Вы тут

Як правільна аформіць еўрапратакол пры ДТЗ


Дробныя дарожна-транспартныя здарэнні — гэта тое, з чым сутыкаўся практычна кожны кіроўца, і не так важна, які ў яго стаж. Рэальнасць такая, што ДТЗ адымаюць не толькі фізічнае і псіхічнае здароўе, але і час. Прачакаць супрацоўніка ДАІ можна гадзіну, потым яшчэ гадзіну афармляць сутыкненне — такое выб'е з каляіны як гарадскога, так і сельскага жыхара. Каб не губляць час, існуе так званы еўрапратакол, які ў нас правільна называецца паведамленнем аб дарожна-транспартным здарэнні. Што гэта такое і як гэта працуе — расказваем у нашым матэрыяле.


З першых вуснаў

Гандлёвы прадстаўнік сталічнай арганізацыі Кацярына Н. за рулём амаль 4 гады. «Аб еўрапратаколе даведалася, калі трапіла ў сваё першае ДТЗ. Я была вінаватая: прыцерла іншы аўтамабіль. Іншы кіроўца сказаў выклікаць ДАІ, — расказала дзяўчына. — Прыехаў супрацоўнік аўтаінспекцыі, пытаецца ў пацярпелага, дзе ў яго пашкоджанні. А ён і паказаць не можа, паколькі ў яго толькі рамка нумара зламалася. А ў мяне была брудная машына, таму было відаць пашкоджанне, хоць у мяне прэтэнзій і не было. Супрацоўнік прапанаваў аформіць еўрапратакол».

Па словах Кацярыны, запоўніць бланк даволі проста. «Там дзве копіі, мы хутка іх запоўнілі і раз'ехаліся, — адзначыла яна. — Потым я паехала ў страхавую арганізацыю, калі нешта не так, то там табе ўсё тлумачаць. Дарэчы, у страхавой я і набрала сабе бланкаў. У суме такім чынам я аформіла тры ДТЗ, у астатніх была пацярпелай».

— Гэта рэальна эканоміць час. Людзі, якія маладзейшыя, лёгка згаджаюцца на гэта, — падзялілася назіраннямі Кацярына. — А вось тыя, хто старэйшы, выклікаюць ДАІ. Вядома, калі гэта проста драпіна, то можна аформіць такі бланк. Калі нешта больш цяжкае — лепш выклікаць ДАІ. Калі знойдуць пры рамонце нешта яшчэ, пераацэняць, сума можа аказацца больш за 400 еўра ў эквіваленце.

Гавораць спецыялісты

Каб разабрацца ва ўсіх тонкасцях еўрапратакола, мы звярнуліся ў Беларускае бюро па транспартным страхаванні. «Самае галоўнае для гэтага дакумента: памер нанесенай шкоды не павінен перавышаць 400 еўра, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення метадалогіі, арганізацыі і актуарных разлікаў Раіса АЛЕКСАНДРОВІЧ. — Для выкарыстання гэтага паведамлення трэба выканаць пэўныя правілы, бо калі хоць адно з іх не рэалізавана, бланк лічыцца несапраўдным».

Знайсці гэтыя правілы вельмі лёгка — яны пазначаны на адваротным баку самога бланка. Так, дакумент не запаўняецца, калі нанесена шкода жыццю або здароўю, ДТЗ адбылося з удзелам больш чым двух транспартных сродкаў. Акрамя таго, нельга выкарыстоўваць бланк, калі ва ўдзельнікаў аварыі адсутнічаюць дагаворы абавязковага транспартнага страхавання грамадзянскай адказнасці ці вадзіцельскае пасведчанне. Таксама папера не афармляецца, калі ў вадзіцеляў ёсць прэтэнзіі з нагоды пашкоджанняў, вінаватасці ў здарэнні, а таксама па фізічным стане адзін аднаго.

Дзе ж узяць гэты дакумент? Бланк павінен выдавацца страхавой арганізацыяй пры заключэнні дагавора страхавання. «Калі з нейкай прычыны ў кіроўцы яго няма, то варта звярнуцца ў страхавую кампанію для выдачы альбо ўзяць гэты бланк на любой аўтазаправачнай станцыі. На запраўках яны не ляжаць на бачным месцы, таму трэба папрасіць аператара, які абавязкова выдасць яго», — адзначыла спецыяліст.

Сёння з дапамогай паведамленняў аб дарожна-транспартным здарэнні афармляецца каля 30% усіх ДТЗ — і гэта пры тым, што іх у нас каля 80 тысяч. «Я сказала б, што гэта не мала. Можа, і не так шмат, аднак не трэба забываць, што тут ёсць строгія правілы і абмежаванне па суме. Акрамя таго, такое паведамленне існуе толькі з 2010 года, — дадала Раіса Александровіч. — Дарэчы, сёння сярэдняя сума страхавой выплаты — 500 еўра. У перспектыве парог памеру нанесенай шкоды можа быць павялічаны».

— Па сутнасці, гэта права выбару для ўдзельнікаў ДТЗ — выклікаць ДАІ ці аформіць такі бланк. Ёсць розныя абставіны аварыі, таксама людзі могуць ставіцца да сутыкнення па-свойму, — сказала Раіса Александровіч. — Хто ведае, можа, чалавек шмат гадоў збіраў на гэты аўтамабіль ці ўзяў вялікі крэдыт. Можа, ён упершыню трапіў у ДТЗ. Таму калі чалавек не ўпэўнены — лепш выклікаць ДАІ. Для вінаватага боку больш выгадна разысціся без супрацоўніка аўтаінспекцыі. Таму трэба знайсці ўзаемнае рашэнне, якое задаволіць усіх.

Сітуацыі для афармлення падобнага дакумента бываюць розныя. Напрыклад, калі кіроўца паркуецца на горцы, забывае паставіць аўто на ручнік, яно выпадкова скочваецца і драпае іншую машыну, то і тут можна аформіць еўрапратакол. Дарэчы, у такім выпадку вадзіцельскае пасведчанне ўладальніка пацярпелага аўтамабіля прад'яўляць не трэба, паколькі яго машына не рухалася.

Калі на паркоўцы выпадкова падрапаць іншы аўтамабіль, то аформіць гэты дакумент можна толькі разам з уладальнікам пацярпелага аўтамабіля. Самастойна гэтага рабіць нельга.

А калі выйсці за рамкі?

Найважнейшае пытанне пры афармленні падобнага паведамлення — а як зразумець, што тваё пашкоджанне ацэняць у 400 еўра або менш? «Я не раіў бы афармляць такі бланк на гарантыйны аўтамабіль, — адразу паведамляе начальнік упраўлення міжнародных адносін і пытанняў рэгулявання па ўнутраным і знешнім страхаванні Уладзімір АКСЕЛЬРОД. — Таму што гарантыйныя аўтамабілі як правіла рамантуюцца ў дылера, дзе вельмі высокі кошт запчастак, а таксама немалы кошт гадзіны работы. Таму калі дзесьці на звычайнай СТА можна адрамантаваць аўто за 200 еўра, то ў дылера такая ж работа будзе ацэнена ў 400. Калі ж машына не на гарантыі, то можна зыходзіць з такога разліку: рамонт і афарбоўка аднаго элемента — 100—120 еўра ў сталіцы, 70—80 еўра — у вобласці. У залежнасці ад таго, колькі элементаў пашкоджана, можна і падлічыць прыблізную суму».

Трэба разумець, што ўсё гэта вызначаецца індывідуальна. Бываюць старыя аўтамабілі, для якіх выплата ў 400 еўра можа скласці чвэрць кошту ўсёй машыны. А ёсць дарагія аўто, у якіх адна фара каштуе 1000 еўра.

Здараюцца сітуацыі, калі афармляецца паведамленне аб дарожна-транспартным здарэнні, аднак потым аказваецца, што рамонт ацанілі не ў 400, а 500 еўра. Што ж рабіць у такім выпадку? «Розніцу вяртае вінаваты ў аварыі, — тлумачыць Уладзімір Аксельрод. — Калі афармляецца такі дакумент, то ўдзельнік аварыі не можа патрабаваць больш за 400 еўра са страхоўшчыка. Таму звяртацца трэба да віноўніка — альбо ў добраахвотным парадку, альбо праз суд. Як правіла людзі, якія запаўняюць паведамленне, ведаюць гэта і што іх можа чакаць».

На жаль, з дапамогай падобнага паведамлення вадзіцелі часам спрабуюць падмануць страхавыя арганізацыі. «Ёсць вадзіцелі, якія запаўняюць бланк, раз'язджаюцца, а потым адзін з іх заўважае новае пашкоджанне, якое не ўказалі пры аварыі. Ні ў якім разе нельга ўносіць дадатковыя звесткі пасля аварыі. Бо бланк разлічаны на дваіх, копія ёсць у іншага кіроўцы. Калі бланкі не супадуць, то ў выплаце могуць адмовіць, — расказаў спецыяліст. — Дарэчы, некаторыя кіроўцы робяць так адмыслова — можа, атрымаў калісьці драпіну і вырашыў прыпісаць да гэтага ДТЗ. У нас працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія лёгка вызначаць, калі было здзейснена пашкоджанне. І калі кіроўца робіць гэта адмыслова, то ёсць падстава для ўзбуджэння справы аб махлярстве. Дарэчы, калі трапляеце ў дробную аварыю і карыстаецеся пратаколам, сфатаграфуйце на ўсялякі выпадак пашкоджанні — так вы абароніце сябе».

— Я і сам карыстаўся такім паведамленнем, — дадае Уладзімір Аксельрод. — Хоць ведаю гэты бланк на памяць, усё роўна нерваваўся. Нічога складанага няма, трэба чытаць правілы і рабіць усё па парадку. Калі расхваляваліся, то пасядзіце 10 хвілін, падумайце пра што-небудзь, а потым запоўніце.


Старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Беларусі Ганна Банадык:

— У развіцці гэтага новага для нас кірунку зацікаўлены як страхавальнікі, так і ДАІ, паколькі такі метад спрашчае працэдуру афармлення ДТЗ шляхам пазбягання папяровай цяганіны і лішніх фармальнасцяў, дазваляе вырашаць дробныя ДТЗ самім яго ўдзельнікам, спрашчае работу супрацоўнікаў ДАІ. Такое паведамленне накіравана на зніжэнне затораў на дарогах і ў перспектыве, паэтапна, павінна атрымаць шырокае распаўсюджанне. Напрыклад, у краінах Заходняй Еўропы ўсе ДТЗ, у якіх няма пацярпелых, афармляюцца самімі яго ўдзельнікамі без выкліку паліцыі.

На сённяшні дзень можна канстатаваць той факт, што вышэйапісаны метад афармлення ДТЗ у Рэспубліцы Беларусь прыжыўся, пра што сведчаць адпаведныя лічбы. У 2010 годзе колькасць ДТЗ, аформленых такім чынам, склала толькі 1,2% ад агульнай колькасці страхавых выпадкаў. Розніца з цяперашняй сітуацыяй сапраўды істотная.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Афармляць альбо чакаць? – вось у чым пытанне

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.