Вы тут

Сем міфаў пра зубы


Загадчыца стаматалагічнага аддзялення 4-й гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Мінска Алена ВЯЧЭРСКАЯ падказвае, як выправіць самыя распаўсюджаныя памылкі.


Міф 1. Калі часта чысціць зубы, можна пашкодзіць эмаль

— На самай справе зубы дастаткова чысціць двойчы на дзень — раніцай пасля сняданку і вечарам пасля вячэры. Важна рабіць рухі, якія будуць «вымятаць» ад дзясны наверх. На кожны зуб павінна прыпадаць каля 10 рухаў. Няправільная тэхніка і шчотка могуць спрыяць таму, што эмаль будзе сцірацца ў пэўных месцах.


Міф 2. Зубной ніткай можна пашкодзіць дзясну або дастаць пломбу

— Калі пломба дастаецца ніткай (флосам), значыць, яна патрабуе тэрміновай замены. Пры правільным выкарыстанні ніткі пашкодзіць дзясну нельга, але можна пазбавіць яе і кантактныя паверхні зубоў ад мікробнага налёту, папярэдзіць карыес і запаленне дзясны. Выкарыстоўвайце зубную нітку 1—2 разы ў дзень пасля чысткі шчоткай.


Міф 3. Зубную пасту трэба мяняць, каб не было «прывыкання»

— Такое сцвярджэнне не мае пад сабой навуковых абгрунтаванняў. Дарослым рэкамендавана пажыццёвае выкарыстанне пасты з фторам у канцэнтрацыі 1000—1500ppm.


Міф 4. Здаровая эмаль — белая эмаль

— Беласнежных зубоў у прыродзе не бывае. Зубы могуць быць жоўтага, шэрага, аранжаватага і чырванаватага адценняў. Таксама адценні характарызуюцца насычанасцю колеру. Колер эмалі не звязаны з устойлівасцю да карыесу. У жоўтай эмалі разбурэнні такія ж частыя, як і ў белай. Колер зубоў перадаецца ў спадчыну.


Міф 5. Адбельванне псуе эмаль

— Існуе некалькі метадаў адбельвання: дамашні, офісны і камбінаваны. Усе — з выкарыстаннем хімічных прэпаратаў. Офіснае адбельванне адбываецца ў кабінеце ўрача, часам з выкарыстаннем спецыяльных лямпаў, лазера. Дамашнім называецца спосаб, калі пацыент адбельвае зубы дома з дапамогай індывідуальных капаў (пласцін на зубы, куды закладваецца раствор для адбельвання). Калі адбельванне праводзіцца пад кантролем урача, хвалявацца не варта — эмаль не пацерпіць. Адбельванне проціпаказана цяжарным, людзям са множным карыесам, захворваннямі дзясны, дрэннай гігіенай ротавай поласці.


Міф 6. Чым больш салодкага, тым больш шанцаў мець карыес

— Сапраўды, чым больш вугляводаў у прадуктах, тым горш гэта для зубоў. Падчас перапрацоўкі такіх прадуктаў мікраарганізмамі атрымліваецца больш карыесагенны налёт, з большай колькасцю кіслот, якія раствараюць эмаль. Таму калі вы раптам з'елі кіло цукерак, пачысціце зубы! Аднак не толькі якасць прадукту мае значэнне, але і частата прыёму ежы. Калі вы ясце больш за 5—6 разоў у дзень, уключаючы перакусы, то маеце большую рызыку карыесу.


Міф 7. Пасля ежы неабходна карыстацца жуйкамі

— Калі такое жаданне ёсць, то можна і пажаваць, але не болей за 10 хвілін. Жуйка павінна быць без цукру, тады ад гэтага не будзе шкоды для арганізма, але і на вялікую карысць разлічваць не варта. Жуйка не абараняе ўсе паверхні зубоў. Яна дапамагае дастаць некаторыя часціцы ежы, дэзадарыраваць ротавую поласць, узмацняе слінааддзяленне, чым дапамагае хутчэй нармалізаваць pH-баланс у роце. Стаматолагі рэкамендуюць замест жуйкі пажаваць на дэсерт кавалачак цвёрдага сыру. Ён аднаўляе баланс не горш за жуйку, а карысці будзе больш.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?