Вы тут

Хаус-майстар: спецыяліст па доме ці яго кіраўнік?


Можа лямпачку памяняць, аднак у электрашчыток лезці не павінен.

Практыка замацавання за адным чалавекам догляду і абслугоўвання некалькіх дамоў прыйшла да нас з Германіі, але ў айчынным выкананні праца хаус-майстра адрозніваецца ад нямецкай і выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Таму патрабуе ўдасканалення, у тым ліку і праз змену заканадаўчых нормаў.


Абавязкі па тэхналагічнай карце

У Беларусі хаус-майстар — гэта рабочы па комплексным абслугоўванні дамоў і будынкаў, а ў Германіі яго абавязкі больш шырокія. Нашага хаус-майстра жыхары могуць і не бачыць, калі ўсё дасканала працуе, аднак пры гэтым на ім вялікая адказнасць, бо ён здзяйсняе кантроль за тэхнічным станам дома, работай электраабсталявання, аглядае пад'езды, падвалы, сочыць за захаваннем жылфонду.

— Ён можа ліквідаваць дробныя непаладкі і паведаміць, што патрэбна зрабіць яшчэ, — растлумачыла Кацярына ГАРБАЧОВА, дырэктар установы дадатковай адукацыі дарослых «Дзяржаўны цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў «Жылкам»:

— Калі разглядаць паняцце «хаус-майстар» у тым выглядзе, у якім яно прыйшло да нас з Германіі, то гэты спецыяліст — майстар па доме. Аднак у нас гэта менавіта рабочы па комплексным абслугоўванні дамоў і будынкаў. За ім замацаваны шэраг дамоў, і яго зона адказнасці і пералік абавязкаў адлюстраваны ў тэхналагічнай карце, распрацаванай РУП «Інстытут «Белжылпраект» Мінжылкамгаса. Яго абавязак — менавіта сачыць за станам жылля, каб усё у час замянялася і дасканала функцыянавала. У залежнасці ад года пабудовы дома, яго серыйнасці, ад таго, ці ўнесены будынак у чаргу на капрамонт, і залежыць спецыфіка яго работы.

Хаус-майстар можа памяняць лямпачку, але ніхто не патрабуе ад яго лазіць у электрашчыток, мяняць праводку ці выконваць іншыя складаныя работы па электрабяспецы: для гэтага ёсць спецыялісты профільныя. Калі пацёк кран, хаус-майстар можа спыніць цечу, але рамантаваць кран павінен сантэхнік.
У задачу такога рабочага па доме ўваходзяць ачыстка даху і двара ад наледзі і снегу, умацаванне ганкаў, казыркоў над уваходамі ў пад'езды, агароджаў балконаў і іншае. Ён таксама можа замяніць шкло ў пад'ездзе ці выканаць невялікую афарбоўку.

Адзін замест пяці

Сутнасць працы хаус-майстроў у Германіі ў тым, што гэты спецыяліст з'яўляецца правай рукой кіраўніка нерухомасцю (на іх дваіх прыходзіцца да 500 кватэр). Спажыўцу няма патрэбы выходзіць на ўзровень кіраўніка, бо ён напрамую кантактуе з хаус-майстрам, расказаў Генадзь КАЛЁНАЎ, выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці ў Беларусі (МАМН), і растлумачыў, чаму нашы хаус-майстры не могуць працаваць на ўсе сто:

— Тое, што практыка існавання хаус-майстроў для звычайных спажыўцоў у Беларусі запатрабаваная і карысная, разумеюць на ўсіх узроўнях. Праўда, патэнцыял самой ідэі рэалізаваны ў Беларусі працэнтаў на 30, і гэта ўжо добра. Але ёсць магчымасці для ўдасканалення. Простымі арганізацыйнымі мерамі, правільна карыстаючыся такім інструментам, як хаус-майстар, можна дасягнуць значна большых вынікаў. Аднак гэтаму перашкаджаюць правілы, якія былі ўстаноўлены раней. Паводле нямецкіх стандартаў, хаус-майстар павінен выконваць вялікую колькасць работ. А згодна з нашымі законамі гэта ж мусяць рабіць 5—6 чалавек, і пры ўсім жаданні кіраўнікі дзяржарганізацый ЖКГ не могуць парушыць працоўны кодэкс і карыстацца патэнцыялам хаус-майстра ў поўнай меры.

Сапраўды, раней асобныя спецыялісты — маляры, цесляры, сантэхнікі, электрыкі, страхары — займаліся кожны сваёй справай. Цяпер такія дробныя работы выконвае адзін хаус-майстар.

— Хаус-майстар па вялікім рахунку не займаецца ліквідацыяй вынікаў аварый, яго задача хутчэй прафілактычная — не дапусціць узнікнення гэтых аварый. Калі ўсё ж нешта здарыцца, хаус-майстар павінен аператыўна адрэагаваць, аказаць першую кваліфікаваную дапамогу. Пры гэтым ніхто не выключаў з сістэмы ЖКГ электрыкаў, сантэхнікаў, цесляроў і іншых спецыялістаў, што павінны мець спецыяльны допуск для правядзення работ. Калі спатрэбіцца, яны выканаюць сваю частку, — падкрэсліла Кацярына Гарбачова.

З прафесійнай «корачкай»

Дагэтуль хаус-майстраў рыхтавалі шляхам перападрыхтоўкі ўжо гатовых спецыялістаў, якія працавалі па пэўных рабочых спецыяльнасцях. За 2—3 месяцы яны атрымлівалі дадатковыя навыкі. З 2013 года такім чынам толькі ў Жылкаме перападрыхтавана каля 1200 чалавек. У 2019 годзе ў Мінску адбудзецца першы выпуск спецыялістаў, якіх рыхтуюць па спецыяльнасці «рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў».

— Гэта будзе комплексная прафесія рабочай спецыяльнасці, — падкрэсліла дырэктар установы дадатковай адукацыі. — Навучэнцы рыхтуюцца на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай трохгадовай адукацыі пасля 9-га класа. Існуе прафесійна-тэхнічны стандарт, які датычыцца адпаведных устаноў адукацыі. На нас ён не распаўсюджваецца, хоць мы з улікам гэтага стандарту ў межах свайго навучальнага працэсу карыстаемся некаторымі нормамі адносна фармулёвак і нормаў заканадаўства.

Генадзь Калёнаў упэўнены: адпаведную адукацыю, раз яе павінны набываць хаус-майстры, павінна мець і вышэйшае кіраўніцтва, каб лепш разумець, што патрабаваць ад комплекснага рабочага:

— Каб не наймаць спецыялізаваную арганізацыю і не плаціць вялікія грошы за выкананне работ, якія патрабуюць дакладнай спецыялізацыі, наймальнік у Германіі знаходзіць умелага чалавека без спецыяльнага навучання, гэта значыць хаус-майстра. Самога ж наймальніка, або кіраўніка нерухомасцю, рыхтуюць тры гады (прыкладна палова навучання — вучоба, палова — практыка). У нас усё наадварот: хаус-майстру патрэбна спецыяльная адукацыя, а яго кіраўніку такой не трэба. Гэта непаразуменне трэба ліквідаваць. Калі хаус-майстра вучаць у каледжы, то яго кіраўнік тым больш, незалежна ад таго, працуе ён у дзяржструктуры ці таварыстве ўласнікаў, па логіцы павінен атрымаць адпаведную адукацыю. Тады ён будзе дасканала разумець абавязкі хаус-майстра і зможа выкарыстоўваць яго з максімальнай карысцю для насельніцтва. Тады кіраўнік будзе падбіраць сабе такіх рабочых, якія будуць яго правай рукой і тварам арганізацыі.

5—10 хвілін у Германіі, 2—3 гадзіны — у нас

Столькі патрабуецца на ліквідацыю аварыйнай сітуацыі ў доме. Гэта адбываецца таму, што за мяжой хаус-майстар даступны кругласутачна і заўжды знаходзіцца на месцы, а айчынная «аварыйка» вымушана не толькі перапыніць праблему, але і адразу ліквідаваць яе. У выніку выезд на наступны тэрміновы аб'ект затрымліваецца. У гэтым адзін з асноўных недахопаў рэалізацыі сістэмы працы хаус-майстраў у нашай краіне, мяркуе Генадзь Калёнаў.

— Просты прыклад. Скажам, залівае кватэру. Наш чалавек звоніць у «аварыйку» ці службу 115. Каб прадухіліць заліванне і нанясенне шкоды, трэба перакрыць шаравы кран і ліквідаваць прычыну аварыі. Другі крок — пазбаўленне ад самой праблемы, рамонт. У Германіі хаус-майстар у любы час сутак устае і ідзе перакрываць кран, тым самым спыняючы нанясенне шкоды маёмасці жыхароў. Раніцай прыязджае рамонтная брыгада і займаецца рамонтам. У Беларусі пасля званка ў службу 115 заяўка па электроннай пошце накіроўваецца ў аварыйную службу. Брыгада з 2—3 чалавек накіроўваецца да месца аварыі. Аднак на прыбыццё ёй іншы раз патрэбна 3—4 гадзіны, паколькі заявак шмат, а служба вымушана не толькі перакрыць ваду, але і адрамантаваць трубу, перш чым ехаць на наступнае здарэнне.

Хай яго навучаць!

Ці можна спрасціць праблему — зрабіць беларускага хаус-майстра даступным у любы час меншымі сродкамі? Каб жыхары маглі, напрыклад, замест званка ў аварыйную службу тэлефанаваць свайму комплекснаму рабочаму, каб ён тэрмінова «зняў» праблему? Вось што адказвае дырэктар МАМН:

— Можна проста цяпер, абсалютна нічога не мяняючы ў заканадаўстве, надзяліць хаус-майстроў, якія дасканала, значна лепш, чым аварыйная служба, ведаюць свае дамы, абавязкамі ў выпадку аварыі (у тым ліку і ў нерабочы час) тэрмінова ліквідаваць саму прычыну праблемы, напрыклад перакрываць той жа кран пры заліванні. У Германіі ўвогуле не існуе журналаў для рэгістрацыі часу з'яўлення і сыходу з працы работнікаў, ніхто не вядзе ўліку рабочага часу: галоўнае — вынік. Калі хаус-майстар працаваў у нядзелю на давераным яму доме, то ў панядзелак ён спакойна едзе па сваіх справах, якімі меўся заняцца ў выхадны, але яго падмяняюць іншыя. Дзейнічае прынцып: калі чалавек эканоміць грошы жыхароў, тэрмінова перапыняючы прычыну псавання іх маёмасці падчас аварыі, то і яму трэба ствараць камфортныя ўмовы для працы, якія праяўляюцца ў некаторых адступленнях ад рабочага графіка. За 30 гадоў там ніхто не расчараваўся ў падобнай рабоце інстытута хаус-майстроў.

Але ж адзін спецыяліст не можа працаваць кругласутачна ўвесь год. Значыць, тады хаус-майстроў павінна быць як мінімум два, каб адпавядаць такому рэжыму?

— Калі хаус-майстар захварэў ці пайшоў у адпачынак, кіраўнік нерухомасцю павінен прадугледзець магчымасць яго замены праз узаемадзеянне з іншымі майстрамі. Гэтаму кіраўніка таксама вучаць на адпаведных курсах, дзе 1,5 года — гэта тэорыя, і 1,5 — практыка. У выніку атрымліваецца спецыяліст, які ведае, што рабіць, і ўмее прымаць правільныя рашэнні, — растлумачыў Генадзь Калёнаў.

Ірына СІДАРОК

sidarok@zviazda.by 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.