Гісторыя пачалася з таго, што ў Цэнтральнае РУУС сталіцы паступіла інфармацыя: у 2-ю гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу ў стане пасля ўтаплення дастаўлены хлопчык 2008 года нараджэння.
— Падчас правядзення праверкі было ўстаноўлена, што непаўналетні разам са сваім аднакласнікам знаходзіўся на набярэжнай Свіслачы паблізу вуліцы Даўмана. Па словах таварыша 9-гадовага хлопчыка, той у нейкі момант паслізнуўся і ўпаў у ваду, пачаў тануць. Аднакласнік і жанчына, якая таксама стала сведкай здарэння, пачалі зваць на дапамогу, — расказала афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага РУУС г. Мінска Таццяна Абозная. — Гэтыя крыкі пачуў малады чалавек, які праходзіў побач. Ён і дастаў з вады хлопчыка, які тануў, пасля чаго пацярпелага перадалі работнікам хуткай медыцынскай дапамогі. Выратаваны патрапіў да іх без дыхання і сэрцабіцця. Медыкі запусцілі сэрца пацярпелага. Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя потым паведаміла, што стан хлопчыка стабільна цяжкі, ён падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх і знаходзіцца ў стане медыкаментознага сну.
Па факце здарэння міліцыя праводзіць праверку, апытаны сведкі і відавочцы, праваахоўнікі пабывалі па месцы жыхарства пацярпелага. Устаноўлена, што сям'я непаўналетняга хлопчыка стаіць на кантролі ва ўстанове адукацыі па месцы яго навучання. З'явілася інфармацыя, што на момант бяды бацькі ўжывалі алкаголь.
А хто ж той, без перабольшвання, герой, які выратаваў хлопчыка? Гэта Віталь Цітоў, яму 15 гадоў, ён студэнт першага курса Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №9 аўтамабілебудавання. Мы набралі нумар юнака, каб задаць яму некалькі пытанняў. На жаль, пачулі ў слухаўцы, што абанент часова недаступны... Падумалася, што зараз жа заняткі, давядзецца званіць пазней. Але Віталь чарговы раз праявіў свае чалавечыя якасці, калі неўзабаве палічыў патрэбным набраць незнаёмы нумар: «Вы званілі?»
На размову ў нас сапраўды было некалькі хвілін, як папярэдзіў Віталь. Юнак сказаў, што яго выклікалі з заняткаў у кабінет дырэктара... Не-не, не падумайце, па прыемнай і цалкам заслужанай нагодзе — даваць чарговае інтэрв'ю.
— Віталь, не страшна было? І вада халодная, ды і хлопчык быў у Свіслачы на адлегласці 15 метраў ад берага, ад дамбы, якая раздзяляе Камсамольскае возера і раку?
— Было крышачку... Так, далекавата было і ад берага. Шкада стала хлопчыка. Я бліжэй за іншых знаходзіўся.
Апроч Віталя на процілеглым баку набярэжнай стаялі два хлопцы, але яны толькі назіралі за тым, што адбываецца, не робячы нічога. І юнак, распранаючыся на хаду, кінуўся ў Свіслач...
— Можа, ты плаваннем займаешся?
— Не, плаваю я не вельмі добра. Там глыбіня была недзе па грудзіну, плыць амаль што не давялося.
— Як зараз здароўе? (Пасля таго, як юнак выцягнуў хлопчыка, ён адагрэўся ў машыне хуткай дапамогі і пайшоў дадому).
— Усё ў парадку.
— Хацеў бы потым пабачыцца з выратаваным Антонам?
— Канешне. Чаму б не? Абавязкова.
— Віталь, ты сапраўды малайчына! Твой учынак варты самых добрых слоў! Найперш, здароўя табе!
— Дзякуй.
— Дзякуй і табе, не буду перашкаджаць больш, давай інтэрв'ю іншым. Ты гэта цалкам заслужыў.
Як стала вядома, сталічныя ратавальнікі думаюць над тым, як ушанаваць Віталя Цітова за яго смелы ўчынак.
Сяргей РАСОЛЬКА
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.