Вы тут

Валянцін Елізар'еў аднаўляе балет «Спартак»


Пасля доўгага перапынку ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі зноў ідуць рэпетыцыі пад кіраўніцтвам Елізар'ева. Ён працуе над адной, але вельмі знакавай пастаноўкай — балетам «Спартак», прэм'ера якога ў беларускім тэатры адбылася ў 1980 годзе і мела рэзананс далёка за межамі рэспублікі. «Спартак» вяртаецца на сцэну дзякуючы 70-гадоваму юбілею балетмайстра: паказ спектакля 31 кастрычніка стане першай часткай сустрэч з майстрам у тэатры, дзе ён служыў, прыехаўшы ў Беларусь з Ленінграда па размеркаванні ў 1973 годзе. З таго часу пачалася новая гісторыя беларускага балета, калі ён на некалькі дзесяцігоддзяў стаў мастацкім брэндам ужо незалежнай краіны. Гэта здолеў зрабіць Елізар'еў, які быў галоўным балетмайстрам, пазней дырэктарам — мастацкім кіраўніком Тэатра балета, у якім працаваў да 2009 года. Цяпер з'яўляецца прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.


35 гадоў жыцця ў Вялікім тэатры Беларусі, за якімі — і яго персанальныя перамогі на прэстыжных конкурсах ды за савецкім часам славутыя зоркі балета звярталіся да балетмайстра з Мінска ў пошуках арыгінальнай сучаснай харэаграфіі. Напрыклад, Мая Плісецкая (для яе ствараўся фільм-балет) ды Андрыс Ліепа з Нінай Ананіяшвілі (пастаноўка Елізар'ева прынесла перамогу савецкаму балету на конкурсе ў Амерыцы). Ён меў сваё бачанне ва ўсім: калі паставіў «Тыль Уленшпігель», аказалася, што твор беларускага кампазітара Яўгена Глебава можа быць запатрабаваны не толькі тут, і з'явілася пастаноўка ў Ленінградскім тэатры оперы і балета імя Кірава. Нават у класічным «Шчаўкунку» Чайкоўскага ён мог сабе дазволіць адысці ад харэаграфіі Марыуса Пеціпа і прапанаваць сваю версію. Балет «Страсці» (пра драматычны лёс Рагнеды) беларускага кампазітара Андрэя Мдзівані прынёс пастаноўшчыку прэстыжную ўзнагароду «Бенуа дэ ля Данс» у Парыжы. Яго запрашалі ствараць спектаклі па ўсім свеце, але дом — так павярнулася жыццё — быў у Беларусі.

Пра гэта распавядае дакументальны фільм «Валянцін Елізар'еў. Балет — мастацтва думкі» (аўтары А. Лукашэвіч і А. Аляксееў), дзе сваім адчуваннем працы харэографа дзеляцца розныя асобы. Напрыклад, народная артыстка Беларусі Людміла Бржазоўская адзначае: «Калі балерына альбо танцоўшчык станцавалі ў яго спектаклі, то яны могуць усё...» Фільм ствараўся да 70-годдзя майстра (прэм'ера адбудзецца 29 кастрычніка на тэлеканале «Беларусь 1») і стаў нагодай для сустрэчы з народным артыстам Беларусі і СССР Валянцінам Елізар'евым, ён растлумачыў, якіх прынцыпаў трымаецца:

У прафесіі

— Гэтая прафесія — частка маёй душы. Частка мяне. Калі я сам з'яўляюся крыніцай энергіі, то таму, што мяне такім нарадзілі бацькі (родны горад героя Баку. — Аўт.), я атрымаў добрую адукацыю ў выдатных педагогаў у горадзе Ленінградзе. Мне пашчасціла трапіць у Беларусь: тут былі створаны ўсе ўмовы для маёй работы. Мяне ніхто не прымушаў рабіць тое, чаго я не хацеў. І нават калі былі выпадкі творчага неразумення, яны самі сабой вырашаліся. Мне, напрыклад, не вельмі раілі ставіць спектакль пра Бога, д'ябла, Адама, Еву (маецца на ўвазе балет А. Пятрова «Стварэнне сусвету». — Аўт.). Але поспех пастаноўкі зняў усе пытанні... Я вельмі ўдзячны Беларусі за магчымасць творчасці. Я сам ужо стаў беларусам — тры чвэрці жыцця тут пражыў. Не ўяўляю сябе ў іншай краіне. Ва ўсіх сусветных энцыклапедыях я пазначаны як беларускі балетмайстар (да распаду СССР лічыўся савецкім).

У сям'і

— У мяне вельмі добрая жонка, мы працавалі разам у тэатры. У роднасных жанрах, музычных, — балеце і оперы, — але яны абсалютна розныя: у адным выпадку выразным сродкам з'яўляецца голас, а ў другім — чалавечае цела. Тым не менш гэта ўсё роўна жыццё ў тэатры. Нейкія заканамернасці ўсталяваліся яшчэ з часоў старажытных грэкаў (мы прывыклі весці адлік еўрапейскага тэатра з таго часу, хоць гэтае мастацтва існавала і раней). Мы з жонкай цікавыя адно аднаму, нам ёсць пра што размаўляць, чым дзяліцца. У нас цудоўныя сын і дачка, двое ўнукаў.

У вучнях

— Мала каму дадзены гэты дар — бачыць свет у мастацкіх вобразах. Мне вельмі хацелася б, каб пасля мяне засталіся вучні і школа Елізар'ева, пры тым, што яны ўсё роўна не могуць быць маёй копіяй, ды я і не стараюся гэтага дасягнуць. Імкнуся разгледзець зерне таленту, убачыць іх індывідуальнасць, развіць здольнасці, перадаць веды. Калі быў малады, марыў, што накопленыя веды змагу перадаць сваім дзецям, але яны не выбралі тэатральныя прафесіі. Таму засцерагаю вучняў, каб пазбягалі памылак, якія я рабіў у жыцці. Ёсць важныя рэчы, праз якія павінен прайсці кожны чалавек. Мая задача як настаўніка не толькі перадаць веды, але і растлумачыць: калі не будзе поспеху адразу, не варта засмучацца, таму што дарогу асіліць той, хто ідзе далей.

Вучняў не можа быць шмат. Наогул харэографаў у свеце цяпер не хапае, нават самыя лепшыя тэатры адчуваюць голад. Гэта рэдкая прафесія. Шмат хто можа называць сябе харэографамі ці мастацкімі кіраўнікамі балета. Але ў гэтым мастацтве павінна кіраваць творчасць. Нават пасады загадчыкаў балетнай трупы (фактычна чыноўнікаў ад балета) насамрэч творчыя, стваральніцкія, мастацкія.

У тэатры

— Трупа мяне прыняла вельмі добра, сардэчна. Усе выдатна працуюць, у мяне ніякіх заўваг...

Дзе ёсць творчыя лідары, там ёсць і творчасць. На маю думку, трэба больш якасна працаваць над пастаноўкамі, асабліва тымі, што нараджаюцца на гэтай зямлі, а не знекуль прывозяць для эксплуатацыі. Мне вельмі падабаюцца галандскія спектаклі, што ёсць цяпер у рэпертуары тэатра, але яны ўзятыя напракат. А ёсць нешта, што тут нараджалася, тут жыло, тут развівалася. Істотная розніца. Лепш няхай нашы спектаклі некуды запрашаюць. Напрыклад, я калісьці паставіў «Спартак» у 4 краінах акрамя Беларусі... Паглядзіце, што за апошнія гады пастаўлена ў нашым тэатры, наколькі гэта ўдала. І наколькі апраўдаліся грошы, якія ўклала дзяржава, — а гэта вялікія выдаткі на пастаноўку кожнага спектакля.

У веры

— Раблю фіналы ў спектаклях з верай у людзей. Асабліва веру ў жанчыну. Калі хто знаёмы з маёй творчасцю, то практычна кожны спектакль я прысвячаю жанчыне... Такім мяне стварыў Бог: я сапраўды веру ў чалавека.

Павіншаваць Валянціна Елізар'ева з юбілеем рыхтуюцца зоркі з усяго свету: гэтаму будзе прысвечаны вечар 2 лістапада ў Вялікім тэатры. Чакаецца дыялог творцаў розных краін і пакаленняў, сярод якіх народны артыст СССР Юрый Грыгаровіч, народная артыстка Расіі, рэктар Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі харэаграфіі Марына Лявонава, народны артыст Расіі, рэктар Акадэміі рускага балета імя Ваганавай Мікалай Цыскарыдзэ, народная артыстка Расіі, прыма Вялікага тэатра Расіі Святлана Захарава, любімы ў Беларусі народны артыст Малдовы, кіраўнік «Кіеў мадэрн-балета» Раду Паклітару і былая мінчанка, а цяпер артыстка тэатра балета Барыса Эйфмана Любоў Андрэева... Будуць госці з Кітая, Чэхіі, Грузіі. І не менш дарагія балетмайстру зоркі беларускага тэатра — іх шмат, тых, хто адказна рыхтуе свае нумары да выхаду на сцэну разам з Елізар'евым у гэты вечар. А далей?..

Міністр культуры Юрый Бондар:

— Валянцін Елізар'еў — гэта прыклад таго, як прыходзіць у тэатр малады чалавек з інавацыйным мысленнем і становіцца класікам сусветнага балета. Няшмат мы ведаем людзей з такім аўтарытэтам, як у Валянціна Мікалаевіча Елізар'ева, каб легкадумна ставіцца да яго творчасці, да яго магчымасцяў, да ўнікальнага аўтарскага стылю. Міністэрства культуры на пэўным этапе ўключылася ў падрыхтоўку юбілейных мерапрыемстваў у гонар Валянціна Елізар'ева. У рамках святкавання юбілею мы атрымаем абноўлены варыянт балета «Спартак» з выкарыстаннем новай сцэнаграфіі. Мяркую, што будзе карысна падоўжыць паказ «Спартака» на сцэне, тым больш што да яго ўжо ёсць каласальная цікавасць гледачоў: білеты ўсе прададзены. Сёння ў афішы Вялікага тэатра Беларусі сем спектакляў Елізар'ева. У нас вялікія перспектывы супрацоўніцтва, спадзяюся, мы знойдзем зручную форму і для Валянціна Мікалаевіча, для трупы тэатра — права Міністэрства культуры ўплываць на гэтыя працэсы.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Палёты ў марах і наяве

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.