Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» паўдзельнічалі ў акцыі «За бяспеку разам»


У Беларусі зараз праходзіць традыцыйная штогадовая акцыя «За бяспеку разам». Да сем'яў, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, інвалідаў і старых, якія жывуць адны, аматараў высокаградусных напояў, у шматдзетныя сем'і прыходзяць з прафілактычнымі мэтамі прадстаўнікі розных ведамстваў. Сярод іх — супрацоўнікі міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, аховы здароўя, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнай абароны, газазабеспячальных арганізацый. Удзел у акцыі ўзялі карэспандэнты «Звязды», якія адправіліся ў Смалявіцкі раён.


— Цяжэй за ўсё працаваць з тымі, хто злоўжывае спіртным, а таксама з адзінокімі старымі, — кажа выконваючы абавязкі начальніка Смалявіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Мядзель. — На жаль, тут сваю ролю адыгрывае псіхалогія. І калі з першымі ўсё зразумела, то старыя, у якіх няма ні дзяцей, ні тым больш унукаў, кажуць напрамую: ды я тут проста дажываю сваё. За столькі гадоў нічога не здарылася, чаму менавіта павінна адбыцца са мной? Вось толькі тады, калі ў атаку пойдзе «чырвоны певень», нешта рабіць будзе ўжо позна. Хоць можна заўжды звярнуцца па дапамогу ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва...

Калі ж маладое пакаленне з'ехала ў іншы населены пункт, то ратавальнікі дасылаюць лісты, каб дзеці прыехалі да сваіх бацькоў і дапамаглі ім вырашыць праблемы, звязаныя з бяспекай жылля. Часцей за ўсё пытанні ўзнікаюць да стану печы і праводкі. Яно і зразумела: адрамантаваць іх каштуе даволі істотных грошай, якія ў старога могуць знайсціся ў адначассе не заўжды. Наступным разам ратавальнікі прыходзяць у гэты дом прыкладна праз месяц. І вынік дапамогі, як здаецца, навідавоку. Толькі што ж замінае зрабіць гэта дзецям самастойна, без лішніх нагадванняў?

«Аналізатар чаднага газу ўратаваў жыццё бацькам мужа»

Тым часам мы кіруемся ў адносна новы раён Смалявіч. Прыгожыя пяціпавярховікі былі пабудаваны 5—6 гадоў таму. Іх «фішка» ў тым, што ў кожнай кватэры ўсталяваны газавы кацёл. З аднаго боку, гэта добра — ты не залежыш ад зношаных цепламагістраляў і сярэднясутачнай тэмпературы «за бортам» у 8 градусаў цяпла на працягу пяці дзён, якая дае дабро на ўключэнне ацяплення ўвосень. А з іншага — вымагае і больш клопатаў аб бяспецы.

На чацвёртым паверсе пражывае шматдзетная сям'я Котавых. Дзверы адчыняе гаспадыня з малым на руках. Дзіця, якому менш за месяц, салодка спіць, і мы стараемся не шумець.

Праглядваем усе пакоі. Адкрытай праводкі ў новых пабудовах няма. Газавы кацёл таксама прайшоў перад пачаткам халадоў тэхнічны агляд. І ў кожным пакоі нам падміргвае аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

— Трымайце памятку, — кажа Аляксандр Мядзель. — У нас у рэспубліцы пачасціліся выпадкі выбуху катлоў. Ужо некалькі выпадкаў было з пачатку года. Таму чытайце рэкамендацыі. З кватэрамі, праўда, у нас праблем меней, чым з прыватнымі дамамі. Разеткі ўсе спраўныя?

— Так.

— А нешта я на кухні не бачу ў вас пажарнага апавяшчальніка...

— Вось ён, — здымае белы пластмасавы кругляк з шафы гаспадыня. — Прычым ён рэагуе не толькі на дым, але і на чадны газ.

— А дзе вы яго знайшлі? У газавікоў? Проста ў Смалявіцкім раёне я яшчэ не бачыў камбінаваных апавяшчальнікаў...

— Не, муж набыў на Alіexpress. Замова была зроблена пасля выпадку ў Барысаве, калі чадным газам атруціліся людзі ў некалькіх кватэрах шматпавярховіка. Мы заказалі адтуль некалькі такіх прыбораў. Адзін з іх муж паставіў сваім бацькам, якія жывуць у прыватным доме, дзе ёсць і газавы кацёл, і печка. Неяк яны раней часу зачынілі комін, і чадны газ пайшоў у хату. Апавяшчальнік пачаў гучна пішчаць, і старыя прахапіліся своечасова ад сну...

— Але вы яго лепш прыкруціце на сценку каля самай столі, каб не псаваць рамонт. Чаму мы гэта раім? У канструкцыі любога апавяшчальніка ёсць спецыяльныя дзірачкі на корпусе. З іх дапамогай датчык і рэагуе на небяспеку. Але калі апавяшчальнік проста ляжыць, то праз гэтыя дзірачкі ўнутр будзе набівацца пыл, што не самым лепшым чынам паўплывае на датчык...

«Дзеці з прыборам пагулялі»

Аўтаномны пажарны апавяшчальнік сілкуецца ад спецыяльнай батарэйкі тыпу «Крона». Хапае яе, як правіла, на 6—12 месяцаў работы. Калі ж рэсурс батарэі падыходзіць да канца, то апавяшчальнік пачынае пра гэта паведамляць кароткім піскам. І людзі пачынаюць здымаць прыборы. Хоць усяго толькі трэба схадзіць у найбліжэйшую краму гаспадарчых тавараў. Або замовіць новую батарэйку з дапамогай тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Было б жаданне...

— Быў забаўны выпадак у адной сям'і, — кажа Аляксандр Мядзель. — Яна пражывае ў двухкватэрным прыватным доме. Дзе жыве маці з дзецьмі — там абстаноўка яшчэ больш-менш прымальная. А вось бабуля любіць выпіць. І калі ў яе нешта здарыцца, то без даху над галавой застанецца ж уся сям'я!

Дык вось, паставілі мы бабулі апавяшчальнік. Праз некаторы час прыходзім — апавяшчальніка няма. Пытаемся: бабуля, куды падзелі апарат? Старая адказвае: ды вунь ён, ляжыць на шафе. Інспектар узяў прыбор у руку, праверыць батарэйкі, і ён здаўся яму нейкім падазрона лёгкім. А ад апарата засталася толькі адна накрыўка... Бабуля тлумачыла, што дзеці з ім пагулялі. Цяпер сям'я паставіла два апавяшчальнікі. Засталося толькі дамагчыся, каб старая ізалявала праводку і адрамантавала печ.

«А ў нас страхоўка ёсць!»

Мы кіруемся ў пасёлак Зарэчча. Там таксама жыве некалькі шматдзетных сем'яў. Але гэтым разам ужо не ў шматкватэрных дамах, а ў прыватных.

У доме сям'і Сухенка адразу бачна цвёрдая гаспадарская рука. Але пільны выконваючы абавязкі начальніка і тут знайшоў некаторыя прафілактычныя хібы.

— А ці прыязджалі сёлета да вас з газавай службы? — пытаецца Аляксандр Мядзель. — Ці абслугоўвалі кацёл перад ацяпляльным сезонам?

— Дык у нас кацёл імпартны, яны і не даязджалі да нас... — адказвае задуменна гаспадыня.

— Усе газавыя катлы павінны правярацца, асабліва перад ацяпляльным перыядам. Вось як у шматкватэрных дамах правяраюць вентыляцыйныя каналы. Таму патэлефануйце ў газавую службу. Лішнім не будзе. А ці ёсць у вас апавяшчальнікі? Нешта я іх не ўбачыў.

— Няма...

— Як жа так? Пастаўце абавязкова, хоць бы на кухню, у дзіцячы пакой і ў спальню. Іх можна набыць або ў пасялковай краме, або ў Смалявічах тут непадалёк.

— Так, трэба прыкруціць у пакоі старэйшага хлопчыка, — пагаджаецца гаспадыня. — Быў ужо ў нас непрыемны выпадак з ім узімку. Запалкі паліў у сваім пакоі. Спачатку нават падалося, што там нейкая здань арудуе. На шчасце, запалкі паспелі адабраць. І яму ж шэсць год усяго!

Апавяшчальнікаў мы не ўбачылі і ў наступным доме. Хоць з усім астатнім рыштункам усё было ў парадку. Гаспадыня зазначыла, што дом застрахаваны. Аднак хіба дапаможа адна толькі страхоўка, калі пажар у доме ўзнікне дзесьці ўначы і ўсе будуць спаць салодкім сном? У сне ж чалавек пахі не адчувае. І таму стаўкай за ігнараванне такога простага і таннага прыбора можа быць жыццё...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У пошуках пажарных апавяшчальнікаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Высокі попыт дыктуе цэны

Высокі попыт дыктуе цэны

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. 

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.