Вы тут

Глянем у двары — скажам, якія гаспадары


«Я хачу, каб мае дзеці раслі менавіта ў такім двары», — так гавораць практычна ўсе, хто выпадкова ці наўмысна трапіў на ўскраіну Гомеля, дзе сярод звычайных шматпавярховак з відам на могілкі вырас новенькі дзіцячы спартыўна-забаўляльны гарадок. Ён цалкам пабудаваны НА ГРОШЫ мясцовых жыхароў. Вуліцы Давыдаўская і 70 гадоў БССР стануць вам арыенцірам, як захочаце на свае вочы пабачыць, што можна зрабіць, калі натхніцца выдатнай ідэяй — зрабіць дзяцінства шчаслівым сёння, а не тады, калі ў бюджэце горада знойдуцца грошы.


Іры­на Піс­кун.

Сакавіцкія мары

Дарэчы, жыхары, члены камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Сонечны», якіх узначаліла матуля ў дэкрэце Ірына Піскун, спачатку звярнуліся ў Камунальнае жыллёвае рамонтна-эксплуатацыйнае ўнітарнае прадпрыемства (КЖРЭУП) «Савецкае» з патрабаваннем: у мясцовых бюджэтах павінны быць закладзены сродкі на добраўпарадкаванне дзіцячых пляцовак з адпаведным абсталяваннем — вось і ўстанавіце — згодна з заканадаўствам.

— На наша патрабаванне адказалі: выбачайце, у мясцовым бюджэце на гэтыя мэты не закладзена ніводнага рубля. З'явяцца сродкі — мы вернемся да згаданай ідэі, — успамінае Ірына размову ў сакавіку.

Відаць, многія на яе месцы рукі склалі б. Але ж і ў Ірыны, і ў яе сябровак з суседкамі дзеці падрастаюць, а накіраваць іх бурную энергію ў мірнае рэчышча няма дзе. Можна, канешне, чакаць, пакуль рак у Сажы свісне, аднак такая перспектыва актыўных жанчын ніяк не задавальняла. Энтузіязму і рашучасці хапіла на тое, каб кінуць покліч: а давайце скінемся пакрысе і зробім шчасце сваімі рукамі і за свае грошы.

І пайшлі, пяшчотныя і крохкія, па кватэрах. З ідэяй і капелюшом. Каб пераконваць асабіста кожнага жыхара, чым такая перспектыва для яго карысная.

— Вельмі цяжка было пераканаць людзей паверыць у рэальнасць планаў і ўкласці ў гэта ўласныя сродкі. У нашым квартале 11 шматпавярховых дамоў, у якіх жыве прыблізна 650 сем'яў. У рэалізацыі праекта сёння ўдзельнічаюць 170. Менавіта дзякуючы ім атрымалася сабраць 2,5 тысячы рублёў. Некаторыя людзі здавалі грошы па тры, а то і па чатыры разы. Асобныя — і больш. Большасць, канешне, чакае, што з гэтага ўсяго ўрэшце атрымаецца. Ёсць і адкрытыя скептыкі, якія наадрэз адмаўляюцца браць удзел у будаўніцтве дзіцячага гарадка, але пільна сочаць за яго ходам. Дарэчы, іх можна зразумець. Доўгія гады нас прывучалі да таго, што ўсе праблемы, якія датычацца грамадскага добраўпарадкавання і камфорту, за нас вырашала дзяржава.

Эк­скур­сія дэ­пу­та­таў.

Сацыяльныя сеткі ў дапамогу

Сёння Ірына Піскун можа даць разгорнутыя парады: з чаго пачынаць справу і як шукаць падыходы да людзей. Досведам дзеліцца з задавальненнем і лічыць, што нешта аналагічнае можна зрабіць у кожным двары. Між тым з 11 дамоў, якія аб'ядноўвае двор — чатыры кааператыўныя, астатнія на абслугоўванні РЭУ. Гэта не стала перашкодай у справе добраўпарадкавання. Ідэі, якія прыносяць агульную карысць, аб'ядноўваюць. Такім чынам і нарадзілася сапраўды народная канцэпцыя двара з гульнявымі зонамі.

Сацыяльныя сеткі і папулярныя месенджары зрабілі гэтую справу максімальна празрыстай. Актывісты правялі інфармацыйную кампанію ў Vіbеr, дзе людзі аб'ядналіся ў групу і сталі ўдзельнічаць у распрацоўцы праекта. У супольнасць уступілі і падлеткі, якія падзяліліся з дарослымі сваімі марамі.

І вось тут да справы падключыліся камунальнікі. Іх на кані ніяк не аб'едзеш. Бо ў любых ініцыятыўных людзей можа сур'ёзна пагоршыцца настрой, калі яны спатыкнуцца аб кабель ці каналізацыю, закапаныя па схемах, якія ведаюць толькі спецыялісты адпаведных службаў. І таму супрацоўніцтва, якое перарасло ў пяшчотную дружбу, было непазбежнае.

«Не можаце даць грошай — дапамагайце парадамі і тэхнікай!» — звярнуліся праз два месяцы жыхары двара да прадстаўнікоў ЖКГ. І тыя адгукнуліся. Прычым, настолькі актыўна, што цяпер самі сочаць за перапіскай у групе ў Vіbеr. Дзякуючы гэтаму ведаюць, якія ў насельніцтва ўзнікаюць да іх прэтэнзіі.

— Да гонару кіраўніцтва КЖРЭУП «Савецкае», яны, калі зразумелі маштаб рэканструкцыі тэрыторыі, на які мы замахнуліся, самі зацікавіліся, — адзначае Ірына Піскун. — А ёсць зацікаўленасць — з'явяцца і магчымасці.

— Распараджэннем адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля за гэтым дваром замацавалі два прадпрыемствы: домабудаўнічы камбінат і КЖРЭУП «Савецкае», — расказвае Міхаіл Прус, які ўзначальвае апошняе прадпрыемства і з'яўляецца дэпутатам Гомельскага гарсавета. — Таму і дапамагаем усім, чым магчыма. У нас усе схемы электрасетак, цепласетак, каналізацыі і г. д. Узгадняем, як усё зрабіць без памылак. Напрыклад, нельга валейбольную пляцоўку ўсталёўваць побач са скрынямі для смецця. Дарэчы, апошнія мы перанеслі на іншы бок дваровай тэрыторыі. 18 разоў выдзялялі тэхніку і супрацоўнікаў. Для ўладкавання спартыўных аб'ектаў знялі 40 см грунту. Завезлі пясок і адсеў для футбольнай пляцоўкі. Жыхары купілі ўсе матэрыялы для варот, а супрацоўнікі КЖРЭУП іх зварылі. Сумесна ўстанавілі і пафарбавалі. Нам гэта таксама вельмі выгадна. Мы такім чынам развіваем ініцыятыву жыльцоў. Прынамсі, і дэпутаты гарсавета нас актыўна падтрымалі.

Новы экскурсійны маршрут

Цяпер цугам у чароўны двор пайшлі... экскурсіі. Удзельнікам семінараў і калегій пінжакі некалькі перашкаджаюць катацца на горках ці арэлях, аднак яны адкрыта зайздросцяць дзецям, якія растуць у гэтым двары.

— Мы запрашалі кіраўнікоў і старшынь камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання з кожнага РЭУ, каб паглядзелі, што можна зрабіць пры наяўнасці ініцыятыўных людзей, — адзначае Міхаіл Юльевіч. — Цяпер ёсць яшчэ тры двары ў Савецкім раёне, дзе з'явіліся дзіцячыя пляцоўкі за кошт жыхароў. Старшыня Гомельскага гарсавета Іван Барадзінчык паставіў задачу кожнаму дэпутату ў сваіх выбарчых акругах знайсці ініцыятыўных людзей і выбраць двор, дзе можна зрабіць не горш. Некаторыя з дэпутатаў загарэліся такой ідэяй.

Яшчэ адна актывістка і член КТГС «Сонечны» Таццяна Баравік дадае, што, калі вынікі работы жыхароў убачылі прадстаўнікі заканадаўчай улады розных узроўняў, то самі выказалі прапановы аб дапамозе:

— Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Павел Ждановіч знайшоў для нашага гарадка блакітную ёлку, якая да Каляд будзе дастаўлена ў наш двор. Дэпутат Гомельскага абласнога Савета Аляксандр Ганчароў — спонсара для ўкладкі новых тратуарных дарожак і падрыхтоўкі пляцоўкі для будучага спартыўна-гульнявога комплексу. Дэпутат Гомельскага гарсавета Леанід Кузняцоў — высадкі для азелянення тэрыторыі.

Та­кі двор быў.

Та­кі двор стаў.

Майстры на ўсю галаву

А яшчэ, дзеліцца ўскоснымі вынікамі працэсу будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі Ірына Піскун, падчас агульнага будаўніцтва адбылося амаль неверагоднае: мужчыны-бацькі падкасалі рукавы і перасталі саромецца тых навыкаў, якімі валодаюць. Аказалася, сярод жыхароў ёсць і дызайнеры, і архітэктары, і мастакі... Разнастайныя справы знайшліся для адважных татаў, якія на сваім прыкладзе не пабаяліся паказаць, хто ў двары гаспадар.

Калі атрымалася ўсталяваць першыя арэлі, адсвяткавалі проста ў двары: салодкім сталом і анімацыяй. Паўтаралі і ўдасканальвалі вопыт яшчэ некалькі разоў за лета. Такім чынам абноўленая дваровая тэрыторыя ператварылася ў вялізную канцэртную пляцоўку.

— Для кожнага чалавека вельмі важна, дзе ён нарадзіўся, дзе вучыўся, з кім ажаніўся і як сустрэне сваю старасць, — нагадвае Ірына Піскун. — Час дзяцінства моцна ўплывае на тое, якая асоба вырасце. З такога двара не выйдзе дрэнны чалавек. Не страшна выпусціць малога ў двор — ён нікуды не пойдзе, бо яму ёсць чым тут заняцца.

Цяпер суседзі да жыццёвай прасторы ставяцца па-гаспадарску: сочаць за тым, каб абсталяванне не прастойвала, але ў той жа час выкарыстоўвалася асцярожна. Вось і дырэктар КЖРЭУП «Савецкае» Міхаіл Прус сцвярджае, што стаўленне жыхароў да таго, што зроблена сваімі рукамі і за свой кошт, значна змянілася:

— У гэтым двары не будуць нічога ламаць. А, калі нехта чужы зазірне, яго спытаюць: адкуль і навошта.

Узмах крыла — як у арла

— Нам пашанцавала, — сцвярджае Ірына Піскун. — Міхаіл Юльевіч трапіў да нас праз два месяцы пасля пачатку збору сродкаў. Ён хутка ацаніў тое, што мы самі зрабілі, і вельмі дапамог потым. Пайшоў «узмах крыла, як у арла». Пафарбавалі ўваходныя групы васьмі дамоў. Павесілі новыя дошкі аб'яў, паставілі сметніцы каля кожнага пад'езда. Калі вы самі папрацавалі добра, вам абавязкова дапамогуць, а калі будзеце толькі патрабаваць, нічога не атрымаецца. Каб табе паверылі, свае намаганні трэба прыкласці.

Сёлета наўрад ці атрымаецца ажыццявіць усё задуманае. Бо планы ў актывістаў напалеонаўскія. Тут замахнуліся на будаўніцтва не проста гульнявога, а спартыўна-забаўляльнага гарадка. Задавальненне гэта не з танных, самы просты комплекс каштуе каля 4,5 тысячы рублёў. А з праектам, сертыфікацыяй, усталёўкай — больш за 7 тысяч.

— Такую суму, здзяйсняючы пакватэрныя абыходы, нам нават за год не пацягнуць, разважае Ірына. — Таму папрасілі камунальнікаў уключыць гэтыя выдаткі асобным радком у «жыроўку». Сума з кожнай кватэры атрымаецца такім чынам невялікая: па адным рублі. За некалькі месяцаў, максімум за паўгода патрэбныя грошы можна было б сабраць. Аднак праблема ў тым, што такі плацеж не прапускае сістэма АРІП. Значыць, трэба ўносіць у сістэму змены. Няхай бы ўлады ініцыявалі гэтыя змены, прапанавалі іх адпаведным міністэрствам.

Тым часам на ўжо створанай пляцоўцы гуляць дазваляецца ўсім дзецям. І тым, чые бацькі плацілі грошы,і тым, хто пакуль разважае. Ніхто нікога не папракае, але на тое, што сумленне прачнецца, многія спадзяюцца.

Дзіцячы гарадок — гэта вялікая тэрыторыя з чатырох тэматычных пляцовак. Для самых маленькіх уладкаваны пясочніцы з вечкамі, для старэйшых — арэлі і турнікі. Падлеткі могуць размінацца на футбольным і валейбольным палях. Пры жаданні любую з пляцовак можна трансфармаваць ці дапоўніць. Ну а для дарослых ёсць альтанкі і шахматныя сталы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Каментары

Статья отразила реальные факты.за 4 месяца жителями было приобретено, установлено и изготовлено 15 объектов. Спасибо всем жителям, которые поверили в идею и сделаи ее реальностью.Мы еще нуждаемся в поддержке, чтобы закончить 4 площадку с игровым комплексом, стоимостью более 7 тыс.рублей, навесом для сцены и ограждением для футбольного поля. 4 праздник на этой площадке будет Рождество в 2018.Для нас важна ваша поддержка и мы будем рады любой помощи. Ирина телефон 29 6433383.Получателем спонсорской помощи станет КЖЭРУП "Советское" г.Гомеля более 1000 фото, как это было в соц.сетях "Наш волшебный двор"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?