Вы тут

ХХХ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі пройдзе ў Віцебску


Юбілейны фестываль аб'яднаў артыстаў з Аўстраліі, Аўстрыі, Беларусі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Ізраіля, Іспаніі, Італіі, Канады, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Румыніі, Славеніі, ЗША, Украіны, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Японіі. Павіншаваць любімы ІFMC прыедуць лаўрэаты конкурсу сучаснай харэаграфіі ў Віцебску розных гадоў.


Цэнтральная падзея фестывалю — Беларускі конкурс сучаснай харэаграфіі. Удзельнікі, якія прайшлі першапачатковы адбор, выступяць перад міжнародным экспертным журы ў канцэртнай зале «Віцебск» і Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа на працягу фестывальнага тыдня. Адабраныя журы фіналісты з'явяцца перад гледачом 18 лістапада ў заключным туры.

— Фестываль унікальны не толькі па сваёй эстэтычнай культуры, але і па ролі, якую ён выконвае ў развіцці харэаграфічнага мастацтва Беларусі, — заўважыў першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімір Рылатка. — Доўгі час Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску быў адзінай крыніцай інфармацыі аб танцавальным жыцці краіны, бо амаль 20 гадоў у яго не было аналагаў, і менавіта ІFMC запаліў агенчыкі іншых фестываляў такога кшталту. Гэта апора сучаснай харэаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь.

Падчас прэс-канферэнцыі, зладжанай напярэдадні фестывалю, намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах ГУ «Цэнтр культуры «Віцебск» Марына Раманоўская падрабязна расказала пра тое, чаго чакаць ад юбілейнага ІFMC. Распачнецца фестываль паказам фільма «Пасля цябе», галоўнай тэмай якога з'яўляецца складаны лёс харэографа. На прэм'еру прыедуць рэжысёр фільма Ганна Матысон і выканаўца галоўнай ролі народны артыст Расіі Сяргей Бязрукаў. На канцэрце ўрачыстага адкрыцця Сяргей Бязрукаў уручыць спецыяльную ўзнагароду за значны ўнёсак у развіццё сучаснай харэаграфіі. Хто атрымае гэты прыз, пакуль трымаюць у сакрэце.

Акрамя конкурсных выступаў, для жыхароў і гасцей Віцебска падрыхтавалі насычаную праграму. На фестываль прыедуць тэатр «Балет Масква» (Расія), кампанія танца «VerTeDance» (Чэхія), «ZAWІROWANІA DANCE THEATRE» (Польшча), тэатр «Балет Яўгена Панфілава» (Расія), тэатр «Кіеў мадэрн-балет» (Украіна), Нацыянальная кампанія танца Іспаніі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны, народны артыст Малдовы харэограф Раду Паклітару зазначыў: такой афішай можа пахваліцца далёка не кожны еўрапейскі фестываль, і Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску — вельмі сур'ёзная падзея ў харэаграфічным свеце.

ІFMC не абмяжоўваецца толькі харэаграфіяй, але звяртае сваю ўвагу і на іншыя віды мастацтва: фае канцэртнай залы «Віцебск» упрыгожаць работы Аляксандра Салівончыка, фотапраект Ганны Майсяюк «Каліграфія танца» і выстаўка-інсталяцыя «Музей-архіў», прысвечаная 30-годдзю фестываля, якая адлюстроўвае гісторыю развіцця ІFMC ад часоў СССР да нашых дзён. Запланаваныя майстар-класы ад вядомых танцоўшчыкаў з Беларусі, Расіі ды Польшчы, прэс-канферэнцыі, прэзентацыі кніг, прысвечаных танцу.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Танцавальны юбілей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?