Вы тут

Філаматы чакаюць турыстаў


альбо Які маршрут застаецца для нас нязведаным?

1817 год. У першы дзень кастрычніка, пад покрывам строгай таямніцы, сабраліся ў Вільні пяцёра студэнтаў: Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Язэп Яжоўскі, Анупрэй Петрашкевіч і Францішак Маеўскі. Хлопцы захапляліся навукай, патроху пісалі вершы і праглі лепшай долі для Бацькаўшчыны. Яны стварылі таварыства філаматаў — літаральна: аматары ведаў.


Наваградскі пейзаж.

Напярэдадні

Сёлета мы адзначаем 200-годдзе з дня першага пасяджэння таемнага таварыства. Да гэтай даты ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстаўка «Філаматы. Ідэі праз стагоддзі». Яе рыхтавалі сумесна з варшаўскім Музеем літаратуры імя Адама Міцкевіча.

Апроч пасяджэнняў філаматы займаліся яшчэ й падарожжамі. Збіралі песні, паданні, на базе якіх пісалі мастацкія творы. Лагічна, што чарговае «Літаратурнае падарожжа» музея гісторыі беларускай літаратуры выправілася па шляхах філаматаў: Завоссе — Туганавічы — Свіцязь — Навагрудак — Карэлічы — Мір.

Паланэз як экскурсія

Гэта не прыдумка сучаснасці — самая сапраўдная рэчаіснасць ХІХ стагоддзя. Гаспадары сядзіб сустракалі гасцей і ў рытме паланэза абходзілі падвор’е...

Цяжка ўявіць? Між тым якраз гэта прадэманстравалі ў Завоссі, на сядзібе Міцкевічаў, удзельнікі танцавальнага згуртавання «Капітэль», а з імі — харэограф Алена Прохарава. Гасцей і ўдзельнікаў падарожжа вітаў дырэктар музея-арганізатара Зміцер Яцкевіч. Цяпер, калі стваральніца праекта Лідзія Шагойка не апякуецца літпадарожжамі, праект падтрымлівае Зміцер Лявонцьевіч.

Добрае надвор’е дазволіла гасцям проста на вуліцы пачаставацца малаком. Чаму малако? Гэта адзін з сімвалічных філамацкіх звычаяў: удзельнікі таварыства на сваіх пасяджэннях пілі менавіта гэты напой, які лічыўся знакам чысціні і мудрасці.

Завоссе стала першым прыпынкам, але ўласна падарожжа пачалося многа раней, лічы, з таго самага моманту, калі ўсе занялі свае месцы ў аўтобусе. Яшчэ па дарозе да сядзібы даследчык Зміцер Юркевіч і грамадскі дзеяч Антон Астаповіч распачалі экскурсію. Так, многія мясціны па дарозе на Завоссе і далейшыя пункты падарожжа маюць што распавесці пра дзейнасць філаматаў. Праверце самі.

Зміцер Юркевіч узначальвае арт-суполку імя Тадэвуша Рэйтана, якая займаецца даследаваннем эпохі Рэйтана, захопліваючы крыху ранейшыя часы і часы Міцкевіча ды кампаніі. Цяпер суполка збірае матэрыялы для стварэння ў Грушаўцы музея Тадэвуша Рэйтана.

Сведка філамацкіх таямніцаў.

Нямыя сведкі таямніцы

Пасёння жыве парк, які належаў роду Верашчакаў. Іх сядзібы няма і следу, а старадаўнія ліпы дасюль шумяць. Выглядае парк даволі дрымуча. Але ў гэтым і ёсць прыгажосць: захавалася атмасфера таямніцы.

Якой? У гэтым парку сустрэліся ўпершыню Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака. Векавыя ліпы і дубы-блізняты, якім больш за пяцьсот гадоў, можна лічыць не толькі помнікамі прыроды (ахоўваюцца дзяржавай, дарэчы), але і помнікамі беларускай культуры. Падумайце толькі: не было б гэтага парку, не было б рамантычнай атмасферы, і, хто ведае, быць можа, не займела б таго ракавога эфекту першая сустрэча Адама і Марылі. Не былі б напісаныя «Дзяды»!.. Выглядае на жарт, але хто ведае…

Сёння яшчэ бачныя старыя сцяжыны, па якіх ступіла ножка пані Верашчакі. Парк гэты як бы замкнуўся ў сабе, захоўвае вялікую таямніцу, не раўнуючы: ракавіна — шум змялелага мора.

Парк называюць Туганавіцкім — паводле назвы колішняй сядзібы. Насамрэч ён знаходзіцца бліжэй да вёскі Карчова, чым да Туганавічаў. У той жа вёсцы маюцца ўказальнікі, якія дапамогуць знайсці камень філаматаў. Калі хочаце дайсці да яго, рыхтуйцеся: нават сёння дабрацца да каменя можна толькі пешкі, а ўявіце, як прадзіраліся да яго Міцкевіч, Чачот ды іншыя хлопцы.

Нашто такая таямнічасць, калі можна сабрацца ў мясцовай карчме ды правесці час прыемна і з карысцю? Нагадаем: філаматы былі таварыствам таемным. Настолькі таемным, што пра яго не ведалі нават філарэты, такі сабе філіял філаматаў, кажучы мовай сучаснасці — культурнаадукацыйны праект, кшталту «МовыНанова».

А філаматы заставаліся ў цені. Напачатку культурнаасветніцкія, мэты іх паступова набывалі сацыяльна-палітычнае адценне. Такі паварот мае сумныя наступствы… Для збораў філаматам было неабходнае ціхае, нябачнае месца. Такім стаў лясок наводдаль вёскі Карчова, у якім пасёння стаіць унушальных памераў валун. Каля яго — знак: камень філаматаў.

 Здавался б, камень і камень. Але адчуванні ля яго нязвыклыя. Сапраўднае месца моцы. Тут, каля каменя філаматаў, Міхал Бараноўскі праспяваў гімн таварыства. Песню гэтую напісаў у 1819 годзе Адам Міцкевіч. Галоўныя словы гімна — Айчына, навука, сумленне. То былі арыенціры, да якіх імнуліся сябры таварыства.

Гасцінны паланэз на сядзібе Міцкевічаў.

І зноў Міцкевіч

Па дарозе на Навагрудак быў прыпынак каля Свіцязі. Згадалі творы Міцкевіча, Зана і Чачота, прысвечаныя мясціне, і рушылі далей, на старажытную сталіцу Вялікага Княства Літоўскага.

Дырэктар музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба зладзіў экскурсію для гасцей. Экскурсійны фармат працягнуў Антон Астаповіч, кіраўнік Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры: аглядалі Навагрудак. Найперш, вядома, парэшткі замкавых вежаў, гару Міцкевіча і касцёл, дзе вянчаліся Ягайла і Ядзвіга, а праз сотні гадоў пасля таго быў ахрышчаны Адам Міцкевіч.

Слова пра наваградскія вежы. Закансерваваны мур, які ледзь не знік з твару зямлі праз размыты пагорак, яшчэ стаіць. Гара пад ім таксама цэлая, праўда, пліты, якія яе ўмацоўваюць, паціху распаўзаюцца ўбакі…

Мірны фініш

З Навагрудка — у Карэлічы. Якім чынам яны звязаныя з філаматамі? У вёсцы Малюшычы Навагрудскага павета Слонімскай губерні нарадзіўся Ян Чачот. Цяпер вёска належыць Карэліцкаму раёну.

Падарожнікі спыніліся каля помніка Яну Чачоту, тут жа Ірына Скок прачытала ўрывак з балады Адама Міцкевіча «Свіцязь. Міхаілу Верашчаку» (дарэчы, чыталася падчас падарожжа шмат што і шмат дзе; Андрэй Мельнікаў спяваў аўтарскія песні).

Апошнім героем дня стаў Ігнат Дамейка. Маёнтак Мядзвядка, дзе нарадзіўся будучы герой Чылі, знаходзіцца за 15 км ад сучаснага Міра. У самім горадзе пасёння стаіць касцёл Святога Мікалая, ля якога захоўваецца камень роду Дамейкаў. Гасцей сустрэў пробашч храма — і проста-такі зачараваў сваім шляхетным абыходжаннем.

Наведаць касцёл у Міры варта і без прывязкі да філаматаў. Фундаваў яго Мікалай Радзівіл Сіротка, а будаваўся храм на стыку XVI — XVII стагоддзяў. Праект храма належыць славутаму майстру Бернардоні. У касцёла няпросты лёс. Так, у 1845 годзе яго рамантавалі на ганарары, сабраныя дзякуючы аб’яўленай Уладзіславам Сыракомлем акцыі перакладу лацінскіх паэтаў на польскую мову. Доўгі час храм належаў праваслаўным вернікам. Толькі ў 1921 годзе яго вярнулі каталікам. Падчас вайны касцёл пацярпеў, але многа больш дасталася яму ў паваенны час. Амаль 30 гадоў таму касцёл каторы раз аддалі каталікам, і з 2001 года вядзецца рэстаўрацыя храма.

Гэтая гісторыя як мага лепш пасуе на фінал падарожжа: у ёй — адлюстраванне гісторыі ўсёй краіны, складанай, шматпакутнай, але нязломна ўпэўненай у добрым зыходзе справы.

 Замест пасляслоўя

Як зазначылі супрацоўніцы музея гісторыі беларускай літаратуры, гэтая вандроўка была прымеркаваная не толькі да 200-годдзя таварыства філаматаў. Так, цікава агледзець мясціны слаўнай мінуўшчыны. Але гледзячы толькі назад, далёка наперад не зойдзеш.

Літаратурнае падарожжа — разведка боем: дзе памяць пра філаматаў знікае? Якія аб’екты патрабуюць рэстаўрацыі, аднаўлення, папулярызацыі? Ці ёсць шанцы зрабіць маршрут вядомым не толькі сярод аматараў гісторыі ды літаратуры, але і сярод шараговых, у добрым сэнсе слова, турыстаў?..

На апошняе пытанне — адказ станоўчы. Такі маршрут — шляхамі філаматаў і філарэтаў — уключае ў сябе і помнікі архітэктуры, і сляды страчанай спадчыны, і прыродныя аб’екты. Тут спалучаецца экатурызм, гісторыя (прычым — супольная з краінамі-суседкамі) і літаратура. Патэнцыял — бязмежны. Засталося толькі адно: узяць прыклад з філаматаў, аб’яднацца і — рабіць.

Наста ГРЫШЧУК

Фота Аксаны ЖЛОБІЧ

Друкуецца ў газеце "Літаратура і мастацтва"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?