Вы тут

Уладзімір Русакевіч: Нельга быць ворагам сваёй зямлі


Уладзімір Русакевіч доўгі час знаходзіўся ў эпіцэнтры грамадскага жыцця. Адну за адной ён мяняў высокія пасады: быў за штурвалам развіцця раёна, вобласці, затым — краіны. І нават некаторы час прадстаўляў яе інтарэсы за мяжой. Але нягледзячы на свае ганаровыя статусы, Уладзімір Васілевіч заўжды заставаўся вельмі справядлівым і разумным кіраўніком, сціплым, сумленным, інтэлігентным чалавекам. І шчырым суразмоўцам — пераканалася карэспандэнт «Звязды»:


З жонкай Сафіяй Уладзіміраўнай і дзецьмі: Таняй, Сашам і Верай, 1985 год.

— З якой вы сям'і?

— З сялянскай. Бацька родам з вёскі Свяціца Ляхавіцкага раёна, мама — з Выганашчаў, што на Івацэвіччыне. Калі праз балота, то гэта побач. Я з'явіўся на свет у Выганашчах. Нас у сям'і было трое: Мікалай, Яўгенія і я. Трое дзяцей і ў мяне. У маіх дачок — таксама па столькі ж. А ў бабулі па матчынай лініі ўвогуле васьмёра было! Бацьку, як і многіх партызанаў, пасля вайны накіравалі на аднаўленне народнай гаспадаркі. Ён узначаліў калгас імя Калініна ў Ганцавіцкім раёне. Расказваў, што, калі перавозіў нас на кані, маці сядзела са мной на возе, а ён ззаду ішоў... з аўтаматам — бандэраўцы лютавалі. Цяжкі быў час.

— Днямі перачытала кнігу Таццяны Падаляк «Нашчадкі вогненных вёсак». Малая радзіма вашага бацькі — вёска Свяціца — таксама трапіла ў распаленае фашыстамі вогнішча...

— Бацька мяне туды не раз вазіў, паказваў месца, дзе была яго родная сядзіба, пасаджаную ім некалі бярозу... Свяціца была востравам сярод непраходных балот, але вораг дабраўся і туды. Палілі немцы і Выганашчы. Не дашчэнту, як Хатынь ці Красніцу — суседнюю вёску, пра якую пісаў Адамовіч, — але ўсяго хапіла. Гэта была партызанская зона, а ў гітлераўцаў, самі ведаеце, якія метады былі. А калі яшчэ партызаны легендарнага Сідара Каўпака падчас свайго знакамітага рэйду па тылах ворага зрабілі кароткачасовы прыпынак у Выганашчах! На шчасце, людзей не расстралялі, не спалілі жыўцом, як у Красніцы, затое знішчылі ўсе будынкі, каб надалей партызанам тут не было прытулку. Я помню, калі мы прыязджалі да бабулі, людзі яшчэ ў зямлянках жылі. Цяпер аб гэтай трагедыі нагадвае самая шырокая вясковая вуліца. Пасля вызвалення людзі яе адбудавалі, але ўбаку ад папялішча — такое павер'е.

— Пасля карнай аперацыі мясцовыя жыхары не баяліся заставацца ў вёсцы?

— А куды ім было ісці? Нашы вёскі спачатку былі пад Польшчай, потым да ўлады прыйшлі Саветы. Не азірнуліся, як вайна... Людзі не паспелі не тое што паўцякаць — паварушыцца. Яны ўжо прызвычаіліся да таго, што ўвесь час мянялася ўлада, таму нямоцна былі напалоханы прыходам немцаў. Вельмі многія, у тым ліку мой бацька Васіль Іванавіч, свядома пайшлі ў партызаны. Спачатку ён быў байцом у атрадзе «Сокалы», які ўзначальваў Герой Савецкага Саюза Кірыл Арлоўскі, затым — камандзірам кулямётнага ўзвода ў атрадзе Матросава партызанскай брыгады імя Грызадубавай. Быў цяжка паранены.

Уладзімір РУСАКЕВІЧ падчас службы ў войску, 1972 год.

— Не кожны партызан быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі...

— Многія. Цяжкае жыццё было ў таго пакалення...

— А ваша дзяцінства, якое прыпала на першыя пасляваенныя гады?

— Маё дзяцінства было вельмі шчаслівае. Гэта цяпер ацэньваюць мінулае па дастатку — я не пра тое. Мяне вельмі любілі бацькі, мне так было добра дома! Пасля заканчэння сямі класаў (у Люсіне, дзе мы на той момант жылі, была толькі сямігодка) мяне, 13-гадовага хлопца, завёз бацька паступаць у Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Мы з маім сябрам з Ганцавічаў Васем Цітовым паспяхова здалі экзамены. Правучыліся тыдзень, праелі амаль усе грошы, кожны вечар сядзім і плачам — дахаты хочацца. Дакументы без ведама бацькоў нам аддаваць не хацелі, мы па сумкі — і на аўтобус. Бацька так радаваўся, калі я прыехаў дамоў! Акурат зноў рэформа школы: у Люсіне набралі восьмы клас. Дзявяты заканчваў у Малькавічах, што за 12 кіламетраў ад дома, жыў у школьным інтэрнаце. Адвучыўся, як бацьку перавялі ў іншы калгас — «1 Мая», у вялікую вёску Хатынічы. Але 10 клас, на маю бяду, не набраўся. Мяне — да бабулі ў Выганашчы, там і давучваўся. Затым паехаў паступаць у Мінскі радыётэхнічны інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. — Аўт.), ён толькі адкрыўся. І сёння не разумею навошта: я дрэнна ўяўляў, што такое аўтаматыка і тэлемеханіка. Не атрымалася, паехаў дахаты — уладкаваўся ў сельскую школу бібліятэкарам. З 13 гадоў я матаўся, таму тыя два гады, калі мне выпала шчасце пажыць з бацькамі, успамінаюцца, як самы лепшы час.

— Калі задумаліся, што настаў час выходзіць з-пад бацькоўскага крыла і атрымліваць адукацыю?

— Перад 18-годдзем трэба было выбіраць: або ў армію ісці, або ў інстытут. Брат, які спасцігаў веды ў Гродзенскім педінстытуце (цяперашнім універсітэце Янкі Купалы), сагітаваў і мяне: кажа, разам у інтэрнаце жыць будзем. Я паступіў на біёлага-хімічны факультэт. Два экзамены здаў, рыхтуюся да наступнага. Прыбягае дзяжурны: «Вас рэктар выклікае». Думаю, мяне? Рэктар? Завялі ў кабінет, сказалі, што зараз патэлефануюць. Паднімаю трубку: «Прыязджай! Бацька памёр...» Рэктар адпусціў на пахаванне, дазволіў здаць экзамен з іншай групай. Так я стаў студэнтам. І сіратой. Мне было 18 гадоў...

— Як пасля гэтага змянілася жыццё маці?

— У нас, як і ва ўсіх вяскоўцаў, было 30 сотак прысядзібнага ўчастка, якімі ў асноўным займалася менавіта яна. Бацька — на службе, а маці, Вера Кліменцьеўна, і звеннявой у калгасе працавала, і гаспадарку вяла, і нас абшывала — добрая швачка была. Са смерцю бацькі жыццё быццам спынілася. Мама пераехала на сваю радзіму: у Выганашчах жылі яе сёстры, мая бабуля. Там таксама 30 сотак зямлі апрацоўвала — а па-іншаму ў вёсцы нельга было. Туды мы і прыязджалі, дапамагалі. Потым, калі я жыў у Брэсце, забраў маці да сябе.

— Па сваёй першай адукацыі вы настаўнік...

— Біёлага-хімічны факультэт скончыў з адзнакай. Вучоны савет інстытута выдаў мне рэкамендацыю для паступлення ў аспірантуру, але ў камісіі па размеркаванні палічылі, што ў гэтым годзе паступаць я не магу, — трэба адслужыць у арміі. Таму, каб не застаўся хлопец без работы, накіравалі мяне ў Свіслацкі раён. Але пакуль быў у мамы на канікулах, выйшла пастанова ЦК КПСС, згодна з якой маладых людзей з вышэйшай адукацыяй, накіраваных на работу ў сельскую школу, у армію не прызывалі. Думаю, навошта мне ехаць туды, дзе настаўнік хіміі і біялогіі быў непатрэбны, ды яшчэ кватэру здымаць. Папрасіўся ў родны раён. Ледзь атрымаў адмацаванне. Прыехаў у Івацэвіцкі аддзел адукацыі, а мне прапаноўваюць выкладаць хімію і біялогію ў Любішчыцах. Так мне спадабалася! Не паспеў узяцца за справу, як на мае ўрокі правяраючыя зачасцілі. Праз дзён дзесяць выклікае загадчык аддзела Мікалай Платонавіч Цярэшка: ну, думаю, дзесьці пагарэў. А мне замест вымовы прапаноўваюць пасаду дырэктара школы ў вёсцы Турная. Знаёмыя кажуць: «Ну куды ты паедзеш? Любішчыцы — гэта амаль Івацэвічы, а Турная ў глушы». Параіўся з мамай, а яна мне і кажа: «Нават не раздумвай, едзь працаваць!» Для мяне яе словы былі законам.

— Цікава, як у школе прынялі 23-гадовага дырэктара?

— Працаваць не перашкаджалі — дзякуй за гэта. Быў добры запас ідэй. Праводзілі шматлікія спаборніцтвы: па вучобе, спартыўныя. І ў футбол з вучнямі гуляў. Праўда, васьмікласнікі глядзелі на мяне амаль як на свайго равесніка. Я атрымліваў асалоду ад сваёй работы, але вясной выходзіць новая пастанова Цэнтральнага камітэта: у армію — прызываць. Сабралася радня, калегі-настаўнікі, сябры, праводзілі, як на фронт. Калі прыехаў у Брэст на прызыўны пункт, мне сказалі два дні пачакаць: трэба было набраць адпаведную колькасць людзей з вышэйшай адукацыяй. У выніку атрымаўся перабор: адзін з нас мог пайсці дахаты. Прапанавалі мне. Думаю, школу здаў, разлік атрымаў, провады адгуляў, як я вярнуся? А раней жа ў вёсцы: не ўзялі ў армію — значыць, хворы. Прапаноўваю, каб усе сталі ў строй, пералічыліся і 13-ы пайшоў да хаты. Зноў я выпаў! Ледзь не на каленях прасіў, каб у армію ўзялі. На гэтым мая педагагічная дзейнасць скончылася.

— І пачалася грамадская...

— Паколькі ў арміі ўступіў у партыю, адразу пасля дэмабілізацыі мяне накіравалі на камсамольскую работу. Спачатку загадчыкам аддзела школьнай моладзі і піянераў. Для мяне гэта было як басейн, дзе я плаваць добра ўмею. Праз месяцы два выбіраюць другім сакратаром райкама камсамола, а неўзабаве і першым. І панеслася...

— Адну за другой вы мянялі высокія пасады. Як лічыце, справа ў шанцаванні ці ўсё ж гэта вынікі шматгадовай плённай працы?

— Не абышлося і без шанцавання. Але, вядома, без пэўнай базы ведаў наўрад ці нехта мяне заўважыў бы. Прасоўваць жа мяне не было каму. Безумоўна, былі станоўчыя рэкамендацыі ад тых, з кім я працаваў. Акрамя асабістых даных, патрэбна была і адукацыя. Я ж усё жыццё вучыўся: дзеці маленькія, а я яшчэ ў сельгасінстытут паступіў, потым — у вышэйшую партыйную школу. Працую з 16 гадоў. Нядаўна падлічыў: 46 гадоў бесперапыннай працы! За гэты час памяняў 10 месцаў жыхарства, 15 кватэр.

— Адна з іх была нават у Паднябеснай. Не сумавалі па радзіме, калі былі паслом у Кітайскай Народнай Рэспубліцы?

— Яшчэ як сумаваў! Ды і дзве дачкі-студэнткі, Вера і Таня, засталіся ў Беларусі. Адзіная сувязь — тэлефон. Нарадзілася ўнучка Вераніка, а мы з Сафіяй Уладзіміраўнай дачцэ нічым не маглі дапамагчы. Да свайго прызначэння тройчы бываў у Кітаі, таму збольшага з краінай быў знаёмы. Але было і тое, да чаго ніяк не мог прызвычаіцца, у тым ліку да экзатычнай ежы: змей, лічынак. Спрабаваў вучыць кітайскую мову — узрост, памяць не тая. Затое сын Аляксандр за год яе ва ўніверсітэце адолеў. Увогуле іншы народ, культура — высокая, старажытная, але не мая, не родная. За тры гады я так і не звыкнуўся з іх укладам жыцця. Праўда, калі прыязджаў у Мінск, здавалася, што трапляў у невялікі горад. Тады гэта было вельмі прыкметна.

— У чым, на ваш погляд, феномен Кітая, які ўсяго за некалькі гадоў з «краіны дваровай металургіі» ператварыўся ў сусветнага прамысловага лідара?

— Кітайцам не пазычаць мудрасці. Чаму яны сябруюць з Беларуссю? Хоць сяброўства — гэта тонкая рэч. Правільней сказаць, актыўна развіваюць усебаковыя адносіны. Яны вельмі доўга да нас прыглядаліся. І толькі дзесьці на 15-м годзе дыпламатычных адносін нешта зварухнулася. Паглядзелі, як у нашай краіне ставяцца да прадстаўнікоў іх нацыі, ацанілі. Кітайцы — народ горды: яны не даруюць непаважлівых адносін да сябе, нават у дробязях адчуваюць фальш. Доўга вывучалі і зразумелі, што мы ставімся да іх шчыра.

Калі я прыехаў у КНР, там не ўсе мелі разуменне, што такое пенсія. Якое медыцынскае абслугоўванне, калі большая палова насельніцтва жыла на сваіх 10 сотках зямлі? Гэта агульна глядзіш: гігант, як развіваецца. А калі капнеш глыбей... Паступова кітайцы пачалі адчуваць, што ў іх на стале рыс кожны дзень, што не ў форме ходзяць, а набываюць адзенне. Далі свабоду прыватнай уласнасці. Тое, што мы ўжывалі, на першым часе стваралася ў невялічкіх пакойчыках, так званых сельскіх вытворчасцях. Садзілі кітаянак, і яны ўручную ўсё ляпілі: ад цацак да адзення. Так і цяпер у Кітаі: хочаш жыць — працуй. У іх высокае пачуццё адказнасці перад Радзімай. Кітайцы, якія жывуць за мяжой (а іх процьма), працуюць на сваю краіну. Вядома, беларусам замежжа наўрад ці па сілах значна паўплываць на эканоміку сваёй краіны, але нам трэба вучыцца ў кітайцаў стаўленню да радзімы. Можна з нечым не пагаджацца, але нельга быць ворагам сваёй зямлі.

— Амаль шэсць гадоў вы ўзначальвалі інфармацыйнае ведамства краіны, таму, як ніхто, ведаеце, у якіх умовах развівалася медыйнае поле. З таго часу шмат што змянілася?

— Яшчэ падчас працы ў Пекіне ў мяне склалася ўражанне, што гэта самы няўдзячны ўчастак работы. З майго пункту гледжання, усё было запушчана. Не ў тым плане, што газеты дрэнна пісалі. Я маю на ўвазе ўзаемаадносіны міністэрства як органа, які займаецца забеспячэннем выканання закона аб СМІ, з суб'ектамі гэтага поля. Дзясяткі незарэгістраваных сродкаў масавай інфармацыі! Сёння абсалютна іншая абстаноўка, іншая рэакцыя на крытыку, заўвагі, якія ідуць ад прэсы, якую мы лічым незалежнай. Вядома, і формы памяняліся. Тады, калі я працаваў, інтэрнэтам была ахоплена не такая вялікая колькасць насельніцтва, як цяпер. У прэсы стала больш магчымасцяў выказацца. Адно застаецца нязменным: расце прафесійнае майстэрства журналістаў, прагрэсіруе іх талент.

— Вам, відаць, пашанцавала з жонкай: пераязджаць 15 разоў пагадзілася б не кожная жанчына...

— Я ўжо працаваў загадчыкам аддзела камсамольскіх арганізацый абкама камсамола, жыў у Брэсце. Настолькі быў загружаны, што і жаніцца не было калі. Прыехаў у камандзіроўку ў Івацэвічы, а мне падказваюць, што ў мае родныя Выганашчы такую прыгожую настаўніцу накіравалі. Паехаў, пазнаёміліся — праз два тыдні пажаніліся. З Сафіяй Уладзіміраўнай ужо 41 год разам. І ўсюды яна за мной. Дзе б мы ні былі, увесь час працавала: па адукацыі — настаўніца англійскай мовы, а па ўнутраных перакананнях — захавальніца сямейнага ачага.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фотаздымкі з уласнага архіва Уладзіміра РУСАКЕВІЧА.

Каментары

Дзякуй, Вераніка, за цікавае інтэрв’ю з былым міністрам! Вось чытаў размову і ўяўляў тыя куточкі Палесся, пра якія ўзгадваў Уладзімір Васільевіч – і мне там давялося пабыць, паздымаць, і не аднойчы – і ў Выганашчах, і ў Хатынічах, і ў Люсіне, і ў Малькавічах, і ў Свяціцы... Асабліва цікава было даведацца пра пасляваеннае маленства і гады сталення твайго героя, пра яго бацькоў – сапраўдных палешукоў і шчырых працаўнікоў. Паболей табе гэткіх размоў – душэўных, жывых і цікавых!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.