Вы тут

Гіпадынамія з'яўляецца прычынай шматлікіх праблем са здароўем


Як вынік — 35 працэнтаў тых, каму ад 0 да 18 гадоў, маюць лішнюю вагу. Гэта, вядома, менш, чым у ЗША, дзе з павышанай масай цела ўжо каля 80 працэнтаў дзяцей і падлеткаў, аднак лічба і ў нас мае тэндэнцыю да росту.

Перад бацькамі паўстае важная задача: да 9—10 гадоў сфарміраваць у дзіцяці ўсе асноўныя стэрэатыпы паводзінаў, у тым ліку рухальнай актыўнасці.


Недастатковая рухальная актыўнасць у раннім узросце прыводзіць у далейшым да набору вагі, атлусцення, артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукровага дыябету.

Не на карысць такі стан і касцявой сістэме: гіпадынамія літаральна на працягу некалькіх дзён парушае кальцыевы і магніевы абмен, а праз два тыдні пачынаецца фарміраванне астэапарозу — косці становяцца больш слабымі. Адсюль і незлічоныя выпадкі парушэння паставы ў школьнікаў.

Моцна пакутуе ў дзяцей і мышачная сістэма. Вядома, што адсутнасць руху на працягу двух месяцаў змяншае мышачную сілу на 25 працэнтаў. Мышцы ёсць ва ўсіх органах, уключаючы сэрца і сасуды, і ад таго, у якой форме знаходзіцца мышачная тканка, залежыць якасць работы нашага «матора». Чым слабейшыя мышцы сасудаў і сэрца, тым горш прапампоўваецца патрэбны аб'ём крыві, што выражаецца пачашчаным сэрцабіццём, павышаным ціскам. Пры парушаным кроватоку ўтвараецца дэфіцыт кіслароду, ад чаго пачынае пакутаваць нервовая сістэма — з'яўляецца раздражняльнасць, хуткая стомленасць, знясіленне. Рух здымае эмацыянальнае напружанне з нервовай сістэмы.

Пагаршае гіпадынамія і работу страўнікава-кішачнага тракту: не засвойваюцца карысныя рэчывы, парушаецца абмен рэчываў. Нават пры нармальнай мадэлі харчавання, з адэкватнай каларыйнасцю, мяняецца мышачны рэльеф, зніжаецца мышачная маса і павялічваецца тлушчавая.

— Тэма гіпадынаміі цесна звязана з часам, які дзеці праводзяць у інтэрнэце. Выдаліць яго з жыцця немагчыма, дый не трэба, але карыстанне варта рэгламентаваць, — тлумачыць загадчыца лабараторыі праблем здароўя дзяцей і падлеткаў РНПЦ «Маці і дзіця», кандыдат медыцынскіх навук, урач вышэйшай катэгорыі Маргарыта ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ. — Для таго каб дзіця не згубілася ў сетках, не захаплялася віртуальнымі кантактамі больш, чым рэальнымі, неабходна яшчэ ад моманту цяжарнасці і, па меншай меры, да трох гадоў падтрымліваць з ім жывую размову, праяўляць зацікаўленасць. А сёння мы часта можам бачыць, як маладыя мамы адной рукой качаюць каляску, а другой перапісваюцца з сяброўкамі. Дзіця — само па сабе, што недапушчальна. Мама павінна пастаянна падтрымліваць стасункі з малым, размаўляць, слухаць разам музыку... Чым больш мама паказвае, чытае, тым лепшым будзе развіццё дзіцяці. Тут і рэгулярныя прагулкі. Калі актыўны лад жыцця будзе ўласцівы ўсёй сям'і, то гэта стане нормай для падрастаючага чалавека.

Добрыя стасункі паміж бацькамі і дзецьмі засцерагуць і ад парушэнняў харчовых паводзінаў — анарэксіі і буліміі. Звычайна гэта здараецца з падлеткамі, якія адчуваюць, што яны ўжо не дзеці, але ж яшчэ і не дарослыя. Ім хочацца прымаць самастойныя рашэнні, аднак псіхічна і фізіялагічна арганізм яшчэ не гатовы да гэтай самастойнасці. Псіхіка часам не вытрымлівае, дыскамфортны стан хочацца... заесці. Ежа ўсё ж такі заспакойвае. У мяккім варыянце падлетак будзе набіраць вагу, а ў больш жорсткім гэта можа быць, напрыклад, булімія, калі спачатку ўжываецца празмерная колькасць ежы, а затым выклікаюцца ваніты. Перыяды пераядання чаргуюцца з перыядамі галадання.

Якой павінна быць фізічная нагрузка?

На першым годзе жыцця дастаткова таго, што дзіця варочаецца, пасля сядзіць, пачынае паднімацца, хадзіць. Праўда, трэба пры гэтым прыглядаць за малым. А не ўсім хочацца. Прасцей, каб яно не круцілася, не коўзалася. Забяспечыць такі стан так проста з дапамогай гаджэтаў! І многія бацькі пры гэтым яшчэ ганарацца, што іх малое так добра націскае на кнопкі. Але спецыялісты пры гэтым б'юць трывогу. Мала таго, што гэта пачатак гіпадынаміі, дык яшчэ і дрэнны зрок у будучым. Знаходжанне ў сетках з самага ранняга ўзросту звязваецца спецыялістамі і з больш шырокім распаўсюджваннем аўтызму. Акрамя таго, ні пра які высокі інтэлект тут размова не ідзе. Механічна атрыманая інфармацыя з гаджэта не павышае каэфіцыент інтэлекту. Вядома, што для гэтага мозг павінен здабываць, перапрацоўваць, асэнсоўваць, аналізаваць інфармацыю!

Вылучаюць нагрузку цыклічную — плаванне, язда на веласіпедзе і ацыклічную (без пастаяннага цыклу) — гульня ў футбол, валейбол. Для школьнікаў рэкамендуецца тры дні на тыдні займацца ў якой-небудзь секцыі цыклічнай або ацыклічнай нагрузкай. У якасці аднаго з метадаў лячэння рэкамендуюцца спартыўныя секцыі і дзецям з гіперактыўнасцю.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Бягом — ад скаліёзу, атлусцення і дыябету

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».