Вы тут

Экспедыцыя ў Антарктыду — не экстрэмальны турызм


Як стаць палярнікам?

Менш чым праз тыдзень стартуе 10-я Беларуская антарктычная экспедыцыя, самая прадстаўнічая за ўсе гады нашай самастойнай прысутнасці на лядовым кантыненце — да Паўднёвага полюса Зямлі адправяцца адразу сем чалавек. Аб меркаваным паўднёвым паходзе расказаў Аляксей ГАЙДАШОЎ — нязменны кіраўнік усіх беларускіх экспедыцый пачынаючы з 2007 года, адзін з ініцыятараў і распрацоўшчыкаў дзяржаўнай праграмы «Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый».


«Дзяды» і навабранцы

Паводле сусветнай статыстыкі, ад 25 да 35 працэнтаў палярнікаў вяртаюцца ў Антарктыду зноў. Дзесяцігадовы вопыт беларускіх экспедыцый гэтыя лічбы таксама пацвярджае. Чацвёра з сямі ўдзельнікаў ужо былі раней на Паўднёвым полюсе Зямлі. Аляксей Гайдашоў падлічыў, што агульны час яго асабістага знаходжання за 50-м градусам паўднёвай шыраты набліжаецца да 8 гадоў, а калі ўлічваць дарогу, якая можа расцягнуцца больш чым на тры месяцы (спачатку самалётам, а потым — на караблі), то ён адсутнічаў дома больш як 10 гадоў. Але нават калі была б магчымасць вярнуцца назад, то нічога ў сваім жыцці ён не стаў бы мяняць.

— Сярэдні ўзрост удзельнікаў нашай сёлетняй экспедыцыі — 25—35 гадоў, — расказаў Аляксей Гайдашоў. — І, скажу шчыра, гэтыя маладыя людзі, асабліва з улікам іх прафесійнага досведу, — наша надзея на будучыню, паколькі ў 2019—2020 гадах мы плануем перайсці да круглагадовых зімовачных мерапрыемстваў. Не пабаюся гучных слоў, але ўпэўнены, што і краіна, і Акадэмія навук могуць на іх разлічваць.

Не толькі вучоныя

Натуральна, усіх цікавіць, як можна трапіць у Антарктыду, бо гэта ж не звычайнае падарожжа і нават не экстрэмальны турызм? Сярод патрабаванняў — добрае здароўе, прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы. Кожны ўдзельнік павінен быць спецыялістам у якой-небудзь з навуковых сфер, прычым вельмі высокага ўзроўню. Акрамя таго, ён мусіць выконваць і працу па іншых профілях. Але галоўнае ва ўмовах ізаляцыі ад Вялікай зямлі — усё ж поўная псіхалагічная сумяшчальнасць удзельнікаў экспедыцыі, іх кантактнасць, камунікабельнасць і маральна-валявыя якасці. Каб можна было цалкам давяраць чалавеку, што знаходзіцца побач з табой. У таго, хто адпраўляецца ў экспедыцыю, павінна быць свая тэма і гатоўнасць выконваць работу і па іншых напрамках.

Экспедыцыя толькі на 20—25% складаецца з навуковых супрацоўнікаў. Астатнія — гэта тэхнічны персанал: механікі, кіроўцы, электрыкі. Кожная пазіцыя дублюецца двума-трыма кандыдатамі, як у атрадзе касманаўтаў. Так можна быць упэўненым, што ў экстраннай сітуацыі экспедыцыя не будзе сарваная і спецыяліста, які адсутнічае з якой-небудзь прычыны, будзе кім замяніць. Калі навуковых супрацоўнікаў камандзіруе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, то на астатнія штатныя пасады могуць прэтэндаваць высакакласныя спецыялісты з іншых ведамстваў і арганізацый.

Аляксей Гайдашоў тлумачыць, што шмат навукоўцаў у Антарктыдзе быць не павінна, таму што там навуковыя адкрыцці сусветнага маштабу не робяцца. Гэта, хутчэй, штодзённая руцінная, нават рамесніцкая, праца, збор навуковага матэрыялу, які будзе аналізавацца ўжо на радзіме ў лабараторыях. Ён паведаміў, што ў планах Нацыянальнай акадэміі навук — у наступныя два гады завяршыць будаўніцтва ў раёне гары Вячэрняй ва Усходняй Антарктыдзе першай чаргі Беларускай антарктычнай станцыі. Яно распачалося ў канцы 2015 года. Падчас 8-й экспедыцыі быў зманціраваны першы аб'ект станцыі — трохсекцыйны модуль кіравання сувяззю і навігацыяй, а падчас 9-й — закладзены другі аб'ект з установачнай платформай. Мантаж прайшоў паспяхова — «фундамент» быў зманціраваны за рэкордна кароткі час (32 гадзіны), пасля чаго зверху ўсталявалі першы з васьмі блокаў.

Чакаем прарыву

У планах сёлетняй экспедыцыі — зманціраваць чатыры новыя секцыі, якія ўключаюць навуковыя лабараторыі, жылыя памяшканні, памяшканні для санітарна-гігіенічных мэт.

Сярод іншых задач — правядзенне навуковых даследаванняў па такіх напрамках, як вывучэнне стану і маніторынг навакольнага асяроддзя Антарктыкі ў месцы базіравання станцыі, мікрабіялогія, даследаванне стану азонасферы, ультрафіялетавай радыяцыі, клімату і іншых прыродных параметраў, дэталёвае даследаванне наземных і марскіх біялагічных рэсурсаў Антарктыкі з мэтай ацэнкі перспектыў іх далейшага выкарыстання, назіранні ў інтарэсах касмічнай праграмы, геафізічны маніторынг. Даследаванні будуць праводзіцца з выкарыстаннем прыбораў беларускіх распрацоўшчыкаў.

На борт судна «Акадэмік Фёдараў» ужо адпраўлены экспедыцыйны груз. Цяпер судна накіроўваецца ў Кейптаўн.

— Каб пашырыць нашы магчымасці і падоўжыць на месяц тэрміны навуковых назіранняў, падрыхтоўчых і інжынерна-тэхнічных работ, было прынятае рашэнне загадзя адправіць у Антарктыду групу з чатырох чалавек. Яны будуць дабірацца да месца базіравання на самалёце. Вылет адбудзецца ў найбліжэйшыя дні. Другая група ўдзельнікаў экспедыцыі, а гэта тры чалавекі, вылятае ў Кейптаўн 24 лістапада, там далучаецца да Расійскай антарктычнай экспедыцыі і на борце судна «Акадэмік Фёдараў» разам з грузам адпраўляецца на месца базіравання экспедыцыі, — удакладніў Аляксей Гайдашоў. — Разгрузка судна каля гары Вячэрняй плануецца ў перыяд з 14 па 17 снежня. Экспедыцыя будзе працаваць да канца лютага — сярэдзіны сакавіка.

Трэба дадаць, што для таго, каб канчаткова замацавацца на ледзяным кантыненце, толькі мець сваю палярную станцыю там ужо недастаткова. З боку міжнародных арганізацый узрастаюць патрабаванні да навуковых вынікаў, якія атрымліваюцца падчас экспедыцый. Прычым патрабуюцца публікацыі ў сур'ёзных міжнародных выданнях.

— Я ўпэўнены, што мы стаім на парозе сур'ёзных адкрыццяў, — запэўнівае Аляксей Гайдашоў. — У нас ёсць даследаванні, ад якіх мы ў наступныя пяць гадоў чакаем прарыўныя рэчы...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».