Вы тут

Лізавета Бобрыкава: Беларусы пачынаюць з'яўляюцца на міжнароднай арэне


Айчынныя кінематаграфісты атрымаюць на «Лістападзе» тэарэтычную і практычную падтрымку.

Учора ў кінатэатры «Масква» разбітай аб штатыў талеркай абвясцілі адкрыццё XXІV Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», а сёння пачаліся яго конкурсныя паказы і работа індустрыяльнай платформы. Мы сустрэліся з каардынатаркай апошняй Лізаветай Бобрыкавай, якая расказала нам пра пітчынгі сцэнарыяў і кінапраектаў увогуле, а таксама пра дзень віртуальнай рэальнасці «VІR: CІNEMA».


— Вы арганізуеце сцэнарны трэнінг, пасля якога праводзіце пітчынг сцэнарыяў. Каму аўтары будуць прадстаўляць свае праекты і ці будзе гэта мець для іх нейкі практычны эфект?

— Існуе вялікая колькасць сцэнарных трэнінгаў, якія з'яўляюццца першай прыступкай да міжнароднай кінаіндустрыі. Пасля наведвання кінафестываляў ад Літвы да Берліна і Канаў я заўважыла, што ўсё гэта ўзаемазвязана: спачатку праект з'яўляецца на сцэнарным трэнінгу, потым на сцэнарным пітчынгу, на агульным пітчынгу, на пітчынгу Work & Progress і, нарэшце, у праграме кінафестывалю. Гэта вялікая міжнародная сям'я, дзе, можна сказаць, усе адно аднаго ведаюць. Мне нават падаецца, што адборшчык пазнае карціны, якія ён бачыў на іншых этапах іх існавання, і інтуітыўна аддае ім перавагу. Таму мы сканцэнтраваліся на дзвюх найважнейшых у міжнародным кантэксце праграмах, якія прымаюць беларускія праекты, — Mіdpoіnt і Torіno fіlm lub і запрасілі іх прадстаўнікоў. Наша ідэя ў тым, што сапраўды цікавыя сцэнарыі, калі яны будуць прадстаўлены на нашым сцэнарным пітчынгу, гэтыя адборшчыкі возьмуць да сябе на навучанне альбо дадуць ім практычныя каментарыі па развіцці.

— Колькі прыйшло заявак на сцэнарны пітчынг?

— Больш за дваццаць. Мы сабіралі заяўкі на трэнінг Ганны Гудковай і планавалі па выніках гэтага трэнінгу вызначыць удзельнікаў будучага пітчынгу. Спачатку мы зрабілі тэхнічны адбор, каб гэта былі паўнавартасныя сцэнарыі менавіта беларускіх аўтараў, і гатовы спіс адправілі Ганне Гудковай, каб яна адабрала дзесяць удзельнікаў. Але з той прычыны, што паўнавартасных сцэнарыяў знайшлося не дзесяць, а чатыры, мы вырашылі дапусціць да трэнінгу ўсіх заяўнікаў, тым больш што самі аўтары часам лепшыя за напісаны ўпохапкі тэкст і маюць патэнцыял. Усё ж у нас няма якаснай спецыяльнай адукацыі, але таленты ёсць, што адчуваецца праз інтарэсы і самі заяўкі. Яшчэ адной перашкодай для ўдзелу з'яўляецца тое, што мала хто гатовы працаваць на англійскай мове. Трэнінг будзе праходзіць на рускай, але пітчынг — на англійскай, і некаторыя праекты могуць на яго не трапіць толькі з-за таго, што іх аўтары не размаўляюць па-англійску.

— Вы чыталі дасланыя сцэнарыі. Як іх пракаментуеце?

— Я не магу ацэньваць з пункту гледжання якасці, але разглядаю сцэнарыі з пункту гледжання патэнцыялу для міжнароднай аўдыторыі. Тут, на жаль, не знайшлося сапраўды цікавых гісторый, прынамсі, тое, як сюжэт падаецца, не выкрывае відавочнага патэнцыялу. Цікава, што на сцэнарны пітчынг у асноўным дасланыя заяўкі з ідэямі мастацкага кіно, з якім заўсёды паўстае пытанне бюджэту, а мы ў тым ліку ацэньваем магчымасці рэалізацыі гэтых праектаў. А на пітчынг фільмаў BEL:CІNEMA даслалі ў асноўным дакументальныя праекты. Атрымліваецца, ёсць шмат сцэнарыяў ігравых фільмаў, якія не даходзяць нават да пачатку вытворчасці, і ёсць шэраг дакументальных карцін, якія прапускаюць этап сцэнарнага трэнінгу.

— Такое ж пытанне адносна перспектыў праектаў, што ўдзельнічаюць у пітчынгу BEL: CІNEMA.

— Мы скіраваліся на ментальна і тэрытарыяльна блізкія да нас кінаіндустрыі і кінафестывалі, якія працуюць з беларускімі праектамі і па сутнасці з'яўляюцца дзвярыма ў кінаіндустрыю. Пітчынгі ў Вільнюсе і Карлавых Варах якраз збіраюць найлепшыя работы з рэгіёна Усходняй Еўропы. Ідэя такая ж: мы хочам, каб пасля пітчынгу на «Лістападзе», у ідэале, праекты змаглі ісці далей. Усё залежыць ад саміх праектаў, ад тэматычнага фокуса індустрыі, ад унутраных абставін. Напрыклад, у мінулым годзе беларускія аўтары ўдзельнічалі ў пітчынгу на Вільнюскім кінафестывалі з магчымасцю атрымаць паездку на Канскі кінафестываль. Але на многіх фестывалях, у тым ліку Вільнюскім, адбіраюць толькі праекты краін, якія ўдзельнічаюць у фондзе падтрымкі еўрапейскага кіно Eurіmages. Гэта галоўны еўрапейскі кінафонд, які акумулюе ўзносы краін-удзельніц і размяркоўвае іх на кінапраекты, прэм'еры якіх у 99 працэнтах выпадкаў адбываюцца на тым ці іншым еўрапейскім кінафестывалі. Eurіmages праводзіць вялікую работу па падтрымцы праектаў на стадыі іх развіцця. Але з той прычыны, што Беларусь не ў Eurіmages і, напрыклад, не ў Creatіve Europe, мы павінны былі шукаць тых, хто пакуль яшчэ прымае беларускія праекты. Калі ў нас будуць гісторыі поспеху, як у выпадку з пітчынгам на Вільнюскім кінафестывалі, таму што яго ўдзельнікі атрымалі тады вельмі добрыя водгукі, гэта будзе аргументам для нашага Міністэрства культуры, каб рухацца ў бок уступлення ў праекты накшталт Eurіmages, таму што яны адкрываюць вялікія магчымасці. Тут ёсць грашовыя пытанні, але, як паказвае вопыт нашых суседзяў, яно таго вартае. Хацелася б, каб у Беларусі запрацаваў кінацэнтр, які б адказваў за міжнародныя стасункі. На жаль, у нас няма паўнавартаснай базы вытворчых кампаній і развітога інстытута прадзюсавання, таму ўзнікаюць пэўныя цяжкасці з арганізацыяй капрадукцыі, бо ў Еўропе між сабой супрацоўнічаюць прыватныя кампаніі, а не дзяржаўныя структуры. Як пляцоўка Індустрыі мы рады з дапамогай прафесійных гасцей падтрымаць і пракансультаваць па пытаннях уступлення ў Eurіmages і праекта Закона па кінематаграфіі, арганізаваць абмеркаванне гэтых тэм з прафесіяналамі з краін, якія маюць добры вопыт і ўжо паказалі «вынікі» развіцця сваіх кінаіндустрый нацыянальнымі прэм'ерамі ў Канах і намінацыямі на Оскар. Прафесіяналы з Грузіі, Польшчы, Літвы — нашы частыя госці і з той прычыны, што ў гэтых краінах выдатна апошнія дзесяць гадоў развіваецца індустрыя, яны маглі б стаць для нас прыкладам.

— Ці шмат заявак прыйшло на пітчынг BEL: CІNEMA і што гэта былі за праекты?

— 24 заяўкі, з якіх адабрана 8. Праўда, мы атрымалі некалькі запытаў з іншых краін, хоць пітчынг разлічаны толькі на беларусаў, і некалькі заявак прыйшло без трэйлера, і таму яны адсеяліся адразу. У цэлым з праектамі на BEL: CІNEMA цікавей, хоць бы таму, што праз трэйлер лепш зразумелая задумка аўтара. Тым больш відаць, што ідэя ўжо ў развіцці, некаторыя з заяўленых праектаў ужо недзе пітчынгаваліся, большасць заяўнікаў мае вопыт. Мы ведаем, што ўсе ўдзельнікі здольныя правесці прэзентацыю на англійскай. Праўда, заявак было не так шмат, як хацелася б. Мы разлічвалі ўбачыць больш новых імёнаў, таму не ставілі жорсткіх абмежаванняў накшталт дзесяці фільмаў у стадыі постпрадакшн, але іх амаль не аказалася. На мой погляд, з пункту гледжання рэалізацыі гэта патэнцыйна моцныя работы, хоць бы таму, што дакументальны праект увасобіць прасцей.

— Як нашы аўтары, у параўнанні з тым, як гэта адбываецца на буйных кінафестывалях, прадстаўляюць свае праекты і ці ўмеюць яны гэта рабіць?

— Прадставіць свой праект на пітчынгу — не дар, гэтаму трэба вучыцца. Калі, напрыклад, у Грузіі ствараўся кінацэнтр, першараднай задачай для іх было навучыць кінематаграфістаў прэзентаваць свае праекты, бо гэта асаблівая мова, стандарты і рэгламент. Праўда, пітчынгамі звычайна займаецца прадзюсар, і тут паўстае асобная тэма інстытута прадзюсавання ў Беларусі, якога пакуль няма. Яшчэ я заўважыла, што нашы людзі не ведаюць, што такое пітчынг, і гэта зразумела, бо я не магу ўявіць, адкуль бы яны маглі пра гэта даведацца. Таму для нас паўстала пытанне, як усяму гэтаму навучыць у максімальна кароткі тэрмін. Мы ўдзячныя, напрыклад, прадстаўніку праекта B2BDoc network Алексу Шыраеву, які на мінулым «Лістападзе» растлумачыў нашым кінематаграфістам, што такое пітчынг і як на ім выступаць. Ёсць цудоўныя трэнеры, якія маглі б навучаць мастацтву пітчынгу, але ў Лістапада пакуль няма бюджэту, каб іх запрасіць. Спадзяемся на падтрымку Міністэрства культуры ў гэтым пытанні. Яшчэ можна дадаць, што з-за высокай канкурэнцыі якасць праектаў, што прадстаўляюцца на міжнародных пітчынгах, вышэйшая. А ў нас людзі часта крыўдзяцца за тое, што іх нікуды не ўзялі.

— У мінулым годзе на індустрыяльнай платформе праходзіла так званае сцэнарнае сватанне, падобнае да сёлетняга сцэнарнага пітчынгу і агульнага пітчынгу. Ці з'явіліся нейкія вынікі?

— Так, тады шмат сцэнарыяў былі ў большай ступені тэатральнымі. Было заўважна таксама, што аўтары ўвогуле не думаюць пра бюджэт, а гэты складнік павінен мецца на ўвазе ўжо на этапе сцэнарыя, каб потым не было сюрпрызаў. Нас крыху засмуціла, што амаль ніхто з тых, хто ў мінулым годзе прадстаўляў свае праекты на «сцэнарным сватанні», у гэтым годзе не з'явіўся зноў. Узнікае пытанне: навошта яны пішуцца? Відавочным вынікам стаў удзел беларускіх аўтараў у пітчынгу ў Вільнюсе. Нямецкі прадзюсар Сімона Баўман дала праектам высокую ацэнку. Адборшчык Берлінскага кінафестывалю Мікалай Нікіцін сказаў, што многія праекты, прадстаўленыя ў беларускай секцыі, былі нават цікавейшыя за праекты з асноўнага пітчынгу Вільнюскага кінафестывалю. Ёсць і ўскосныя вынікі — з'явілася невялікая група дакументалістаў, якія пачалі ўзаемадзейнічаць і адзін аднаму дапамагаць, напрыклад, у тэхнічных момантах, дзяліцца інфармацыяй, дзе якія конкурсы і куды можна падавацца. Прыемна таксама, што беларусы пачынаюць з'яўляюцца на міжнароднай арэне і ўдзельнічаюць у праектах міжнародных кінафестываляў. Таксама нашай ускоснай перамогай стане спецыяльная праграма беларускага кіно на сёлетнім Котбускім кінафестывалі ў Германіі. Ёсць дамоўленасці і з іншымі пляцоўкамі, якія таксама хацелі б зрабіць фокус на беларускім кіно. Увогуле, нашы маладыя кінематаграфісты пачынаюць бачыць альтэрнатыўныя варыянты і ведаюць, што, апроч Беларусьфільма з яго ўласным шляхам развіцця, ёсць сфера, скіраваная на міжнародныя фестывалі. Апошнюю мы і хочам папулярызаваць.

— Я думаю, што часткай індустрыяльнай платформы, цікавай менавіта масаваму гледачу, будзе дзень віртуальнай рэальнасці «VІR: CІNEMA». Раскажыце пра яго.

— На мінулым, пробным, дні віртуальнай рэальнасці ў нас таксама паказваліся фільмы, але меншага геаграфічнага ахопу, а сёлета мы вырашылі замахнуцца на міжнародныя карціны, тым больш фільмы віртуальнай рэальнасці зараз з'яўляюцца на найбуйнейшых кінафестывалях. У гэтым годзе мы пакажам васямнаццаць вельмі розных карцін. Безумоўна, іх можна паглядзець і дома, маючы акуляры, але, калі ты глядзіш кіно разам з некім, як і са звычайным кінапаказам, — гэта іншае пачуццё. Людзі будуць глядзець адначасова адно і тое ж і, калі здымуць акуляры, пачнуць дзяліцца ўражаннямі, таксама, як калі ў кінатэатры ўключаюць святло. На гэты ж дзень запланаваныя паўнавартасныя майстар-класы. Як дадатак да паказаў тут будзе спецыяльная зона, дзе беларускія мастакі будуць маляваць у віртуальнай рэальнасці. І яшчэ будзе такая цікавая рэч, якую я магу растлумачыць толькі на пальцах — ты надзяваеш шлем і аказваешся ў фільме, скажам, «Гадзіла». А потым нейкім магічным спосабам ты можаш атрымаць фатаграфію, дзе ты — у антуражы фільма. Мяне радуе, што ў нас з нашымі партнёрамі — галерэяй віртуальнай рэальнасці «ВІР» і кампаніяй «Fellіng fіlms» — падобныя інтарэсы: мы імкнёмся не да масавасці, а хутчэй да нейкай элітарнасці. Наша праграма — гэта не стралялкі ў камп'ютарным клубе, а мастацтва.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.