Вы тут

Такі фінал — не паражэнне, а поспех


Беларускія тэнісісткі хоць і прайгралі вырашальны матч Кубка Федэрацыі, але біліся там да канца.

Упершыню Мінск прыняў настолькі маштабную падзею ў гэтым відзе спорту. Корт «Чыжоўка-Арэны» пачаў рыхтавацца задоўга да старту гучнага фіналу, ад лядовай пляцоўкі там не засталося і следу. Два дні вялікага тэніса ў сталіцы чарговы раз паказалі, наколькі цёплы прыём аказваюць беларускія балельшчыкі.


Арына Са­ба­лен­ка і Аляксандра Са­сно­віч.

Пра тое, што ў матчы з амерыканкамі нашым дзяўчатам прыйдзецца цяжка, ведалі ўсе. Беларускі — дэбютанткі сусветнай групы, амерыканкі — 17-разовыя ўладальніцы трафея (цяпер ужо 18-разовыя), акрамя таго, саперніцы на галаву вышэйшыя ў сусветным рэйтынгу. На нашым баку былі трыбуны, стабільнасць Аляксандры і агонь Арыны.

Да старту матча з вуснаў капітана Эдуарда Дуброва прагучала: «Проста так адсюль не паедзе ніхто». Так і атрымалася. Без барацьбы не абышоўся ні адзін розыгрыш, ні адзін гейм і тым больш сэт. На адной з першых прэс-канферэнцый лідар нашай зборнай Арына Сабаленка сказала: «Фінал — гэта, вядома, выдатна, але мы хочам большага». Большага хацелі ўсе — спартсмены, трэнеры, журналісты, балельшчыкі.

У першы дзень каманды абмяняліся перамогамі (Кока Вандэвегэ была мацнейшая за Аляксандру Сасновіч, а Арына Сабаленка перамагла Слоан Стывенс), лік 1:1 толькі ўзмацніў інтрыгу. На трыбунах «Чыжоўка-Арэны» панавала цудоўная атмасфера, беларускія аматары спорту як ніколі цёпла падтрымлівалі дзяўчат. Вялікі антураж і высокі ўзровень арганізацыі адзначылі нават і самі амерыканкі, прадстаўніцы самай тэніснай дзяржавы свету.

— Адчуванні проста неймаверныя! Няма слоў! Проста неймаверныя, — захаплялася Кока Вандэвегэ. — Так, адчуваўся ціск з боку беларускіх балельшчыкаў, але я ўсё роўна атрымлівала асалоду ад кожнага моманту. Змагалася супраць усёй публікі.

На матчы прысутнічала шмат вядомых людзей, медыйных асоб, спартсменаў, а таксама Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Перад стартам першага гульнявога дня кіраўнік дзяржавы сустрэўся са спартсменкамі і пажадаў ім поспеху, а пазней адбылася сустрэча Аляксандра Рыгоравіча з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі тэніса Дэвідам Хагерці.

Прэзідэнт адзначыў вялікі напал барацьбы і напружанасць спаборніцтваў. «Цвёрда вам абяцаю як кіраўнікам міжнароднага тэніса, еўрапейскага, расійскага, велізарным аматарам тэніса, што мы хутка, у крайнім выпадку ў жаночым тэнісе, пра сябе гучна заявім, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Спадзяюся, яшчэ і Азаранка сваё слова скажа».

Прэзідэнт падкрэсліў, што такая буйная падзея дасць штуршок развіццю тэніса ў Беларусі і стане добрым стымулам для падрастаючых тэнісістаў. «Ды і наша каманда яшчэ зусім маладая, нявопытная, таму гэта таксама вопыт», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчы, акрамя Дэвіда Хагерці, прысутнічалі старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Цяцерын, прэзідэнт Тэніснай асацыяцыі ЗША Катрына Адамс, прэзідэнт Федэрацыі тэніса Францыі Бернард Гвадзічэлі, прэзідэнт Федэрацыі тэніса Расіі Шаміль Тарпішчаў, прэзідэнт Еўрапейскай тэніснай федэрацыі, старшыня апякунскай рады Федэрацыі тэніса Расіі Уладзімір Дзмітрыеў і прэзідэнт Асацыяцыі міжнародных федэрацый летніх алімпійскіх відаў спорту Франчэска Рычы-Біці.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў спартыўным функцыянерам за прыезд у Беларусь, адзначыўшы, што іх візіт стаў добрай магчымасцю абмеркаваць актуальныя спартыўныя тэмы, у прыватнасці развіццё тэніса.

У другі гульнявы дзень Арына Сабаленка прайграла дзеючай чэмпіёнцы US Ореn Кока Вандэвегэ, а Аляксандра Сасновіч ва ўпартай барацьбе перайграла Слоан Стывенс.

Такім чынам, фінал атрымаўся па-сапраўднаму паўнавартасным з гульнявога пункту гледжання, аматары тэніса ўбачылі ўсе пяць магчымых сустрэч. Перад вырашальным парным паядынкам капітаны камандаў зрабілі аператыўныя замены, Эдуард Дуброў заявіў Сасновіч і Сабаленку, пасля неймавернага адзіночнага матча ў Аляксандры было ўсяго паўгадзіны на адпачынак. Амерыканкі ў пару да Кока Вандэвегэ выпусцілі Шэлбі Роджэрс. У першым сэце ўсё вырашыў адзін брэйк у выкананні гасцей, у другім нашы дзяўчаты нават вялі ў ліку, але чагосьці не хапіла.

— Гэта наш першы сумесны матч з Арынай. Было няпроста, аднак вялікі дзякуй ёй, у нас сфарміравалася добрая каманда. Усе матчы атрымаліся напружанымі па напале, бо саперніцы былі няпростыя. У тым ліку — і на папярэдніх стадыях. Тым не менш матч за тытул — гэта нешта асаблівае па напале, — расказала Аляксандра Сасновіч.

— Вялікі дзякуй дзяўчатам! За час, што я знаходжуся ў ролі капітана, — пачынаючы з матча супраць Канады, мы сталі адной сям'ёй. Вялікі дзякуй усім членам каманды — трэнерам і спарынг-партнёрам, дактарам і масажыстам, якія дапамагалі нам увесь гэты час. Думаю, што каманду чакае добрая будучыня. Ад матча да матча мы сустракаліся з усё больш моцнымі сапернікамі і фінал, лічу, згулялі годна. Як вы памятаеце, калі ЗША і Беларусь сустракаліся мінулы раз, то лік быў 5:0 на карысць амерыканак. Цяпер 3:2. Гэта добры вынік. Балельшчыкі ўбачылі прыгожую гульню сваёй каманды і не засталіся расчараванымі, а, наадварот, пакідалі стадыён з пачуццём, што далей у нас будзе толькі «золата». Я лічу, што наш фінал — не паражэнне, а поспех, — пракаментаваў Эдуард Дуброў.

Здаецца, балельшчыкі сапраўды засталіся задаволеныя такім тэнісам, напрыканцы пад гукі маляўнічай і гучнай цырымоніі ўзнагароджвання дзесьці прагучала: «Калі б усе нашы спартсмены змагаліся так, як гэтыя дзяўчаты».

Вялікі камандны тэніс бярэ невялікую паўзу, але ўжо ў лютым 2018-га нашы спартсменкі зноў пачнуць барацьбу за трафей. У першым матчы новага розыгрышу Кубка Федэрацыі беларускі згуляюць з немкамі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».