Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Шыла ў мяшку не схаваеш

Тыя з мужчын, хто жыў у Савецкім Саюзе, напэўна ж, помняць сваю службу ў войску — у легендарнай Савецкай Арміі ці Ваенна-Марскім Флоце. Юнакоў у іх прызывалі з усіх куткоў вялікай краіны, з усіх рэспублік.

Вось і Валерыку, майму аднагодку (ці не таму, што яму ўсе лужы па калена былі?), выпала апынуцца ў славутым Кранштаце, закрытым горадзе-порце, дзе на рэйдзе стаялі ваенныя караблі, а па набярэжнай гулялі сапраўдныя адміралы (гэта зараз трапіць туды можа любы турыст, а на той час — бронь божа).

...Пачатак службы выдаўся для хлопца досыць напружаны: каранцін, воінская прысяга, баявая і палітычная падрыхтоўка. А паколькі ваенны флот меў даўнюю гісторыю і такія ж традыцыі, навічкі з цікавасцю слухалі пра спецыфіку марской службы з часоў Пятра І, запаміналі (ды каб і хацеў, не забудзеш), што тады перад абедам, напрыклад, абавязкова налівалі чарку, што не ганебным для матросаў лічылася наведванне розных шынкоў і нават так званае злоўжыванне. (Што цікава, калі пасля яго п'яны ляжаў галавой да карабля, то лічылася, што небарака хацеў трапіць на службу, але не змог. Таму яго заносілі на карабель і нават не каралі. Калі ж валяўся нагамі — да вады, да судна — ганьба: ледзь не ў дэзерцірстве маглі абвінаваціць...)

Факт: не службай адзінай жылі маракі-папярэднікі!

Умелі адпачываць і сябры Валеры. Ва ўсякім разе, на другім годзе службы (з трох) у іх таксама ўжо былі звальненні на бераг. Хлопцы гулялі па горадзе, ласаваліся марожаным, па даўняй завядзёнцы трымалі курс на Якарную плошчу. Там быў помнік знакамітаму контр-адміралу Макараву, там узвышаўся велічны Марскі сабор і размяшчаўся матроскі базавы клуб, дзе апроч іншага ладзіліся танцы. А значыць, можна было знаёміцца з дзяўчатамі, прызначаць спатканні...

Дзеля аднаго з іх наш Валерык і наважыўся пайсці ў «самаволку». Удваіх з сябруком яны адзеліся ва ўсё цывільнае і, прашмыгнуўшы каля вахты, сышлі на бераг.

Пачувалі сябе як у бога за плячыма, бо свабода ж, вольніца...

Але раптам — адкуль ні вазьміся — патруль.

— Вайскоўцы? — строга пытае, спыніўшы.

Хлопцы ў струнку, навыцяжку:

— Ніяк не!

(Яшчэ і пятамі красовак прыстукнулі).

— У камендатуру!

...Што ні кажы, строгае было пакаранне, але ж першае і апошняе, бо далейшую службу гэтыя матросы неслі годна: наш бравы Валерык ва ўсякім разе выйшаў на «дзембель» старшыной і выдатнікам ВМФ. А галоўнае — поруч з нявестай, якая дачакалася хлопца... Не на тое спатканне, дык на іншае.

Таццяна Раманава, г. Наваполацк


Не ведаючы броду...

У тую ранічку пасля начной змены да мяне падышла каляжанка і паклікала ў грыбы.

Я трохі падумала і згадзілася: ну чаму б і не, калі муж дома (яму на працу ў другую змену, значыць, дзяцей дагледзіць), а лес амаль побач з заводам. Да таго ж Галя запрашае, значыць, мясціны грыбныя ведае...

На дварэ быў кастрычнік. Надвор'е цяплом не песціла, а тут яшчэ і дожджык на галовы закапаў. Але ж грыбы, як выглядала, недзе ёсць...

Мы з Галяй знайшлі дзве кучкі апенек, пахадзілі яшчэ і толькі тут зразумелі, што заблудзіліся. Горш за тое побач з намі прабег дзік, а вакол было не сказаць, каб балота, але ж месца мокрае, пад нагамі чулася вада. І добра Галіне — яна «мерала» яе ботамі, а вось я, у туфлях, магла хіба што скакаць — з купіны на купіну.

Ведаць бы толькі, куды?!

Не помню, колькі мы пакружылі па лесе, але ж нарэшце пачулі, што недзе лапоча трактар (мабыць, калгаснае поле арэ?). Мы тут жа кінуліся на гэты шум.

Вушы, дзякаваць богу, не падвялі: вось яно, поле, вось і доўгачаканая дарога! Але ж, як той казаў, дарма, што відаць, ды далёка дыбаць: на шляху ў нас была яшчэ адна перашкода — канава метры са тры шырынёй, запоўненая мутнай зялёнай вадой. Ні пачатку ў яе, ні канца, як здавалася. Праўда, паводдаль я заўважыла бервяно, якое магло паслужыць нам кладкай. Яно было старое і, падобна, гнілое, але ж мне так хацелася дамоў, што я рашуча пайшла наперад.

Вынік аказаўся сумны: бервяно пада мной зламалася, і я ледзь не па калені апынулася ў вадзе. Пакуль выбіралася, Галіна адшукала нейкі іншы пераход і ўжо там, на другім баку рова, мы з ёй памяняліся абуткам: я на босыя ногі ўссунула яе боты, яна — на сухія калготкі — мае мокрыя туфлі.

У такім выглядзе мы выйшлі на дарогу, дапляліся да горада, пад'ехалі на тралейбусе.

Факт, што, калі я падыходзіла да дома, туды ж са школы ўжо вярталася мая старэйшая дачушка. З радасным крыкам: «Мама, у буфет булачкі прывезлі!» — яна кінулася да мяне. Мабыць, думала, што зараз я схаджу і куплю тых булачак (бо ў іншыя дні я гэта рабіла...). У той жа — я прамовіла: «Пайшлі дамоў».

Там, знерваваўшыся, мяне чакалі муж (які, апроч іншага, спазняўся на працу) і наша маленькая дачушка.

...На працы Галіна нешта, відаць, расказала пра наш сумесны паход у грыбы, бо жанчыны з нас доўга смяяліся.

А маглі б парагатаць, калі б ведалі, як я, выходзячы з лесу, старалася схаваць пад полы паліто Галіны боты 40-га памеру, і як яна — кульгала па вуліцы ў маіх мокрых туфлях 38-га.

...Болей з гэтай жанчынай я ў грыбы не хадзіла. У іншыя месцы, зрэшты, таксама.

Таццяна Чэкед, г. Гомель


«Сала многа не браў»

Выпадак, пра які хачу расказаць, адбыўся гадоў 17 таму, але і зараз ён успамінаецца з цёплай усмешкай.

Пасля заканчэння ўніверсітэта я працавала ў вясковай школе і, вядома ж, надзвычай ярка ўспрымала ўсе праявы свайго новага, дарослага жыцця. Ну вось, напрыклад, з вучнямі сёмага класа мы вывучалі апавяданне Віктара Карамазава «Дзяльба кабанчыка». Дзеці шчыра цікавіліся творам, шкадавалі маці, якая раздала дзецям, што жылі ў горадзе, усё мяса ды сала, а сабе ад таго свінчаці пакінула толькі хвост і вушы, асуджалі яе дачок (маўляў, ім бы толькі торбы паўней напхаць), ухвалялі ўчынак малодшага сына, які ў апошні момант вырашыў не ехаць у горад, а застацца ў бацькоўскай хаце.

Дома школьнікі павінны былі напісаць сачыненне. Тэмы — на выбар: «Трэба дома бываць часцей», «У вёску па сала» і «За што я асуджаю герояў апавядання».

На наступным уроку вучні зачытвалі свае творы: пісалі, у прыватнасці, што яны не здрадзяць роднай вёсцы і не будуць паводзіць сябе так, як «героі» апавядання.

Але найбольш мяне ўразіла адно сачыненне — даўжынёю... у два радкі. Для таго каб напісаць іх, сямікласнік уявіў сябе дарослым, самастойным і як бы з той далёкай будучыні напісаў: «Я прыехаў у вёску да маці, накалоў ёй дроў, нанасіў вады. Сала многа не браў». Усё, больш — ні слова...

Не помню, якую адзнаку за гэты твор я паставіла. Але ж каму з калег пра яго ні расказвала, усе, дружна пасмяяўшыся, прызнавалі, што выхаваўчая мэта ўрока была дасягнута.

Цікава б толькі даведацца, як там мой вучань? У вёсцы жыве ці туды прыязджае?

І сала бярэ ці не?

Ірына Матусевіч, Дзяржынскі раён


Непамысна беларусу, што ў кайф індусу

...Калі на працы каляжанкі пачыналі «мыць косці» сваім мужам — маўляў, і такія яны і гэткія, — Марына амаль не слухала, бо яе Валодзя быў зусім не такі: з галавой чалавек, і, здавалася, што ніколі яе не страціць, але ж...

Чарніц у гэтым годзе ані не было — нават для сабе. Затое грыбоў...

Яны з мужам штодня шчыравалі. Спачатку лісічкі кашамі насілі: і марынавалі іх, і марозілі, нават здавалі, каб грошай зарабіць на вучобу дачцэ. А потым баравікі пайшлі. Дома і пагатоў не ўсядзець.

Праўда, нейкага дня (і як на тое ліха) у іх машына зламалася. Муж тады падаўся ў гараж даводзіць яе да ладу, а Марына паехала ў лес з суседзямі.

...Назад вярнулася стомленая, але шчаслівая. Зазірнула ў залу. Яе Валодзя там, як Буда, на падлозе сядзеў. Гэта ў яго новая забаўка: ёгай займаецца. Ну і няхай: чым бы дзіця ні цешылася... Марына і раней не назаляла яму, і зараз не стала: ціхенька прычыніла дзверы і пайшла на кухню.

На стале ўбачыла недапітую бутэльку гарэлкі і два кілішкі. Значыць, Валодзя некага частаваў.

Хацелася спытаць, каго, але ж яшчэ больш — хоць на паўгадзінкі — прылегчы, адпачыць.

У сон — нібы ў яму — увалілася.

І сніцца ёй, што ў радзільню трапіла, што крык вакол, але чамусьці... мужчынскі.

Вочы расплюшчыла — дык гэта ж Валодзя ў зале крычыць!

Яна куляй туды, а ён і сапраўды разрадзіцца (цьфу ты, распрастацца) не можа: заснуў, відаць, скруціўшыся ў нейкай позе, вось сутаргі схапілі.

Чым дапамагчы?

Марына лётам да суседзяў.

Тыя адразу ж да іх (і ўсёй сям'ёй): занеслі небараку ў свой джып, памчалі ў бальніцу.

...Добра, што доктар талковы быў: як бачыш, зразумеў, што да чаго. Укол зрабіў, у ванне з цёплай вадой «раскруціў» Валодзевы ногі, расцёр. А ўжо потым, калі палягчэла, і прыгаворваць стаў: маўляў, каб не знаў ты ёгі, не балелі б ногі.

А Валодзя, што цікава, якраз ёгай і лячыўся. Казаў, памагала...

Факт, што Марына цяпер ведае: мужчыны і сапраўды як дзеці. Іх без нагляду нельга пакідаць, бо такое можа зрабіцца, што каб і хацеў, не прыдумаеш.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.

Калейдаскоп

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Мама - гэта галоўны чалавек у жыцці. Мама - гэта дабро і адданасць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. На гэтым тыдні планавыя мерапрыемствы могуць сарвацца, а вось тое, што будзе атрымлівацца спантанна, пройдзе выдатна. 

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.