Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра лідараў і аўтсайдараў чэмпіянату краіны па футболе, пра выязную серыю мінскага «Дынама» ў КХЛ і таварыскія матчы дружыны Юрыя Шаўцова.


1. Хакеісты «Дынама» перамогай завяршылі выязную серыю з чатырох матчаў у Кантынентальнай хакейнай лізе.

Напярэдадні з лікам 2:1 (у дадатковы час) яны абыгралі рыжскае «Дынама».

— Важная перамога для нашай каманды, хоць і не самая відовішчная гульня атрымалася. Абодва бакі шмат працавалі, біліся, паказалі высокі ўзровень выканання трэнерскага задання. Гэтыя ачкі дапамогуць нам працягнуць барацьбу за пападанне ў плэй-оф, — адзначыў галоўны трэнер мінчан Гордзі Дуаер.

Сёння хакеісты мінскага «Дынама» згуляюць на сваёй пляцоўцы з маскоўскім «Спартаком».


2. Завяршыліся матчы 27-га тура футбольнага чэмпіянату краіны.

Ужо можна гаварыць аб тым, што вызначыўся адзін з двух галоўных няўдачнікаў сезона, ім стаў наваполацкі «Нафтан». Нічыя 1:1 у цяперашнім туры з барысаўскім БАТЭ не выратавала каманду ад вылету з эліты. За тры туры да фінішу першынства «Нафтан» мае ўсяго 10 заліковых балаў і пры любых зыходах гульняў, якія засталіся, ужо не зможа падняцца вышэй за 15-е месца.

Мінскае «Дынама» разграміла яшчэ аднаго аўтсайдара турніру «Іслач» з лікам 5:1. Лідар першынства, салігорскі «Шахцёр», перайграў у сябе дома гасцей з магілёўскага «Дняпра» — 2:1. Футбалісты «Гомеля» на сваім полі разышліся мірам з «Гарадзеяй» — 0:0, а «Слуцк» быў мацнейшы за сталічных «Крумкачоў» — 2:0. «Славія» на дамашнім полі аказалася слабейшая за «Віцебск» — 0:1, а «Мінск» саступіў «Нёману» з такім жа лікам. «Дынама-Брэст» з мінімальнай перавагай перайграла «Тарпеда-БелАЗ» — 1:0.


3. Гандбалісты зборнай Беларусі двойчы перайгралі каманду Швейцарыі ў таварыскіх матчах, адразу ў Маладзечне (36:31), а затым і ў Мінску (34:23).

Гэтыя спарынгі сталі для беларусаў першым этапам падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы, які пройдзе з 12 па 28 студзеня 2018 года ў Харватыі. Нагадаем, на першым этапе зборная Беларусі будзе гуляць у групе В разам з камандамі Францыі, Нарвегіі і Аўстрыі.


4. Мінскія «Цмокі» атрымалі другую перамогу ў рэгулярным чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ.

У паядынку чацвёртага тура мінчане абыгралі на сваёй пляцоўцы аўтсайдара спаборніцтваў пермскую «Парму» з мінімальнай перавагай — 66:65. Самым выніковым у складзе мінчан стаў ветэран каманды Аляксандр Кудраўцаў, які набраў 12 ачкоў. У папярэднім туры «банкаўскага» турніру чэмпіёны Беларусі перайгралі ў Мінску казахстанскую «Астану» (75:66), а ў двух стартавых паядынках пацярпелі два гасцявыя паражэнні ад фаварытаў — падмаскоўных «Хімак» (55:83) і маскоўскага ЦСКА (54:90).

Свой наступны матч Адзінай лігі ВТБ «Цмокі» правядуць 5 лістапада на пляцоўцы «Мінск-Арэны» супраць казанскага «Унікса».


5. У Віцебску каманда Прэзідэнта Беларусі працягнула пераможнае выступленне на XІ Рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі з шайбай сярод аматарскіх камандаў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Матч камандаў Прэзідэнта Беларусі і Віцебскай вобласці, які праходзіў на арэне Віцебскага лядовага палаца, завяршыўся перамогай дружыны кіраўніка дзяржавы з лікам 0:6.

Найлепшымі гульцамі другога паядынку турніру сезона 2017/2018 названы ў складзе Віцебскай вобласці Артур Мігут і Руслан Салодкі, у складзе каманды Прэзідэнта Беларусі — Яраслаў Чупрыс і Андрэй Міхалёў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Карціна становіцца ўсё больш ясная

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».