Вы тут

Як дапамагаць дзецям з аўтызмам, купляючы паштоўкі


Сёння ў Беларусі больш за 1000 сем'яў выхоўваюць дзяцей з аўтызмам. Каб хоць бы крыху палегчыць фінансавыя затраты бацькоў на лячэнне, быў створаны дабрачынны праект «Добрыя паштоўкі Аўкоцікі».


Як гэта працуе

— Ідэя дапамагаць сем'ям, якія сутыкнуліся з праблемай дзіцячага аўтызму, з'явілася пасля сустрэчы з былымі аднакласнікамі, — расказвае кіраўнік праекта Марына РОМАН. — У адной з маіх школьных сябровак ёсць сын. У два гады ўрачы паставілі хлопчыку гэты дыягназ.

Аб аўтызме я ведала і раней, але пасля той сустрэчы значна паглыбілася ў тэму. Лекаў, як вядома, няма, але абсалютна дакладна даказана, што калі з самага ранняга ўзросту развіваць такіх дзяцей і займацца іх сацыялізацыяй, то вынікі будуць неймаверныя. Аднак рэабілітацыя сёння каштуе вялікіх грошай. Не ўсім бацькам гэта па кішэні. І вось тут і з'явілася думка арганізаваць інтэрнэт-краму па продажы паштовак. А атрыманыя грошы перадаваць не толькі на дабрачынны рахунак сына маёй знаёмай, але і іншым дзецям.

Сёння праект «Аўкоцікі» сабраў каля 20 валанцёраў — аднадумцаў, якія займаюцца самымі рознымі справамі. Хтосьці малюе паштоўкі, хтосьці адказвае за юрыдычныя пытанні, хтосьці клапоціцца аб сайце, — каб ён быў зручны і зразумелы для карыстальнікаў.

— Спачатку мы нават не ведалі, што нашай асноўнай аўдыторыяй стануць посткросеры (посткросінг — праект, створаны дзеля магчымасці атрымання паштовак з усяго свету. — Аўт.), — расказвае Марына. Ідэя была ў тым, каб стварыць сэрвіс па адпраўцы друкаваных паштовак. Напрыклад, вы хочаце парадаваць каго-небудзь прыгожай карткай: выбіраеце яе ў нас на сайце aukotіkі.by, пішаце ў заяўцы пажаданне або паведамленне атрымальніку, а мы, у сваю чаргу, усё прыгожа афармляем і адпраўляем ад вашага імя.

Сёння «Добрыя паштоўкі Аўкоцікі» падтрымліваюць чатырох дзяцей. Але пазней, калі праект «падрасце», іх стане больш, запэўнівае Марына. Ужо зараз стваральніцы «Аўкоцікаў» пішуць удзячныя пакупнікі і людзі, якім проста спадабалася сама ідэя праекта.

— Мы рэгулярна абнаўляем і пашыраем асартымент аўтарскіх паштовак, стараемся рабіць прыемныя дробязі. Напрыклад, укладваем дадатковую паштоўку-сюрпрыз у кожны заказ.

Сумы, якія мы рыхтуем да пералічэння ў сем'і, пакуль невялікія. Але спадзяёмся, што гэта толькі пачатак і пазней у нас з'явіцца магчымасць пералічваць кожнаму з дзяцей 100—500 рублёў штомесяц. А пакуль радуемся таму, што мінімум адну паштоўку ў дзень у нас ужо купляюць.

Яшчэ ў нас ёсць вялікая і, мабыць, трохі амбіцыйная мара: з цягам часу, калі знойдзем спонсараў, стварыць першую ў Беларусі спецыялізаваную вёску «Аўкоцікі», дзе людзі з дыягназам аўтызм маглі б жыць і весці агульную хатнюю гаспадарку.

Як далучыцца да праекта

Сярод першых мастакоў праекта былі малодшая сястра Марыны Кацярына і адна з яе добрых сябровак Таццяна ПУЧКОВА.

— Шмат гадоў я маю справу з «сухім» акадэмічным дызайнам, — кажа Таццяна. — І калі выпадае магчымасць папрацаваць над творчымі, мастацкімі заказамі, вельмі радуюся. За сваю кар'еру я намалявала шмат паштовак на зусім розную тэматыку і для розных мэт, але праект «Аўкоцікі» — гэта асаблівае задавальненне для мяне. Бо тут я малюю не дзеля грошай і не для дарослых сур'ёзных заказчыкаў, а для дзяцей, для душы, для радасці. Вядома, важная і сама ідэя звярнуць увагу людзей на праблему дзяцей з аўтызмам. Мне здаецца, наша грамадства не вельмі гатова разумець людзей з асаблівасцямі. У нас прынята быць моцнымі і здаровымі, і мы часта баімся і аспрэчваем праблемы іншых проста праз няведанне. Задача «Аўкоцікаў» — прыбраць гэты бар'ер неразумення, заахвоціць людзей быць больш добрымі адно да аднаго.

Пасля таго як праект «раскруціўся», пачалі паступаць прапановы і ад іншых мастакоў. Такім чынам, база ілюстратараў увесь час расце, а асартымент паштовак пашыраецца.

Сёння далучыцца да «Аўкоцікаў» вельмі проста. Любы ахвотны, і гэта не толькі ілюстратар або прафесійны мастак, можа стаць валанцёрам і маляваць паштоўкі. Дастаткова напісаць на электронны адрас: marіnaroman@yandex.ru.


Сярод тых, каму дапамагаюць «Добрыя паштоўкі Аўкоцікі», — 8-гадовы Ігар РАДЗЬКО. Яго мама Марыя ўспамінае:

— Прыкметы аўтызму ў нас, як і ў большасці, праявіліся не адразу. Турбавацца я пачала, калі сын не рэагаваў на сваё імя, гадзінамі бегаў з кута ў кут, не разумеючы, што адбываецца навокал. Наш тата не вытрымаў — здаўся, пайшоў. Ды і сябры сталі саромецца выходзіць з намі на вуліцу з-за дзіўных паводзін Ігара. Але свет не без добрых людзей. Знайшліся мамы, якія таксама гадуюць дзяцей з аўтызмам. Яны расказалі мне пра метады лячэння, якія даюць добрыя вынікі.

Зараз мы прайшлі чатыры курсы рэабілітацыі. На ўсё гэта з вялікай цяжкасцю ўдавалася сабраць грошы, адмаўляючы сабе літаральна ва ўсім. Але эфект сапраўды добры. Вось толькі на тое, каб працягнуць заняткі і замацаваць станоўчую дынаміку, грошай пакуль не хапае.

Ганна БАГІНО

bahіno@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Аўкоцікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».