Кастрычніцкая рэвалюцыя — адна з найважнейшых палітычных падзей не толькі для Расіі, але і для ўсяго свету, бо ход гісторыі пасля гэтага быў беспаваротна зменены. Меркаванні аб гэтым у беларусаў розныя. Наш карэспандэнт пагутарыў з кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, дырэктарам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаславам ДАНІЛОВІЧАМ пра тое, як правільна ўспрымаць рэвалюцыю, што было б з Расіяй без кастрычніцкага перавароту, а таксама пра тое, што значылі падзеі 100-гадовай даўнасці для Беларусі.
Перамогі і паражэнні
— Чаму ў Расіі адбылася рэвалюцыя?
— Рэвалюцыйныя падзеі 1917 года маюць пад сабой цэлы комплекс прычын. Сітуацыя склалася такім чынам — і геапалітычная, і ўнутрыпалітычная, і сацыяльна-эканамічная, — што фактычна рэвалюцыя атрымала магчымасць здзейсніцца. Якія гэта прычыны? Самая галоўная — і я ў гэтым глыбока перекананы — слабасць расійскай цэнтральнай улады. Відавочна, што палітыка царскага ўрада не ўлічвала інтарэсы асноўных пластоў грамадства. Да таго ж, калі пачаліся рэвалюцыйныя выступленні ў Петраградзе, то іх можна было б спыніць, не даць ім пашырыцца, калі б на тое была палітычная воля і рашучасць. А гэта, як мы ведаем, не было зроблена, што пацвярджае тэзіс аб няздольнасці царскіх улад захаваць парадак і кіраванасць краіны.
— Ці можна казаць, што Мікалай ІІ быў нерашучым, некампетэнтным і слабым кіраўніком?
— Факт застаецца фактам — рашучых дзеянняў з боку ўлады не было. Што датычыцца кампетэнтнасці, то тут трэба вывучаць пэўныя дакументы. Я думаю, кампетэнтнасць прысутнічала, але не хапіла здольнасці забяспечыць выкананне неабходных захадаў дзеля захавання дзяржавы. У выніку рэвалюцыйныя падзеі засведчылі тое, што Мікалай ІІ быў слабым кіраўніком. Не хапала волі апошняму расійскаму імператару.
— У якой меры гаворка ідзе аб «імпартным праекце»?
— Яшчэ раз падкрэслю, што рэвалюцыя — гэта спалучэнне комплексу прычын. Таму, вядома, былі знешнія сілы, якія былі зацікаўлены ў аслабленні Расійскай імперыі. У гэтым кірунку працавалі замежныя разведкі. Але калі б унутрыпалітычная сітуацыя не склалася пэўным чынам, то знешнім сілам было б цяжка здзейсніць такое. Усё наклалася адно на адно.
— Хто выйграў, а хто прайграў ад гэтай рэвалюцыі?
— Тут я вымушаны сказаць, што, на мой погляд, любая рэвалюцыя — гэта анамальная з'ява ў развіцці грамадства. І калі яна здараецца, то адбываецца злом старога дзяржаўнага апарату, сацыяльна-эканамічных і духоўна-культурных адносін. Зразумела, што краіна ў любым выпадку на пачатковым этапе адкідваецца ў сваім развіцці назад. Гэта мы і ўбачылі ў выніку рэвалюцыйных падзей 1917 года. Таму, з аднаго боку, выйгралі геапалітычныя праціўнікі Расіі, выйграла партыя бальшавікоў, якая прыйшла да ўлады. З другога боку, гэта безумоўны пройгрыш старой расійскай палітычный эліты. Да таго ж, першапачатковы злом, рэалізацыя палітыкі ваеннага камунізму, тэрор прывялі да вялікіх узрушэнняў у грамадстве і шматлікіх чалавечых ахвяр. Тым не менш, урэшце пры ўсіх тых хібах і ўзрушэннях, сацыяльны аспект у далейшым развіцці савецкай краіны захаваўся. Была здзейснена ў значнай ступені паспяховая спроба пабудовы сацыяльна арыентаванага грамадства. Вядома, на жаль, гэта было зроблена праз кроў, але фактам застаецца і тое, што ў савецкі перыяд былі велізарныя дасягненні.
Чаканні і рэальнасць
— Як маглі б развівацца падзеі ў свеце, калі б рэвалюцыя ў Расіі не здарылася?
— Гісторыя не разважае, што магло б быць, яна грунтуецца на фактах. Усё астатняе — гэта толькі гіпотэзы і прагнозы. Зразумела, што гісторыя магла пайсці па іншым напрамку. Магчыма, захавалася б Расійская імперыя, потым яна б трансфармавалася, як Брытанская, напрыклад у нейкі саюз. Можа, і было б менш ахвяр, з другога боку, гэтага не ведае ніхто. У любым выпадку, калі б захоўвалася моцная краіна, то былі б і геапалітычныя сапернікі, якія былі зацікаўлены ў яе паслабленні. Ваенныя дзеянні і без рэвалюцыі маглі б адбыцца паміж буйнымі гульцамі.
— Калі б перанесліся на сто гадоў таму, то на чый бок вы б сталі?
— Я рабіў бы ўсё магчымае, каб рэалізавалася ідэя беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, таму што рэвалюцыйныя падзеі падштурхнулі да гэтага. Першая такая спроба адбылася менавіта пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Першы Усебеларускі з'езд быў прафінансаваны партыяй бальшавікоў, такі крок быў зроблены. Таму ў тых абставінах, улічваючы маю сучасную пазіцыю, я б далучыўся да гэтых людзей. Не, я б не сеў у параход і не адплыў. Калі чалавек не патрыёт сваёй краіны, для яго галоўнае — захаваць сябе і сваіх блізкіх, тады алгарытм зразумелы. Але калі мы думаем пра народ і Радзіму, то нельга адысці ў цяжкі момант убок.
— Як бы ў СССР адзначылі стагоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі?
— Мне падаецца, што гэта свята мела б не столькі рэвалюцыйны змест, колькі сацыяльны. Былі б і дэманстрацыі, і навуковыя форумы. Магчыма, гэта свята набыло б такі змест, як сёння ў нашай краіне, калі да 7 лістапада адкрываюцца станцыі метро, сацыяльныя і культурныя аб'екты. Гэта нармальная гістарычная трансфармацыя, калі разбуральны складнік паступова адыходзіць і на першы план выходзіць стваральны сацыяльны аспект. Я лічу, што ў СССР так бы і было.
Айчынная пазіцыя
— Якая роля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў гісторыі станаўлення Беларусі? Як зараз успрымаць тыя падзеі?
— Яна вельмі моцна паўплывала на гісторыю Беларусі, таму што, як я ўжо казаў, упершыню паспрабавалі рэалізаваць ідэю беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Гэта вельмі важны момант для нашай краіны. Гэта ўжо было не поліэтнічнае ўтварэнне, а на першае месца выйшаў нацыянальны беларускі складнік. Як успрымаць рэвалюцыйныя падзеі? У гісторыі вельмі мала такіх з'яў, якія можна характарызаваць як адназначна добрыя ці дрэнныя. У рэвалюцыі 1917 года ёсць і адмоўныя, і станоўчыя бакі. Але магу сказаць, што ў далёкім выніку тагачасных падзей з'явілася незалежная Рэспубліка Беларусь, і сёння мы можам ісці ўласным шляхам развіцця, кіруючыся інтарэсамі менавіта свайго народа і дзяржавы. А што далей? Сусветная практыка паказвае, што адной краіне цяжка адстойваць свае інтарэсы, трэба дзейнічаць у саюзе. Таму я лічу правільнай і цалкам абгрунтаванай палітыку па ўмацаванні Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС.
— Як, на ваш погляд, правільна ў сучасных рэаліях ставіцца да постаці Уладзіміра Леніна?
— Розныя могуць быць стаўленні. З пункту гледжання Беларусі нам не трэба забываць тое, што Ленін абвясціў права нацый на самавызначэнне. Дзякуючы яго пазіцыі была абвешчана БССР, на практыцы рэалізавалася беларуская нацыяльная дзяржаўнасць. Аб гэтым трэба памятаць, таму што невядома, калі б мы атрымалі незалежнасць без рэвалюцыйных падзей. Так, пры ім тэрыторыя Беларусі была падзелена, але потым бальшавікі ліквідавалі гэту гістарычную несправядлівасць.
— Ксенія Сабчак заявіла, што ў выпадку перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Расіі, яна б прыбрала цела Леніна з Краснай плошчы. Як думаеце, час прыйшоў?
— Гэта павінны вырашаць расіяне і кіраўніцтва Расіі. Можа, варта было б гэта зрабіць, можа, ёсць і іншыя палітычныя меркаванні. У славянскай жа традыцыі практыка пахавання ў маўзалеях не была распаўсюджана. Вядома, большасць краін сапраўды сёння сталі на капіталістычны шлях, але капіталізм ужо не той, што раней. Многія сацыялістычныя ідэі яшчэ жывуць і выкарыстоўваюцца тымі ж самымі сацыял-дэмакратамі, напрыклад у Швецыі. З другога боку, ёсць і прыклад КНР. Магчымае пахаванне Леніна не стане канцом гэтых ідэй.
— Якія міфы аб Кастрычніцкай рэвалюцыі шчыльна заселі ў галовах беларусаў?
— Некаторыя беларусы ўспрымаюць тыя падзеі як толькі адмоўныя, адназначна негатыўна ставяцца да Леніна. Мы, вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кіруемся прынцыпам аб'ектыўнасці і разглядаем гістарычныя падзеі з пункту гледжання беларускага народа. Калі выкарыстоўваць такі падыход, то міфаў будзе менш. У Год навукі асабліва хочацца звярнуць на гэта ўвагу нашага грамадства. Дарэчы, літаральна другога-трэцяга лістапада мы правялі грунтоўную міжнародную навуковую канферэнцыю «Вялікі кастрычнік у гістарычным лёсе беларускай дзяржаўнасці», якая якраз і была накіравана на пазбаўленне ад гістарычных міфаў аб рэвалюцыйных падзеях і пашырэнне аб'ектыўных навуковых поглядаў.
— Як рэвалюцыя адбілася на жыцці вашых продкаў?
— Па лініі маці яны паходзяць з Заходняй Беларусі, таму на іх усё адбілася пазней. Па бацькоўскай лініі на момант здзяйснення рэвалюцыі і мой прадзед, і прабабуля жылі ў весцы, былі небагатымі сераднякамі. Пасля ж смерці прадзеда мой дзед вымушаны быў пайсці працаваць да заможных аднавяскоўцаў. Дзякуючы сацыяльным зменам, якія адбыліся ў выніку рэвалюцыі, ён атрымаў адукацыю, працоўную кваліфікацыю. Таму ў Вялікую Айчынную вайну змагаўся за савецкую краіну. Безумоўна, жыццё маіх продкаў не было лёгкім і простым, але адмоўнага стаўлення да савецкай улады нават з боку сваякоў з Заходняй Беларусі не было. Яны былі задаволены сваім жыццём.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.