Вы тут

Стрэс-тэсты пацвердзілі надзейнасць Беларускай АЭС


Айчынная атамная электрастанцыя ўстойлівая да ўзнікнення надзвычайных сітуацый, падобных тым, што адбылася на АЭС «Фукусіма», паведаміла начальнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Вольга Лугаўская.


Стрэс-тэсты — гэта, па сутнасці, пазапланавая мэтавая праверка адносна ўстойлівасці атамнай электрастанцыі да экстрэмальных знешніх уздзеянняў: землятрусаў, затапленняў, складаных умоў надвор'я. Разглядалася ўстойлівасць да з'яў, якія гіпатэтычна магчымыя на тэрыторыі Беларусі: моцных вятроў і дажджоў, шквалаў, смерчаў, буйнога граду, пыльных бур, моцных завей, абледзянення, туману, засух, а таксама да камбінацый гэтых з'яў.

Дэпартамент цяпер публікуе нацыянальную справаздачу па выніках стрэс-тэстаў для атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Яго высновы даказваюць, што АЭС, якая будуецца на базе расійскага дызайну апошняга пакалення «3+», цалкам адпавядае самым высокім міжнародным стандартам бяспекі. А гэтыя стандарты, прынятыя пасля аварыі на АЭС «Фукусіма» ў 2011 годзе, былі распрацаваныя для таго, каб гарантаваць бяспеку нават у выпадку адмовы асноўных сістэм або ў выніку знешніх уздзеянняў. Цяпер нацыянальная справаздача перададзена Еўрапейскай групе па наглядзе ў сферы ядзернай бяспекі і Еўракамісіі для міжнароднай экспертнай ацэнкі.

Вольга Лугаўская падкрэсліла, што бяспека — безумоўны прыярытэт для ўсіх краін, якія ўцягнутыя ў будаўніцтва і эксплуатацыю атамных электрастанцый. У Беларусі таксама падзяляюць сучасныя міжнародныя падыходы і ўсведамляюць важнасць забеспячэння дастатковага ўзроўню бяспекі Беларускай АЭС. «Адзначаем, што такі ўзровень бяспекі вызначаны ў падрыхтаванай намі нацыянальнай справаздачы аб стрэс-тэстах. Мы знаходзімся ў статусе краіны-пачаткоўца ў рэалізацыі ядзерна-энергетычнай праграмы, для нас правядзенне працэдуры стрэс-тэстаў з'яўляецца не толькі надзейным інструментам праверкі і пацвярджэння бяспекі АЭС, але і кропкай росту ў дачыненні да развіцця тэхнічных кампетэнцый, арганізацый тэхнічнай падтрымкі, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы нацыянальнай справаздачы», — дадала Вольга Лугаўская.

Кіраўнік дэпартамента адзначае, што землятрус з'яўляецца адным з магчымых фактараў знешняга ўздзеяння, якія ацэньвалі беларускія эксперты. Па выніках комплекснага імавернаснага аналізу, максімальная інтэнсіўнасць землятрусу ў раёне пляцоўкі станцыі — 6 па шкале MSK (не блытаць са шкалой Рыхтэра), што вызначана ў якасці «праектнага землятрусу» для станцыі. Разам з тым рэактарныя ўстаноўкі спраектаваны такім чынам, каб выключыць верагоднасць аварыі і бяспечна вытрымаць нават вельмі малаверагодны землятрус інтэнсіўнасцю 8 па шкале 8 MSK (інтэнсіўнасць у 7 балаў вызначана для «максімальнага разліковага землятрусу» АЭС).

Што датычыцца магчымых затапленняў. Хоць паводкі ў раёне размяшчэння пляцоўкі АЭС немагчымыя (для гэтага вада павінна падняцца на 51,5 м вышэй за гістарычны максімум), станцыя вытрымае нават такі ўзровень затаплення. Аналіз і наступнае мадэляванне паказалі, што ў выпадку гіпатэтычнай паводкі і затаплення памяшканняў АЭС, якія размяшчаюцца ніжэй за ўзровень зямлі, пагроза для рэактара адсутнічае.

Нават у выпадку самых экстрэмальных умоў надвор'я (якія ўзнікаюць раз у 10 000 гадоў), такіх як павышэнне тэмпературы паветра да 50 градусаў, або смерч з хуткасцю да 62 м/с, або нават у выпадку камбінацыі гэтых двух катаклізмаў аварыі не здарыцца, бо меры бяспекі, прадугледжаныя для абароны ад іншых уздзеянняў (затапленне, землятрус), дастатковыя для самых экстрэмальных умоў надвор'я.

Беларусь добраахвотна прапанавала правесці ўсеабдымную ацэнку ядзернай бяспекі на аснове крытэрыяў ЕС, калі ў 2011 годзе далучылася да Сумеснай дэкларацыі па правядзенні ацэнкі рызыкі і бяспекі АЭС («стрэс-тэсты»).

У адпаведнасці з працэдурай правядзення стрэс-тэстаў, Беларуская АЭС выканала самаацэнку бяспекі і ў сакавіку 2017 года прадставіла справаздачу ў Дзяржатамнагляд. Дэпартамент арганізаваў правядзенне экспертызы бяспекі справаздачы, якую выконваў Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны». Вынікі экспертызы сталі асновай для падрыхтоўкі нацыянальнага даклада аб стрэс-тэстах Беларускай АЭС.

Па словах начальніка Дзяржатамнагляда, ужо сфарміравана каманда еўрапейскіх экспертаў, якая будзе прымаць удзел у разглядзе нацыянальнага даклада па выніках стрэс-тэстаў Беларускай АЭС. Разгляд такога дакумента звычайна доўжыцца некалькі месяцаў. «Паводле папярэдняй дамоўленасці, у сакавіку мы чакаем прыезду еўрапейскіх экспертаў для правядзення абмеркаванняў, абмену думкамі і, магчыма, фармулявання прапаноў датычна нашага нацыянальнага даклада», — растлумачыла Вольга Лугаўская.

У адкрытым доступе даклад размешчаны на сайце Дзяржатамнагляда.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Прадугледзець землятрус і наймацнейшую паводку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».