Вядома, што дэфіцыт руху вельмі шкодзіць сардэчна-сасудзістай сістэме.
  • Узровень глюкозы. Яе павышэнне прыводзіць да паталагічных змен у сасудах. Дарэчы, узровень глюкозы і халестэрыну можа адрознівацца ў залежнасці ад таго, дзе і як вам праводзілі аналіз. Таму на ўсіх бланках аналізаў, якія вы атрымліваеце, напісаны нарматыўныя значэнні канкрэтна для дадзенай лабараторыі. Той жа ўзровень глюкозы для капілярнай або вянознай крыві будзе пазначацца ў розных лічбах. Раней для ўзроўню глюкозы верхняй нормай лічылі 5,5 ммоль/л, цяпер гэта норма набліжаецца да 6.
  • Мігальная арытмія. Гэта парушэнне рытму сэрца, калі яно скарачаецца часцей, чым трэба — звыш 60—80 удараў за хвіліну — і хаатычна. Пры такой паталогіі не адбываецца адэкватнага забеспячэння крывёй перыферычных органаў і тканак. Акрамя таго, павышаецца рызыка тромбаўтварэння ў сэрцы: тромбы могуць з токам крыві трапіць у той жа галаўны мозг, што і абумовіць інсульт.

Гэтыя фактары рызыкі звычайна заяўляюць аб сабе ў больш пажылым узросце, аднак спецыялісты рэкамендуюць і маладым цікавіцца пералічанымі паказчыкамі. Калі вы самастойна здавалі аналізы, мералі ціск і выявілі штосьці далёкае ад нормы, неабходна ісці да ўчастковага ўрача або ўрача агульнай практыкі.


Як распазнаць?

Галаўны мозг умоўна можна параўнаць са складанай камп'ютарнай сістэмай: які блок паламаўся, такую сімптаматыку можна і атрымаць. Інсульт можа праходзіць абсалютна па-рознаму: у аднаго будуць адны праявы, у другога іншыя. Тым не менш лічыцца, што ёсць найбольш распаўсюджаныя сімптомы, якія нельга пакідаць без увагі, — трэба тэрмінова выклікаць «хуткую»: гэта моцная слабасць, парушэнне маўлення, руху, каардынацыі.

Трывожнымі сігналамі лічацца наступныя:

  • вы папрасілі хворага ўсміхнуцца, але ўсмешка атрымалася «крывая», адзін бок вуснаў застаўся апушчаным уніз;
  • вы папрасілі хворага падняць рукі ў становішчы седзячы на 90 градусаў або лежачы на 45 і затрымацца так на 5 секундаў, але яму гэта не ўдалося;
  • вы папрасілі што-небудзь сказаць, але хворы перастаўляе словы, маўленне атрымліваецца нязвязанае.

Любая з гэтых прыкмет азначае неабходнасць выклікаць «хуткую». Сучасным метадам меддапамогі ў такіх выпадках лічыцца выкананне тромбалізісу. Звычайна тромб пад уздзеяннем прэпарату павінен рассмактацца, але здараецца такое не заўсёды. Ёсць, на жаль, пакуль выпадкі, калі медыцына бяссільная.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».