Вы тут

Чаго не хапае сучаснаму мастацтву?


Аксіння Сяліцкая — адна з самых маладых мастацтвазнаўцаў у краіне, але дзяўчына паспела заваяваць аўтарытэт і стаць арганізатарам паспяховых праектаў, звязаных з беларускім мастацтвам. Яна расказала, што было штуршком да асваення такой цікавай прафесіі, як змагла пераадолець комплекс узросту, бо звычайна названы занятак асацыюецца са сталасцю.


— Маладосць для мастацтвазнаўцы — гэта і плюс і мінус. Мне было 27 гадоў, калі пачала курыраваць першыя праекты. Я, вядома, адчувала скепсіс, таму што многія лічылі, што ў мяне той узрост, калі чалавек не можа праявіць сябе з пункту гледжання досведу, але я ішла да мэты і працягваю яе дасягаць. Галоўнае, перамагчы ў сабе страх памылкі, таму што спачатку ён прымушае цябе спатыкацца. Але ў адзін момант мяне вельмі падтрымаў муж, калі спытаў: хачу я быць мастацтвазнаўцам альбо ўсё ж застануся добрым выкладчыкам мастацтва? Гэтыя словы мяне зачапілі, і я пачала змагацца з сумненнямі.

— Мастацтвазнаўца — гэта не тая прафесія, пра якую мараць з дзяцінства. Як вы прыйшлі да яе?

— Па сваёй першай адукацыі я музыкант. Калі вучылася, час быў заняты музычным удасканаленнем, на мяне вялікі ўплыў зрабіў такі прадмет, як музычная літаратура. Мы вывучалі гісторыю еўрапейскай, рускай і крыху беларускай музыкі. На другім курсе праходзілі творчасць французскіх імпрэсіяністаў. Так супала, што мне была блізкая і музыка кампазітараў, і паэзія, і жывапіс таго перыяду. Асабліва ўражваў жывапіс Клода Манэ, П'ера Агюста Рэнуара. Пасля таго як атрымала першую адукацыю, працягнула навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на кафедры Сусветнай і айчыннай мастацкай культуры. У нас была вялікая колькасць прадметаў, звязаных з мастацтвам: гісторыя жывапісу, кінематографа, фатаграфіі, тэатра, харэаграфіі, літаратуры... Усе веды, якімі я авалодала і якія набывала, сталі вялікім штуршком на шляху фарміравання густу ў мастацтве.

Разам з тым мяне захапіла арт-тэрапія. Гэты кірунак малавядомы ў нашай краіне, але ён мае добрую перспектыву. Арт-тэрапія дапамагае зразумець, як пэўныя творы мастацтва могуць уплываць на псіхалагічныя працэсы чалавека. Я не прафесіянал, але мне хочацца развіваць гэта. Дарэчы, арт-тэрапія дапамагае вывучаць колер, які мае вялікае значэнне не толькі ў жывапісе, але і ў жыцці чалавека.

— Вучыцца на мастацтвазнаўцу і стаць ім — розныя рэчы...

— У нас была досыць добрая падрыхтоўка, але ў асноўным з навукова-акадэмічным падыходам. У плане практычным, на жаль, не было магчымасці паспрабаваць сябе ў ролі куратара, кіраўніка, ініцыятара хоць бы маленькага арт-праекта. Таму, калі я стала займацца мастацтвазнаўствам практычным, калі пачала прасоўваць ідэі выставак, камунікаваць з мастакамі, мне было некамфортна. Самае складанае было адысці ад навуковага падыходу і паказаць сябе практыкам — не толькі прафесіяналам, але і аматарам мастацтва. Таму асабіста маё меркаванне: беларускім ВНУ, дзе выкладаюць мастацтвазнаўства, трэба больш актыўна працаваць над практычнай рэалізацыяй будучых спецыялістаў, каб студэнты хутчэй засвойвалі прафесію як універсальныя мастацтвазнаўцы. Аднак, нягледзячы на адсутнасць практычнай падрыхтоўкі, калі ёсць жаданне, ты можаш уліцца ў гэтую прастору і сцвердзіць сябе. Так адбылося са мной.

Для маладога крытыка мае значэнне аб'ём прачытанай літаратуры. Яна можа быць навуковай, мастацкай, пазнавальнай. Мастацтвазнаўца павінен чытаць шмат. Ну і зыходзячы з таго, што мы жывём у Беларусі, для мяне заўсёды было важна валодаць роднай мовай дасканала. Гэта, як аказалася, таксама адзін з вырашальных фактараў у нашай прафесіі.

— Калі вы толькі трапілі ў творчае асяроддзе, якое стаўленне было да вас з боку мастакоў, іншых мастацтвазнаўцаў, гледача?

— Калі пачала выкладаць у Мінскім мастацкім каледжы імя Я. Глебава, то падчас размоў з выкладчыкамі, мастакамі пачала больш утульна адчуваць сябе ў арт-прасторы. У нас знаходзіліся агульныя тэмы, падыходы і погляды на мастацтва. Камунікаваць з мастакамі на свабодным узроўні мне станавілася прасцей, што прывяло да прафесійных кантактаў і рэалізацыі розных ідэй. Мастакі ў сваю чаргу сталі ўва мне бачыць аднадумцу.

Першым, што паўплывала на маё творчае жыццё, стала знаёмства са старэйшай дачкой Барыса Аракчэева Алёнай, якая таксама выкладае малюнак і жывапіс у каледжы. Яна расказала пра творчасць бацькі, і гэта вельмі адрознівалася ад таго, што вывучалі ва ўніверсітэце. У маёй душы з'яўлялася цяпло, якое фарміравала любоў да прафесіі, людзей, якія займаюцца ёй. У далейшым я не думала, што з творчасцю майстра Барыса Аракчэева будзе звязанае і маё прафесійнае жыццё. Аднак Алёна і Аксана Аракчэевы дапамаглі мне ў нейкім сэнсе навучыцца адчуваць сябе свабоднай у прафесіі. Менавіта ў рабоце над выстаўкамі Барыса Аракчэева я зразумела, што мастацтвазнаўства складаецца не толькі з ведаў пра мастацтва, а яшчэ з такіх кампанентаў, як уменне аналізаваць, пісаць пра мастацтва самому, умець данесці да іншых свае думкі. Сёння я пішу кнігу пра Барыса Аракчэева і лічу, што гэта знак даверу і прызнання маёй работы.

— Аксіння, з пэўнага часу вы носіце прозвішча Сяліцкая, вядомае ў мастацкіх колах. Ці паўплывала яно на ваш жыццёвы шлях?

— Сапраўды, яно адыграла сваю ролю ва ўспрыманні мяне. Але гэта не той выпадак, калі з-за прозвішча прасоўваюцца ў мастацкіх колах. Я заўсёды адчуваю павагу да сябе. Усе ўспрымаюць нашу сям'ю як дынастыю, але, калі вы звернеце ўвагу, я часта выкарыстоўваю падвойнае прозвішча Сяліцкая-Ткачова, чым вылучаю сябе. Вельмі шмат працую над сабой, таму мне не хацелася б, каб асяроддзе сумнявалася ў маіх прафесійных дасягненнях. Так, былі моманты, калі мяне блыталі з Наталляй Сяліцкай, казалі, што мы падобныя вонкава, але гэта скончылася, калі арт-супольнасць даведалася пра мяне больш. А наогул у нашым асяроддзі ніколі не было людзей, якія, пабачыўшы, як працуе мой муж Аляксандр, як працую я,
сумняваліся б у нашым поспеху.

— На ваш погляд, чым беларускую школу мастацтвазнаўства маглі б узбагаціць маладыя прафесіяналы?

— Безумоўна, усе матэрыялы, якія захаваліся ад папярэдніх пакаленняў, — гэта велізарная спадчына. Але час ідзе і мастацтва мае патрэбу ў пераглядзе, новым аналізе. На жаль, у нас няма правакацыйнага мастацтвазнаўства або эксперыментальнага, што магло б вывесці мастацтва на новы ўзровень. Такіх падыходаў баіцца дарослае пакаленне, ды і наша арт-прастора не гатовая яшчэ прыняць іх. Мне здаецца, нам трэба адыходзіць ад савецкага мыслення, знаходзіць навізну.

На мой погляд, арт-крытыкам трэба вывучаць творчасць не толькі мастакоў мінулых гадоў, але і сучасных, бо цяпер дастаткова складаны час і маладыя аўтары таксама маюць патрэбу ў раскрыцці, аналізе іх творчасці.

— А мастакі наогул сёння баяцца крытыкі?

— Сучасныя не баяцца нічога. Для іх любая размова пра творчасць, пра іх асобу — не важна нават, добрае ці крытычнае абмеркаванне — гэта рэклама, увага, успрыманне іх твораў. Тут менавіта і прасочваецца паралель: для мастакоў важна, каб пра іх гаварылі, а крытыкам — знайсці таго з іх, пра якога хацелася б гаварыць.

— У вас здараліся выпадкі, калі мастакі або публіка былі не згодныя з вашым меркаваннем, абвяргалі яго?

— На шчасце, не. Але гэта таму, што не я шукаю мастакоў, а яны мяне. Іншымі словамі, аўтар першапачаткова ведае мой падыход да працы, маё бачанне. Ён звяртаецца ўжо адразу з просьбай быць куратарам выстаўкі, напісаць пра яго артыкул, выступіць, напрыклад, у СМІ і расказаць пра яго творчасць. Мне на мастакоў заўсёды шанцавала. Аднак і ў мяне ёсць прынцып: альбо я добра пішу пра аўтара (калі разумею, што яго творчасць гэтага вартая), альбо не пішу наогул. Як правіла, імкнуся знайсці ў творчасці мастака тую іскрынку, якая зможа адрозніць яго ад іншых. Не баюся кагосьці пакрыўдзіць, але ведаю, што заўсёды больш складана падкрэсліць станоўчыя бакі і яшчэ растлумачыць, чаму гэта зроблена менавіта так, а негатыўнае знайсці прасцей. Нават калі не вельмі цікава табе, чаму гэта не можа быць цікава каму-небудзь яшчэ?

— На вашу думку, поспех залежыць ад шанцавання ці ад вялікай працы?

— На мой погляд, гэта не проста праца, якую ты выконваеш у сілу прафесійных абавязкаў, гэта ўнутраная работа, якая ніколі не даецца лёгка. Ты павінен пазбаўляцца ад комплексаў, імкнуцца быць лепшым ва ўсіх планах і загартоўваць у сабе стрыжань, які ў далейшым не дазволіць здацца і апусціць рукі. Часам нават прыходзіцца наступіць на амбіцыі і перагледзець сваё стаўленне да таго, чым займаешся. А наогул, складана стаць мастацтвазнаўцам, калі ты не наведваеш выстаўкі. Крытык павінен глядзець, і глядзець пастаянна. Чым больш ты бачыў і чытаў, тым большая магчымасць таго, што зможаш аб'ектыўна выказваць сваё меркаванне.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Традыцыя + правакацыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».