Мы толькі што вярнуліся з утульнай берлінскай галерэі aff, дзе 20 кастрычніка адкрылася выстаўка дванаццаці актуальных беларускіх фатографаў «Hold on/Let Go». Таццяна Лісоўская, Каця Смурага, Аляксандра Салдатава, Вольга Бубіч, Настасся Храловіч, наша калега Надзея Бужан і іншыя прадставілі ў Берліне свае дакументальныя, канцэптуальныя, асабістыя праекты. Чорна-белыя здымкі жыхаркі вёскі Зембін на белых сценах галерэі, кароткі фільм пра невідушчую жанчыну Наталлю Кавалевіч, праекцыя аўтарскіх серый беларускіх фатографаў-жанчын — асаблівая для нас экспазіцыя адкрылася для наведвальнікаў адным восеньскім вечарам у Берліне.
Галерэя aff утрымліваецца некалькімі фатографамі, сярод якіх, як яна сама сябе называе, канэктар выстаўкі «Hold on/Let Go» Франка Вольт. Ужо некалькі гадоў яна кантактуе з калегамі з Усходняй Еўропы: яшчэ ў 2012 годзе ў галерэі aff яна арганізавала выстаўку трох фотамастакоў з Грузіі, Украіны і прадстаўленай Аляксандрам Веледзімовічам Беларусі. Франка Вольт кажа, што хацела паказаць гледачу «рознае візуальнае і тэматычнае натхненне», таму што ў маладой нямецкай фатаграфіі дамінуюць некалькі вядомых фоташкол, і ў тым ліку Becher school.
Пасля арганізаванай экспазіцыі Франка асабіста наведала Беларусь, дзе пазнаёмілася з беларускай фатаграфіяй і беларускімі фатографамі бліжэй. «Мне падалося, што на сцэне беларускай маладой фатаграфіі жанчыны вельмі актыўныя і ўплывовыя. Я сама жанчына і ведаю, што з тым, каб цябе ўспрымалі і табе плацілі на адным узроўні з мужчынамі, узнікаюць цяжкасці. У мяне з'явілася ідэя ўдзяліць жанчынам-фатографам з Беларусі асобную ўвагу, таму што, як я заўважыла, іх праекты вельмі напружаныя і глыбокія: пра асабістыя гісторыі, сацыяльныя ўмовы і структуры, вельмі разумнае і высокага ўзроўню мастацтва з усіх бакоў».
Выстаўка «Hold on/Let Go» паказвае розныя стылі фатаграфіі і розныя спосабы рэалізацыі сваіх ідэй беларускімі фотамастачкамі. Напрыклад, пасля наведвання Франкай выстаўкі Belarus Press Photo ў 2015 годзе будучай экспазіцыі быў забяспечаны журналісцкі погляд праз работы Надзеі Бужан, Настассі Храловіч і Вольгі Бубіч. Нельга было абысціся без канцэптуальных работ, якія ў галерэі aff зараз прадстаўлены Марыяй Святагор, Лесяй Пчолкай, Святланай Ярковіч і Жаннай Гладко. «Яны выкарыстоўваюць прастору фатаграфіі вельмі сучасна і адкрыта, не як сродак дакументацыі. Для перадачы сваіх ідэй у памяшканні для аўдыторыі яны камбінуюць, напрыклад, калаж, відэафільм і спецыяльный тып тактыльнай інсталяцыі». Сюды ж уключаны партрэтныя фотаработы Юліі Назаравай і Таццяны Шчарбіны.
«Я хацела прадставіць у галерэі не так добра вядомых аўтараў і падтрымаць маіх фаварытаў. Вядома, я кіравалася тэмамі: хацела паказаць шмат розных гісторый, але ў выніку атрымалася, што амаль усе прадэманстраваныя ў галерэі aff праекты датычацца сацыяльных і культурных умоў маладога пакалення ў Беларусі, становішча жанчын і тэмы сям'і. Гэта здарылася само сабой, без майго кіравання, — кажа Франка Вольт. — Нямецкія фатографы называюць сябе проста фатографамі. Гэта незвычайна — сказаць, што ты «візуальны мастак», і бачыць медыяасяроддзе шырэйшым, у цеснай сувязі з відэа і мастацтвам калажа. Гэта будзе добрым натхняльным унёскам для маёй берлінскай аўдыторыі. Трэба сказаць яшчэ, што ў беларускай фатаграфіі вельмі эмацыянальны і эстэцкі падыход, які моцна адрозніваецца ад сучаснай нямецкай фатаграфіі. Я не хачу сказаць, што яна не кажа пра рэальнасць, але сацыяльныя пытанні яна перадае паэтычна, дае гледачу магчымасць аб'яднаць факты з эмоцыямі. Беларускія фатографы маюць што расказаць пра сваю краіну і пра грамадства, у якім яны жывуць. І гэта вельмі цікава для берлінскай аўдыторыі, таму што гэта іншая сацыяльная і палітычная сітуацыя, пра якую мы павінны ведаць больш».
Выстаўка ва ўтульнай галерэі на ўтульнай берлінскай вулачцы з ліхтарамі і пажаўцелым лісцем, дзе кожны мінак можа адрэагаваць і нават з бутэлькай піва ў кішэні зайсці паглядзець, што на гэтых сценах вісіць (я сапраўды такіх бачыла), магчыма, не будзе нечым надзвычайным для насычанага падзеямі Берліна, затое шматпланава пакажа фатаграфію беларускіх жанчын. Спадзяёмся, экспазіцыя, што працягнецца ў галерэі aff да 12 лістапада (калі хто будзе ў Берліне, можа завітаць), будзе мець працяг.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.