Вы тут

Колькі каштуе эканомія? Пра лічыльнікі на батарэях і зніжкі на цяпло


Чым «цяжэйшыя» становяцца ў жыроўках радкі аплаты за ацяпленне, тым больш мы пачынаем задумвацца пра тое, як на гэтым зэканоміць. Асабліва калі батарэі ў кватэры непамерна гарачыя, усур'ёз разважаеш аб неабходнасці ўстанавіць на іх цеплалічыльнік. Але, аказваецца, дазволіць сабе знізіць аплату камунальных паслуг за ацяпленне можа далёка не кожны. Па-першае, устаноўка абсталявання для гэтага абыдзецца крыху больш за 100 рублёў на адну батарэю. Па-другое, некаторыя аніяк не змогуць зрабіць гэта ў старых дамах, бо не дазволяць тэхнічныя рэсурсы жылля. Па-трэцяе, без згоды як мінімум 75% суседзяў ніводнаму гаспадару ў сваёй кватэры нават пры наяўнасці грошай, інжынерных магчымасцяў будынка і жадання «ўсталяваць эканомію» не ўдасца, асабліва пры вертыкальнай сістэме разводкі цяпла.


Немэтазгодна тэхнічна

Арганізацыя пакватэрнага ўліку і рэгулявання цяпла дазваляе зберагаць 10—15% энергіі, сцвярджаюць спецыялісты. Наладзіць разлік індывідуальнай аплаты за ўжытае цяпло можна, калі на батарэях жыхароў маюцца пакватэрныя прыборы ўліку: размеркавальнікі цяпла або індывідуальныя прыборы ўліку цеплаэнергіі (цеплалічыльнікі). А расход энергіі на ацяпленне будынкаў вызначаецца па паказчыках групавога прыбора ўліку.

Пры гэтым дамы падзяляюцца на дзве катэгорыі: уліковыя, у тэхнічных памяшканнях якіх устаноўлены групавыя прыборы ўліку цяпла, і безуліковыя — будынкі, дзе тэхнічна немагчыма ўстанавіць такія прыборы.

— Усе шматкватэрныя дамы ў Мінску, якія можна было тэхнічна аснасціць групавымі прыборамі ўліку цеплаэнергіі, маюць гэтыя прылады. Няма іх толькі ў будынках, дзе ўстаноўка гэтых прыбораў эканамічна немэтазгодная, — расказала Наталля РАМУШКЕВІЧ, начальнік тэхнічнага аддзела ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка». — Гэта дамы, якія запланаваны пад знос, шматкватэрнае жыллё, памяшканні якога будуць пераведзены ў нежылыя. А таксама будынкі, дзе для арганізацыі вузла ўліку цеплаэнергіі патрэбна прыбудова ці рэканструкцыя існуючага цеплавузла.

Такім чынам, жыхары безуліковых дамоў не могуць спадзявацца наладзіць цеплавую эканомію на сваіх батарэях і мусяць увесь ацяпляльны перыяд (з кастрычніка па красавік) плаціць нарматыўныя сумы, зацверджаныя выканаўчымі органамі.

Гарызантальнае і вертыкальнае энергазберажэнне

А вось жыхары будынкаў, якія абсталяваны групавымі прыборамі ўліку, пры жаданні і адпаведных інжынерных магчымасцях памяшканняў наладзіць у сябе эканомію могуць. Ды яшчэ і зніжкі атрымаць.

У новабудоўлях усё проста — яны маюць гарызантальную сістэму разводкі цяпла, і кватэры там, як правіла, адразу абсталёўваюцца індывідуальным прыборам уліку цяпла (ІПУ) і тэрмастатычнымі клапанамі. У існуючых дамах, дзе інжынерная сістэма арганізавана гарызантальна, але няма прылад для індывідуальнага разліку, зрабіць гэта таксама можна — была б згода жыхароў. Лічыльнік каштуе 250—300 беларускіх рублёў.

У будынках, дзе арганізавана вертыкальная сістэма разводкі ацяплення, пры наяўнасці тэхнічных магчымасцяў таксама можна наладзіць індывідуальны разлік. Для гэтага на кожную батарэю неабходна ўстанавіць размеркавальнікі цеплаэнергіі і тэрмастатычны клапан. Без апошняй прылады, з дапамогай якой можна кантраляваць градус нагрэву паветра ў кватэры, няма сэнсу ўстанаўліваць і лічыльнік, сцвярджаюць спецыялісты.

— Пры вертыкальнай сістэме разводкі ўстанавіць індывідуальны прыбор уліку, які паказвае колькасць гігакалорый, затрачаных на абагрэў жылля, і ставіцца адзін на ўсю кватэру, нельга. У гэтым выпадку кожны радыятар неабходна аснашчаць размеркавальнікам цяпла. Ён замярае і рэгіструе колькасць цеплаэнергіі, якую выдзяляе батарэя, — растлумачыла Наталля Рамушкевіч. — Усе індывідуальныя прыборы ўліку: цеплалічыльнікі і размеркавальнікі цяпла павінны быць унесены ў Дзяржаўны рэестр вымярэнняў. Пры гэтым краіна вытворчасці гэтых прылад не мае значэння. На заканадаўчым узроўні разглядаецца пытанне аснашчэння кватэр размеркавальнікамі цяпла ў дамах з вертыкальнай разводкай падчас капрамонту.

Адзін тэрмарэгулятар каштуе прыкладна 50 беларускіх рублёў, яшчэ 20 рублёў возьмуць за яго ўстаноўку (уварванне) на батарэю. Кожны размеркавальнік абыдзецца прыкладна ў 30 рублёў, а ўсталяванне гэтых прылад на ўсе батарэі — у 5. Такім чынам, на падрыхтоўку аднаго радыятара да магчымасці эканоміць цяпло і разлік за яго спатрэбіцца прыкладна 105 рублёў. Каб вызначыць, ці спатрэбяцца пры ўсталяванні прылад на батарэі яшчэ якіясьці віды работ — устаноўка дадатковых перамычак, замена труб у кватэры, — неабходна папярэдняе абследаванне спецыялізаванай арганізацыі.

Пры гэтым праектам пастановы Саўміна «Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці ўліку цеплавой энергіі» прадугледжана, што жыхары, якія ўстановяць у сябе індывідуальныя прыборы ўліку, змогуць тры гады плаціць за ацяпленне на 10% менш. Такія ж зніжкі абяцаюць і тым, хто ўжо мае ІПУ (але плаціць па паказчыках групавога ўліку цяпла), калі яны будуць разлічвацца па індывідуальных прыборах.

Індывідуальны разлік і каэфіцыенты размяшчэння

Каб наладзіць магчымасць вызначаць долю цяпла, ужытага адной кватэрай адносна агульнадамавога расходу, не менш за 75% кватэр павінны быць абсталяваны індывідуальнымі прыборамі ўліку цяпла. Пры гэтым астатнія 25% таксама падлягаюць наступнаму пераразліку. З домам заключаецца дагавор на абслугоўванне, а долю спажывання энергіі на ацяпленне жылля кожнага спажыўца вызначаюць разлікова-сэрвісныя арганізацыі.

Калі на ўвесь пад'езд толькі адзін гаспадар жадае ўстанавіць у сябе прыбор уліку, гэта можа быць здзейснена толькі ў будынку з гарызантальнай разводкай, дзе можна паставіць лічыльнік, і пасля сходу ўсіх жыхароў, якія пагодзяцца даць рупліваму ўласніку такую магчымасць. У доме з вертыкальнай разводкай, дзе прыбор уліку — размеркавальнік цяпла, такі варыянт неажыццявімы.

Штомесячная аплата за ўжытую цеплаэнергію разлічваецца ў такім выпадку па даволі складанай формуле — зыходзячы з фактычнага яе спажывання па паказчыках прыбора групавога ўліку і пераразлічваецца пасля ацяпляльнага перыяду або штомесяц адпаведна дагавору па лічбах з размеркавальнікаў цяпла і ІПУ.

— Па ўзгадненні з эксплуатуючай арганізацыяй да кватэр павінны прымяняцца каэфіцыенты размяшчэння разліковага памяшкання. Напрыклад, паніжаючыя каэфіцыенты для кватэр, што знаходзяцца на першым і апошнім паверхах, або калі жыллё вуглавое. Да жылля, што змяшчаецца ўсярэдзіне дома, прымяняюць павышаныя каэфіцыенты. Усе гэтыя велічыні павінны адлюстроўвацца ў дагаворы з разлікова-сервіснай арганізацыяй, — удакладніла Наталля Рамушкевіч. — Індывідуальнае рэгуляванне цяпла ў кватэры зніжае расходы цеплаэнергіі будынка ў цэлым. Аднак здараецца, што жыхары дамоў, якія абсталяваны індывідуальнымі прыборамі ўліку цяпла, не жадаюць заключаць дагаворы з разлікова-сэрвіснымі арганізацыямі на разлік па гэтых прыладах і іх тэхабслугоўванне. У выніку спажыўцы падчас ацяплення разлічваюцца па паказчыках групавога прыбора ўліку, а пасля яго адключэння робіцца пераразлік сумы па нарматыўных лічбах.

Дыферэнцыраваны тарыф

На сёння лічыльнікі цяпла ўстаноўленыя ў 10,9% жыллёвага фонду — у 230 тысячах кватэр. Але разлічваюцца па іх паказаннях толькі 42% уладальнікаў. Гэта выклікана тым, што правядзенне разлікаў і тэхабслугоўванне прыбораў уліку каштуе 6—12 рублёў у год.

— Зняцце паказчыкаў з індывідуальных прыбораў і іх тэхнічнае абслугоўванне, а таксама разлік фактычнай долі ўжытай цеплаэнергіі выконваюць спецыялізаваныя арганізацыі па дагаворах. Паверку цеплалічыльнікаў неабходна рабіць у выпадку іх няспраўнасці, і плаціць за гэта ўласнік. Калі ІПУ выходзіць са строю (парушаецца пломба, прыходзіць у нягоднасць элемент сілкавання, перастаюць счытвацца паказанні), яго паказанні не ўлічваюцца за разліковы перыяд, — расказала Наталля Рамушкевіч. — У такім разе памяшканне спажыўца паслуг ацяплення лічыцца безуліковым да ўстаранення дэфектаў, а жыхар абавязаны паведаміць разлікова-сэрвіснай арганізацыі пра няспраўнасці.

Каштуе паверка 35 рублёў у год з кватэры, дадаткова за зняцце лічыльніка на паверку і вяртанне яго на месца давядзецца заплаціць яшчэ 28 рублёў.

Пры гэтым паверка размеркавальнікаў цяпла не праводзіцца. Яны эксплуатуюцца, пакуль поўнасцю не выпрацуюць свае рэсурсы, устаноўленыя вытворцам.

На думку спецыяліста, прымяненне дыферэнцыраваных тарыфаў пры разліку за цеплаэнергію дапаможа значна павялічыць колькасць кватэр, абсталяваных ІПУ, якія будуць разлічвацца па паказчыках з гэтых прылад.

***

Як бачым, пакуль мэтазгоднасць выкарыстання лічыльнікаў цяпла, нават калі ёсць такая магчымасць, для многіх застаецца пад пытаннем. Прычын — і аб'ектыўных, і суб'ектыўных — хапае. Але ж трэба думаць і на перспектыву, а не жыць толькі сённяшнім днём. Прычым датычыць гэта і пастаўшчыкоў нятаннага цяпла, і яго спажыўцоў.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Колькі каштуе эканомія?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.