Вы тут

У Віцебску адкрылася сінагога, узведзеная з нуля


Пасля рэвалюцыі 1917 года ў Беларусі не будавалі сінагог. І вось яе, як кажуць будаўнікі, узведзеную з нуля, адкрылі ў Віцебску. У перакладзе з іўрыта яе назва «Шацёр Давіда». Цырымонія адкрыцця стала падзеяй міжнароднага маштабу, бо на ёй прысутнічалі іншаземныя госці: рабіны і прадстаўнікі іўдзейскіх абшчын.


Будынак узвялі недалёка ад Смаленскага рынку, на вуліцы Грыбаедава. На ёй ёсць помнікі архітэктуры, і па дарозе да храма можна «перанесціся ў часе». Недалёка на суседняй вулачцы — будынак, які раней выкарыстоўваўся вернікамі. Ён з'явіўся некалькі дзясяткаў гадоў таму.

Новую сінагогу пабудавалі па ўнікальным праекце. Ёсць шкляны купал, вялікія круглыя вокны, шматузроўневая столь. Унутры на ўсходняй сцяне — некалькі камянёў з Іерусаліма. Як расказаў Леанід Томчын, старшыня Віцебскай іўдзейскай абшчыны, новабудоўля адпавядае ўсім рэлігійным канонам. Узводзілі каля двух гадоў. Шмат ахвотных было фінансаваць будаўніцтва. У частцы адной са сцен — цэгла з імёнамі ахвярадаўцаў.

Рабін Віцебска Малкіэль Гаргодзэ паведаміў, што сінагога паралельна стане культурна-асветніцкім цэнтрам. Тут можна будзе паслухаць лекцыі, паглядзець фільмы па тэме іўдаізму, убачыць выставы. Запланавана стварыць і музей, прысвечаны жыццю іўдзеяў у Віцебску.

Паводле слоў Міхаіла Даніленкі, саветнік старшыні Віцебскага аблвыканкама, адкрыццё сінагогі — падзея знакавая не толькі для віцебскіх іўдзеяў. Ён нагадаў, што менавіта ў Беларусі нарадзіліся адраджальнік іўрыта Эліэзэр Бен-Егуда, першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, іншыя знакамітасці. І, зразумела, Віцебск вядомы ўсяму свету, у першую чаргу, дзякуючы земляку, мастаку Марку Шагалу. Дарэчы, вельмі сімвалічна, што ўнутры новай сінагогі копіі знакамітых шагалаўскіх вітражоў «Дванаццаць кален Ізраілевых».

Падчас акупацыі Віцебска фашысты знішчылі каля 20 тысяч яўрэяў. А ў канцы пазамінулага стагоддзя, згодна з данымі перапісу насельніцтва, іх колькасць перавышала 50% жыхароў горада. Калісьці ў правінцыйным гарадку было каля 60 сінагог і іўдзейскіх малельных дамоў.

На свяце прысутнічалі прадстаўнікі каталіцкага і праваслаўнага духавенства. Добрае надвор'е, яўрэйскія музыка і песні стваралі асаблівы настрой. Нават дах будынка стаў імправізаванай канцэртнай пляцоўкай: там іграў скрыпач. Ён, быццам бы сышоў з палотнаў Шагала. Свята без перабольшвання запомніцца надоўга. І, магчыма, з часам у горадзе стане сінагог больш. Захаваліся рэшткі старадаўняга будынка на вуліцы Рэвалюцыйнай і фундамент Вялікай сінагогі ў раёне цяперашняй вуліцы Калініна.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота Аляксея СПАТКАЯ

Загаловак у газеце: Для малітвы і не толькі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.