Вы тут

Настаўніца музыкі сабрала калекцыю савецкай гукавой апаратуры


— Ой, такое радыё стаяла ў маёй бабулі на падаконніку!

Такой была мая першая рэакцыя на адзін з артэфактаў калекцыі, сабранай Лідзіяй Есьман, дырэктарам Дудзіцкай школы мастацтваў, што ў Калінкавіцкім раёне. Дарэчы, жыхары Дудзічаў і Калінкавічаў па гаражах і гарышчах назбіралі каля 40 экзэмпляраў разнастайнай гукавой апаратуры, якая сёння і прадстаўлена ў экспазіцыі.


Ды­рэк­тар Ду­дзіц­кай шко­лы мас­тац­тваў Лі­дзія Есь­ман.

Музыкант па асноўнай прафесіі, Лідзія Міхайлаўна гаворыць, што сёння такую калекцыю сабраць было б ужо немагчыма. Змянілася пакаленне, і большасць пачысцілі ўсе магчымыя сховішчы ад смецця. Да яго аднеслі, канешне, і тэхніку, якая сумленна адслужыла сваё. Між тым яшчэ зусім нядаўна наяўнасць пераноснага радыёпрыёмніка або магнітафона сведчыла аб статусе і заможнасці яго ўладальніка. За юнаком, які нёс, напрыклад, «Мерыдыян», што пачаў выпускацца ў Кіеве ў 1967 годзе, дзяўчаты беглі прыкладна так, як у даваенныя гады за гарманістам. Так і катушачны магнітафон «Камета» 1962 года выпуску мог дазволіць сабе мець далёка не кожны малады чалавек у другой палове мінулага стагоддзя.

Такія былі і ў Калінкавіцкім раёне, бо, калі Лідзія Есьман звярнулася з заклікам: «прыносьце, што яшчэ дзе завалялася», рарытэты сталі паступаць у імправізаваны музей. Напрыклад, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктар Замосцік падарыў свой транзістарны прыёмнік «Сокал».

Маю ўвагу, без сумнення, прыцягнуў 15-кілаграмовы сеткавы лямпавы радыёпрыёмнік з назвай «Звязда-54». З 1954 года яго выпускалі Харкаўскі завод «Камунар» і Маскоўскі завод «Маспрыбор».

Маг­ні­та­фон «Ка­ме­та МГ-201».

— Мае сваякі: свёкар, муж і брат заўсёды захапляліся апаратурай, — успамінае Лідзія Есьман. — «Звязда» належала майму брату Мікалаю. Ён вельмі доўга ім карыстаўся. Потым нарэшце захацеў яго выкінуць, але я папрасіла аддаць. З гэтага ўсё і пачалося.

Дарэчы, выпуск «Звязды» быў вельмі значнай падзеяй сярэдзіны пяцідзясятых гадоў у СССР. Корпус быў штампаваны з металу, з ужываннем нікеліравання і шматпластовага лакіравання. Знаўцы гавораць, што ён не ўпісваўся ў звыклую лінейку мадэляў шэрых прыёмнікаў і радыёл у драўляных футаралах, як двайняты падобных адзін на аднаго. Сродкі масавай інфармацыі тых гадоў апісвалі з'яўленне «Звязды-54» як велізарны прарыў у афарміцельскім дызайне, як апошні піск моды, што давала людзям надзею на новае, светлае жыццё.

Насамрэч радыёпрыёмнік «Звязда-54» па сваім вонкавым афармленні — поўная копія французскага «Ехсеlsіоr-52» выпуску 1952 года. Ёсць версія, што яго прывезлі дыпламаты ў падарунак нейкай высокапастаўленай асобе. Па іншай — радыёпрыёмнік быў спецыяльна закуплены для капіравання і выпуску па распараджэнні вышэйшага кіраўніцтва. У пасляваенныя гады ўрадам СССР было прынята рашэнне аб абавязковым выпуску абароннымі прадпрыемствамі яшчэ і тавараў шырокага спажывання, і «Звязда» ўпісвалася ў гэтую канцэпцыю.

З 1963 года ў Рызе пачаўся выпуск партатыўнага транзістарнага радыёпрыёмніка «Селга-63». Ён, між іншым, экспартаваўся ў шэраг краін, таму надпісы на шкале і на задняй сценцы былі на рускай і англійскай мовах. У 1967 годзе прыёмнік выпускаўся з таблічкай «50 гадоў Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі», а ў 1970-м — «У. І. Леніну 100 гадоў».

Сеткавы лямпавы радыёпрыёмнік «Звязда-54».

Партатыўны касетны магнітафон «Легенда-401», які з 1972 года выпускаў Арзамаскі прыборабудаўнічы завод імя 50-годдзя СССР, стаў сапраўднай легендай. Ён амаль што без змен дажыў да пачатку 90-х гадоў. Радыёпрыёмнікам «Урал-аўта» цюнінгавалі свае «Масквічы» аматары пракаціцца не толькі з ветрыкам, але і з музыкай.

Відаць, многія настальгічна пачалі ўспамінаць тую тэхніку, якая стаяла ў вашым доме ў чырвоным куце. У Дудзічах ёсць магчымасць убачыць катушачныя «Маяк-201», «Арбіту», «Электроніку ТА-001», «Алімп»... Ёсць гучнагаварыцель «Сігнал» у драўляным корпусе. Ён важыць больш за тры кілаграмы. Прыбор з 1957 года выпускаўся ў тым ліку і на Гомельскім заводзе металабытавых вырабаў. Айчынную вытворчасць прадстаўляе і стацыянарны транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т». Дарэчы, гэтая мадэль атрымала Вышэйшую ўзнагароду Сусветнай выстаўкі ў Нью-Ёрку ў 1960 годзе.

У рэтра-калекцыі не толькі прыборы, але і часопісы, якія сведчаць, што бабулі сучасных школьніц былі яшчэ тымі модніцамі. Дзяўчынкі гартаюць пажаўцелыя старонкі і толькі здзіўляюцца. Асобна прадстаўлена нумізматыка. У гэтай экспазіцыі можа і няма экспанатаў, якія б трэба было ахоўваць пад сігналізацыяй, але ж грошы з выявамі зайцоў, вавёрак і зуброў, пра якіх пакуль добра памятае сярэдняе пакаленне, для сучасных падлеткаў — сапраўдны цуд.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Музыка СССР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».