Вы тут

Малады супрацоўнік МНС прыдумаў, як зрабіць тканіну вогнеўстойлівай


Уявіце, што падчас рамантычнай вячэры запаленая свечка ўпала на канапу і... нічога не здарылася. У сэнсе абіўка не загарэлася, мэбля ў поўным парадку. Фантастыка, скажаце? Ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС вас могуць запэўніць, што не. Старшы інспектар сектара міжнароднага супрацоўніцтва навучальнай установы Аляксандр ЛУК'ЯНАЎ разам з калегамі распрацаваў састаў, які робіць тканіны вогнеўстойлівымі.


Каб вынайсці састаў, давялося правесці шмат гадзін у лабараторыі.

З выбарам прафесіі хлопец вызначыўся, можна сказаць, са школьнай парты. Яго бацька 20 гадоў праслужыў у МНС, а сам Аляксандр з шостага класа займаўся пажарным спортам. Успамінае, што напачатку ўсё давалася з цяжкасцю, але было вельмі цікава. Хлопец ездзіў на міжнародныя спаборніцтвы ў Польшчу, Літву, атрымаў званне кандыдата ў майстры спорту. І, што дзіўна, паспяваў добра вучыцца. Універсітэт Аляксандр скончыў з дыпломам з адзнакай. Поспехі ў навучанні і паспрыялі таму, што, калі выбар стаў паміж спортам і навукай, ён выбраў апошняе. Хоць школьнікам ніколі не думаў, што будзе мець справу з прабіркамі.

На ХІХ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы сваю распрацоўку Аляксандр паказаў касманаўту Алегу Навіцкаму.

Пасля магістратуры малады чалавек працаваў выкладчыкам — вёў тактыку тушэння пажараў і правядзення выратавальных работ. У навуцы ён даследуе тэму вогнеабароны. Ідэю навуковай распрацоўкі падказала само жыццё. Па статыстыцы, каля 90 працэнтаў пажараў адбываецца ў жылым сектары, у памяшканнях з пастаянным ці часовым знаходжаннем людзей. Гэта праблема практычна ўсіх краін. Калі нізкакаларыйная крыніца ўзгарання (непатушаная цыгарэта, запалка) трапляе на паверхню матэрыялаў, загараецца спачатку ў адным месцы, а потым агонь распаўсюджваецца. Каб не дапусціць пажару, гэты ачаг трэба лакалізаваць. Як? Зрабіць так, каб абіўка канапы ці дыван не загараліся! Для гэтага іх можна апырскваць на вытворчасці спецыяльным саставам.

— Наша задача — надаць поліэфірным матэрыялам пастаянную вогнеўстойлівасць. Важна, каб састаў, якім будзе апрацоўвацца тканіна, не вымываўся. Таму яго трэба ўкараніць на ўзроўні малекул. Састаў мае неарганічную прыроду, а значыць, нетаксічны. І неалергенны: нават калі трапіць на скуру ў канцэнтраваным выглядзе, ніякай шкоды не будзе, — расказвае Аляксандр.

Распрацоўка заняла каля трох з паловай гадоў. Было праведзена больш за 60 варыянтаў сінтэзу, перш чым атрымалі патрэбны па якасцях састаў. Ён, дарэчы, быў ужо апрабаваны і на вытворчасці — у лабараторыі тэкстыльнай кампаніі «Магатэкс».

Трэба сказаць, што замежныя аналагі такіх саставаў (швейцарскі, нямецкі, амерыканскі) існуюць. Але беларускі варыянт, адзначае Аляксандр, мае шэраг пераваг.

— Замежныя саставы наносяцца на тканіну пры тэмпературы каля 190 градусаў, а мы выйшлі на рэжым у 154—160 градусаў. Да таго ж апрацоўка нашым прадуктам займае ў два разы менш часу. У маштабах вытворчасці, дзе кіламетры матэрыялу, гэта дастаткова сур'ёзная эканомія.

З гэтым праектам хлопец удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі», прадстаўляў яго ў Кітаі, на Форуме рэгіёнаў у Маскве, на ХІХ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы. Замежныя калегі зацікавіліся нашай распрацоўкай.

Цяпер выратавальны састаў пашпартызуюць. Цалкам магчыма, што дываны і шторы, якія не гараць, з'явяцца ў беларускіх дамах ужо праз год. Распрацоўка можа знайсці прымяненне і на вытворчасці абмундзіравання вайскоўцаў, формы электрамантажнікаў, зваршчыкаў.

Ганаровую грамату як найлепшаму маладому спецыялісту сталіцы Аляксандру Лук'янаву ўручае першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Сяргей Клішэвіч.

Сёлета, дарэчы, Аляксандр Лук'янаў стаў яшчэ і найлепшым маладым спецыялістам праваахоўных органаў, устаноў і падраздзяленняў па НС у Мінску. Прызнаецца, прафесія ратавальніка накладае адбітак: звяртаеш увагу на парушэнні патрабаванняў пажарабяспекі, нават калі заязджаеш на запраўку. Напрыклад, на тое, што аўтамабілісты заліваюць паліва ў пластыкавую тару, не разумеючы, што з-за статычнай электрычнасці можа ўзнікнуць узгаранне.

— Прыборка ў доме — таксама элемент бяспекі. Бо пры ўзнікненні іскры слой пылу спрыяе распаўсюджванню агню.

— У вас дома, напэўна, заўсёды ідэальны парадак?

— Вядома, — смяецца Аляксандр. — Прывіваю культуру бяспекі яшчэ і родным. Калі наведваю бабулю, гляджу, каб у яе дома ўсё было зроблена па правілах бяспекі. Ты мусіш быць прыкладам. У нас і на службе такі прынцып.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Навошта ратавальніку прабірка?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».