Вы тут

Навошта Аргенціна развярнула дзяржаўны курс?


Калі ў шэрагу азіяцкіх краін дагэтуль ва ўладзе застаюцца рэжымы, якія прытрымліваюцца левых поглядаў, то ў Лацінскай Амерыцы, наадварот, намеціўся правы ўхіл. Яскравы прыклад такой радыкальнай змены курсу — Аргенціна. У канцы 2015 года правацэнтрыст Маўрысіа Макра быў абраны прэзідэнтам гэтай краіны. Прычым яго перавага была мінімальная, новы кіраўнік меў меншасць прыхільнікаў у парламенце. Але сітуацыя змянілася. Сёлета ў канцы кастрычніка ў Аргенціне прайшлі выбары ў заканадаўчыя органы ўлады. На іх пераканаўчую перамогу атрымала палітычная кааліцыя «Cambіemos» («Давайце зменім»), якая падтрымлівае Макра. Гэта цалкам змяняе палітычную панараму Аргенціны, дзе апошнія 70 гадоў, перажываючы ўзлёты і падзенні, панаваў толькі адзін галоўны гулец — перанізм. «Сёння перамагла ўпэўненасць у тым, што мы можам змяніць гісторыю назаўсёды. І гэта толькі пачатак, мы толькі пачалі рэфармаваць Аргенціну», — сказаў прэзідэнт. Навошта краіна «ўзяла ўправа»?


«Залатыя» мігранты

«Кейс» Аргенціны выкарыстоўваецца эканамістамі як прыклад вельмі няўдалай доўгатэрміновай эканамічнай палітыкі: краіна, якая магла б, карыстаючыся сваімі рэсурсамі, урадлівымі землямі, спрыяльным кліматам, удалым геаграфічным становішчам, стаць адным з сусветных лідараў, апынулася ў XXІ стагоддзі ў трэцім дзясятку краін па намінальным ВУП. Карупцыя, інфляцыя, рэгулярныя эканамічныя крызісы, моцная залежнасць ад замежных інвестараў, дэфолт — вось далёка не поўны спіс бедстваў, з якімі аргенцінцам давялося сутыкнуцца за апошнія сто гадоў, заўважае lenta.ru.

Незадоўга да Першай сусветнай вайны Аргенціна лічылася адной з самых паспяховых і багатых краін свету. У знакамітай працы эканаміста Ангуса Мэдзісана «Сусветная эканоміка: гістарычная статыстыка» адзначаецца, што ў 1913-м толькі сем краін свету мелі больш высокі даход у разліку на жыхара. Варта сказаць, што Аргенціна па тым паказчыку знаходзілася на адным узроўні з Францыяй і Германіяй і істотна апярэджвала такія краіны, як Італія і Іспанія. Суседняя Бразілія адставала ад Аргенціны ў пяць разоў, а Японія, адзін з сусветных лідараў канца XX стагоддзя, — амаль у тры разы. Каб зразумець, наколькі істотныя былі эканамічныя поспехі Аргенціны, дастаткова сказаць, што метро ў Буэнас-Айрэсе было запушчана яшчэ ў 1913 годзе, а сам горад эксперты тады параўноўвалі з Чыкага. Прычыны тагачаснага поспеху Аргенціны простыя. Па-першае, у яе распараджэнні былі практычна неабмежаваныя абшары свабоднай урадлівай зямлі (толькі ў Пампе плошча тэрыторый, прыдатных для ўзворвання, складала каля 500 тысяч квадратных кіламетраў). Па-другое, адносна высокі ўзровень адукацыі насельніцтва адкрыў магчымасці для прымянення ў сельскай гаспадарцы вядучых на той момант тэхналогій. У выніку мігранты, якія насялялі лацінаамерыканскую краіну, хутка зрабілі яе экспарцёрам збожжа, віна і мяса практычна ва ўсе рэгіёны свету. Перспектыўная Аргенціна з сярэдзіны XІX стагоддзя прыцягвала мільёны мігрантаў, якім стала цесна ў індустрыялізаванай Еўропе. Іспанцы, італьянцы, ірландцы, немцы, французы, шатландцы і нават арабы-хрысціяне — усе ўнеслі пасільны ўклад у развіццё лацінаамерыканскай дзяржавы. Прыток таннай, але даволі кваліфікаванай працоўнай сілы разам з высокім попытам на яе даў дадатковы штуршок эканоміцы, якая ў 1890—1910-х гадах расла прыкладна на шэсць працэнтаў у год, што ўтрая перавышала сярэднесусветны ўзровень.

Дэпрэсія і хунта

Перамены да горшага пачаліся ў Аргенціне падчас глабальнага крызісу 1929 года. Вялікая дэпрэсія ў ЗША і Еўропе ўдарыла ў першую чаргу па вытворцах сыравіны, у тым ліку і сельскагаспадарчай. Пры гэтым Аргенціну першапачаткова закранула не так моцна, як сумежныя дзяржавы. Ужо к сярэдзіне 1930-х ёй удалося вярнуцца да ўстойлівага эканамічнага росту, праўда ненадоўга. Аргенцінцы, якія прывыклі да пэўнага ўзроўню жыцця (а галоўнае, да яго стабільнага росту), аказаліся не гатовыя да некалькіх гадоў «зацягвання паясоў». У выніку ўладу ў краіне захапіла ваенная хунта, якая абараняла ў асноўным інтарэсы буйнога капіталу, асабліва брытанскага. Змена ўлады суправаджалася масавымі беспарадкамі, абвастрыла супярэчнасці ў грамадстве і росту эканомікі ніяк не спрыяла.

У 1943 годзе ў Аргенціне адбыўся новы ваенны пераварот. Ён адыграў ключавую ролю ў гісторыі краіны праз тое, што праклаў шлях у вялікую палітыку адной з самых супярэчлівых постацяў у Лацінскай Амерыцы XX стагоддзя — Хуану Перону, афіцэру, які ў новым урадзе заняў пасаду міністра працы. Ён спрыяў прыняццю новага заканадаўства ў інтарэсах працоўнага класа, і яно стала адным з самых прагрэсіўных на той момант у свеце. Пасля перамогі Перона на прэзідэнцкіх выбарах у 1946 годзе Аргенціна пайшла па сацыял-дэмакратычным шляху развіцця. Нягледзячы на тое што такая дзейнасць спрыяла пераадоленню расслаення і аднаўленню сацыяльнага міру ў грамадстве, на доўгай дыстанцыі эканоміцы была нанесена немалая шкода. У выпадку найменшых цяжкасцяў яго ўрад раз за разам уключаў друкарскі станок, усё больш разганяючы інфляцыю. Акрамя таго, Перону не ўдалося знайсці замену брытанскаму капіталу, які дамінаваў у краіне ў першай палове XX стагоддзя. Праект развіцця імпартазамяшчальнай прамысловасці таксама праваліўся, а велізарныя інвестыцыі ў яго з боку дзяржавы прывялі да таго, што традыцыйны аграрны сектар аказаўся пакінуты сам сабе і яго развіццё прыпынілася.

Пасля Перона (яго партыя была зрынута ў выніку ваеннага перавароту 1955 года) усё стала яшчэ горш: не маючы асабістай харызмы і каласальнага палітычнага ўплыву генерала, улады былі вымушаныя ўжываць сілу для вырашэння супярэчнасцяў. Палітычнае супрацьстаянне надзвычай абвастрылася, у краіне разгарнулася гарадская партызанская вайна. Эканоміка практычна перастала расці, і паўстала сітуацыя, якую назвалі «сацыялізм без плана, капіталізм без рынку», — гэта значыць у адной краіне спалучаліся найгоршыя рысы абедзвюх сацыяльна-эканамічных сістэм. Канчатковы крах гэтай палітыкі адбыўся ў 1982 годзе, калі Аргенціна пацярпела адчувальнае паражэнне ў вайне за Фалклендскія астравы. Высветлілася, што ваенная хунта не ўмее рабіць нават таго, чаму вучылася ўсё жыццё, — ваяваць. Генералы былі вымушаныя здаць уладу і правесці выбары, якія выйграў пераніст Рауль Альфансін. Але перамога дэмакратыі ў краіне нічога не змяніла ў эканамічнай практыцы: вярхушка заставалася вельмі карумпаванай, толькі цяпер не запалохвала, а падкупляла насельніцтва, не думаючы пра заўтрашні дзень.

Рэцэпт «цуду»

Новая спроба рэзка развярнуць курс адбылася ў пачатку 1990-х. За ёй стаялі прэзідэнт Карлас Менем і эканаміст Дамінга Кавалья. Менем, які ішоў ва ўладу пад ультрапапулісцкімі лозунгамі, пасля перамогі нечакана ператварыўся ў адэпта вольнага рынку і «сябра бізнесу». Ідэолагам рэформаў, пачатых урадам, стаў Кавалья, які бачыў корань зла ў перанісцкім сацыялізме і лічыў, што Аргенціна можа развівацца толькі пры дапамозе строгай фінансавай палітыкі і праграмы спрыяння замежнаму капіталу. Кавалья ўвёў у краіне так званы currency board — жорсткую прывязку песа да долара ЗША, такім чынам задушыўшы інфляцыю (у 1989 годзе цэны ў Аргенціне выраслі больш чым на 2000 працэнтаў) і забяспечыўшы фінансавую стабільнасць. У выніку эканоміка зноў пачала інтэнсіўна расці і ў свеце загаварылі пра «аргенцінскі эканамічны цуд» — даходы насельніцтва бесперапынку павялічваліся цягам амаль 10 гадоў.

Новай «вялікай дэпрэсіяй» для Аргенціны стаў фінансавы крызіс 1998 года ў Азіі, які чарговы раз ударыў па цэнах на сыравіну. Капітал збег з нестабільнай эканомікі, і банкаўская актыўнасць фактычна замерла. Крыху пазней была закранутая і ўся нацыянальная эканоміка, якая перажывала прыкладна тыя ж праблемы, што цяпер паўсталі перад Грэцыяй. Кавалья імгненна ператварыўся з героя ў ізгоя. Яму тут жа ўспомнілі нарошчванне дзярждоўгу, якое было названа галоўным рэцэптам «цуду», што заканамерна прывяло да краху. Масавае беспрацоўе выклікала да жыцця «маршы пустых каструль» і вяртанне да сілавога супрацьстаяння паміж уладай і грамадзянамі.

Аргенціна на працягу большай часткі ХХ стагоддзя пакутавала ад перыядычных эканамічных крызісаў, пастаяннага дэфіцыту фінансаў і бягучага рахунку, высокай інфляцыі, у выніку чаго павялічваўся знешні доўг краіны і адбываўся адток капіталу. Эканоміка дасягнула ніжняй мяжы ў 2001 годзе з рэальным ВУП на 18% меншым, чым у 1998-м, і з амаль 60% аргенцінцаў за мяжой беднасці. У сярэдзіне 2000-х гадоў, праўда, удалося вярнуцца да росту за кошт чарговага вітка цэн на сыравіну, але новы глабальны крызіс зноў перапыніў гэты рух. Левая палітыка прэзідэнта Крысціны Кіршнер аказалася такой жа спрэчнай, як і правая Карласа Менема. У выніку на 2013 год Аргенціна па ВУП на душу насельніцтва ў два з паловай разы прайгравала Італіі і Японіі. Адставанне ад такіх развітых сыравінных краін, як Аўстралія і Канада, павялічваецца з кожным дзесяцігоддзем. Нават у параўнанні з суседзямі (якіх з тых часоў таксама патрапала ладна) Аргенціна выглядае слаба. У 1913 годзе яе ВУП складаў 3,8 тысячы долараў (адаптаваных да 1990 года) на душу насельніцтва, тады як Чылі — менш за 3 тысячы долараў, а Бразіліі — і зусім 800 долараў. Праз сто гадоў Аргенціна і Бразілія ўжо знаходзіліся на адным узроўні (11,5 тыс. і 11,3 тысячы долараў), а вось Чылі апынулася далёка наперадзе: даход на душу насельніцтва ў дзяржаве па іншы бок Андаў перавышаў 15 тысяч долараў. Калі ў 2010-м ВУП Сярэбранай краіны вырас на 9,2 працэнта, то летась гэты паказчык склаў мінус 1,8%.

Аргенціна валодае багатай мінеральна-сыравіннай базай для развіцця прамысловасці. Па здабычы нафты краіна займае чацвёртае месца (пасля Венесуэлы, Эквадора і Бразіліі) у Лацінскай Амерыцы. Здабыча цалкам забяспечвае патрэбы краіны, і дзяржава «чорнае золата» не імпартуе. Аргенціна ўваходзіць у дзясятку вядучых краін па запасах урану. А вось багатых радовішчаў серабра (лац. «argentum»), ад якога пайшла назва краіны, тут няма. Расказы, у якія паверылі ў свой час іспанскія канкістадоры, засталіся ўсяго толькі чуткамі.

Эканоміка Аргенціны дагэтуль застаецца ў значнай ступені аграрнай. Адметнай рысай сельскай гаспадаркі гэтай дзяржавы ў параўнанні з іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі з'яўляецца той факт, што яна не толькі цалкам забяспечвае сябе харчаваннем, але і экспартуе яго (пры гэтым у галіне занята толькі 2% працуючых). Доля аграпрамысловага сектара складае каля 10 працэнтаў, што ў разы вышэй, чым у большасці краін Еўропы. 60 працэнтаў прыпадае на сферу паслуг і каля 30 працэнтаў — на прамысловасць.

Рэформы ад Макра

Чарговая змена курсу выглядае як спроба распачаць жыццёва неабходныя рэформы. Макра і яго прыхільнікі да нядаўняга часу прадстаўлялі сабой толькі невялікую групу людзей, якая ўзначальвала мясцовыя органы ўлады, а цяпер яны становяцца галоўнай дзеючай сілай усёй аргенцінскай палітыкі. «Мы ўваходзім у новы этап змен. Аргенціна не павінна спыняцца і баяцца рэформаў», — пракаментаваў вынікі парламенцкіх выбараў прэзідэнт Макра. Як адзначыў у размове з «Коммерсантом» кіраўнік дэпартамента Еўразіі Інстытута міжнародных адносін Нацыянальнага ўніверсітэта Ла-Платы Паола Бота, правядзенне эканамічных рэформаў — першае магчымае наступства перамогі Cambіemos на выбарах. Сярод асноўных прапаноў — скарачэнне падаткаў і дзяржаўных выдаткаў, а значыць, і сацыяльных выплат. Пры гэтым Макра адзначыў, што ў Аргенціне «дзве праблемы: людзі, якія не маюць працы, і практычна палова аргенцінцаў, якія працуюць незаконна».

«Я ганаруся тым, што мне ўдалося сфарміраваць самы высокапрафесійны ўрад за апошнія 50 гадоў, — адзначыў Маўрысіа Макра ў інтэрв'ю іспанскаму выданню Іnfolatam. — Шмат хто з членаў урада былі ў маёй камандзе, калі я на працягу многіх гадоў быў мэрам Буэнас-Айрэса. Нам даводзіцца прымаць цяжкія, балючыя і непапулярныя рашэнні, але мы заўсёды думаем пра тое, як яны паўплываюць на найбольш уразлівыя катэгорыі насельніцтва. Нам удалося дамагчыся таго, што дзесяць мільёнаў аргенцінцаў сталі атрымліваць дадатковую сацыяльную падтрымку. І гэта толькі першыя крокі ў гэтым кірунку».

Макра заўважыў, што яго ўрад закладвае асновы для развіцця краіны. І арыентуецца на доўгатэрміновую перспектыву, каментуе El Іntransіgente. На думку прэзідэнта Аргенціны, краіна «ўстае на ногі», з'яўляюцца прыкметы паляпшэння стану эканомікі, «кожны год будзе лепшы за папярэдні». Праверыць гэтыя сцверджанні можа толькі час.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Сярэбраная краіна «ўзяла ўправа»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».