Вы тут

У сталіцы выбралі Сям'ю года


Рэспубліканскі конкурс на самую лепшую сям'ю трэці раз прайшоў у Беларусі. На фінальнае выступленне прыехалі выбраннікі журы ад кожнага рэгіёна, а таксама пераможцы Мінскага гарадскога адборачнага этапу.


Першая частка знаёмства з канкурсантамі называлася «Радавод». Другая частка выступленняў «Мая краіна — мая сям'я» прэзентавала прысутным захапленні і жыццёвую пазіцыю ўдзельнікаў. Перад пачаткам выступленняў удзельнікаў ад імя ўрада павітаў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл РУСЫ:

— У бацькоўскім доме закладваюцца асновы, на якіх потым грунтуецца ўстойлівасць дзяржавы. У нас існуюць праграмы падтрымкі маладых, шматдзетных сем'яў, выплаты сем'ям, у якіх нараджаецца трэцяе дзіця, і дэкрэтны водпуск для маці. Хацелася б падзякаваць сям'ям — за іх штогадовую працу, і арганізатарам конкурса — за магчымасць убачыць яе вынік.

Трэба сказаць, удзельнікі змаглі знайсці ў гісторыі свайго роду характэрныя толькі для іх адметнасці, бо кожнае выступленне мела свой сімвал і настрой.

Напрыклад, сям'я Хвясюк з горада Мікашэвічы Брэсцкай вобласці захоўвае традыцыі продкаў-палешукоў. Рыгор — сапраўдны гаспадар, умее і травы накасіць, і каня запрэгчы. У дамашніх справах дапамагаюць яму жонка Марына, сын Артур і дачушкі Міхаліна і Злаціслава. Пад стук кроснаў сямейнікі расказалі гісторыю роду. Ад дзядоў, якія апрацоўвалі вялікі зямельны надзел, мужчыны ўзялі цярплівасць і працавітасць. Дзяўчаты падхапілі за бабулямі ўменне ткаць і вышываць, а яшчэ спяваць — звонка, на ўвесь голас.

Любімыя заняткі віцяблян Алега і Алены Краўчукоў — разам з дзецьмі выправіцца ў падарожжа або сабрацца вечарам за настольнай гульнёй. І бацькі, і дзеці ведаюць замежныя мовы, кожны гатовы разам са сваякамі выправіцца ў вандроўку — хоць на машыне па Беларусі, хоць у парк пакатацца на роліках. Пра гэта з жартамі, песнямі і танцамі яны і расказалі на сцэне.

Галінку яблыні як сімвал сувязі з мінулым і сучаснага росквіту ўзяла сабе сям'я Сідар з аграгарадка Лунна Мастоўскага раёна. Дзяўчаткі-весялушкі Марыя і Дар'я расказалі, як тата ездзіў на трактары на спатканне да мамы. Сужэнцы Алег і Ірына кранальна расказалі, што яблыня здаўна была для іх сям'і ўвасабленнем роду, дзе асобныя галіны ўтвараюць адно магутнае дрэва.

З легенды пачалося і выступленне жыхароў Нясвіжа Ігара і Святланы Яўтух. Перад гледачамі паўстала сапраўднае тэатральнае дзейства, дзе гісторыя асобнай сям'і перапляталася з гісторыяй краіны. Знайшлося там месца і для прадзедавага пярсцёнка, і для бабуліных фотаздымкаў.

Сімвалічнымі атрымаліся выступленні сем'яў Войцех і Сокал. Для мінчан Алены, Сяргея, Веранікі, Максіма і Васілісы няма нічога важнейшага за цяпло сямейнага ачага. Кожная іскра — памяць пра продкаў, кожнае імгненне разам — цяпло ў сэрцы. Нашчадкі Сокалаў з Глуска перавілі выступленне параўнаннем чалавечага жыцця з зернем, коласам і — як вынік плённай працы і любові — абрадавым сямейным караваем.

Дарэчы, вялікая, шматдзетная сям'я — асаблівасць не толькі сёлетніх канкурсантаў. Продкі сужэнцаў Аляксандра і Наталлі Пятрушкаў, што жывуць у Калінкавічах, заўсёды мелі многа дзяцей. Пара таксама не адыходзіць ад традыцый і выхоўвае двух хлопчыкаў і чатырох дзяўчатак.

Сям'ю Пятрушкаў журы на чале з міністрам працы і сацыяльнай абароны Ірынай Касцевіч і ўганаравала першым месцам і званнем Сям'і года. Другое месца занялі мінчане — сям'я Войцех, а трэцяе месца павязе на радзіму сям'я Хвясюк з Мікашэвічаў.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Агонь, каравай і галінка яблыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».