Вы тут

Будні вясковага фельчара


У фельчарска-акушэрскі пункт пацыенты ідуць не толькі лячыцца, але і адвесці душу.

Як жывуць сельскія медыкі, якія праблемы іх хвалююць, чым адрозніваецца іх работа ад работы гарадскіх калег, высвятляла карэспандэнт «Мясцовага самакіравання». Для гэтага яна накіравалася ў вёску Мятлічыцы Лагойскага раёна.


Фельчарска-акушэрскі пункт месціцца ў жывапісным месцы паміж двума населенымі пунктамі — Мятлічыцы і Акалова. Гэты дыхтоўны прыгожы будынак у выглядзе літары П узвёў у 90-я гады мінулага стагоддзя мясцовы калгас.

— Мы абслугоўваем 29 вёсак сельсавета, у якіх пражываюць 1088 чалавек, — расказала фельчар Вольга Пятроўская, на якую адначасова ўскладзены і абавязкі матэрыяльна адказнай. — Калектыў наш невялікі — участковая акушэрка Аліна Косач, фізіямедсястра Галіна Ціхановіч, санітарка Ганна Сівец, вадзіцель Генадзь Шыла. Усе вельмі адказныя людзі, прафесіяналы высокага класа, маюць катэгорыі, раз у пяць гадоў праходзяць курсы перападрыхтоўкі, здаюць залікі. Усе валодаюць асновамі рэанімацыі. Калектыў у нас дружны, умеюць і працаваць, і адпачываць.

Нядаўна Вользе Анатолеўне споўнілася 50 гадоў. У той дзень яе выклікалі да хворых. І, вядома, было не да святкавання. Але жанчына бачыла, што калегі нешта рыхтуюць, таямніча шэпчуцца, пераглядваюцца. І вельмі расчулілася, калі ўсім калектывам яе не проста павіншавалі, але арганізавалі канцэртную праграму. «Ніколі не забуду гэты душэўны падарунак», — кажа мая суразмоўніца.

Але святы здараюцца не так часта. У асноўным — будні. Бывае, звяртаюцца па дапамогу два-тры пацыенты, а калі і больш за дзесяць — дзень на дзень не прыходзіцца. Найбольш прыходзяць памераць крывяны ціск, зрабіць уколы. У фельчарска-акушэрскім пункце ёсць стацыянарнае аддзяленне на чатыры месцы. Яно не пустуе. Сюды, як правіла, днём кладуць пацыентаў, якім урачы Плешчаніцкай паліклінікі прапісалі розныя працэдуры.

— Сапраўды, у нас шмат такіх. Камусьці патрабуецца кропельніца, іншаму — ін'екцыя, а камусьці цепла-, электра-, ультрагукавыя, лазерныя працэдуры, інгаляцыя, — канстатуе медсястра Галіна Ціхановіч. — У нас ёсць для гэтага ўся неабходная апаратура. Ды і хворым не трэба дабірацца да Плешчаніц, чакаць прыёму ў чарзе. Курс прызначанага лячэння яны праходзяць на месцы. Вельмі зручна.

Але, канешне, з цягам часу медыцынскае абсталяванне старэе, зношваецца. І мясцовым медыкам, вядома, хочацца больш новага, сучаснага. Хоць, як прызналася Вольга Анатолеўна, апошнім часам ва ўстанове адбылося нямала станоўчых зрухаў, дзякуючы дапамозе Лагойскай цэнтральнай раённай бальніцы. Летась паставілі бойлер для падагрэву вады, гарачай вадой аснашчаюцца іншыя кабінеты. Закупілі таксама новыя камп'ютары, якія засталося толькі падключыць. Гэта значна аблегчыць працу медыкаў, паколькі ўся інфармацыя на кожнага пацыента будзе захоўвацца ў электронным варыянце. У ФАПе працягваецца рамонт памяшканняў за сродкі раённай ЦРБ. Шмат ужо зроблена. Абнавіўся прывівачны кабінет, які цалкам апрацоўваецца кварцавымі лямпамі. Стаматалагічны кабінет абсталяваны ўсім неабходным. Да стаматолага Тамары Мацяйковіч, якая прыязджае ў Мятлічыцы, заўсёды шмат людзей. Вельмі хваляць яе кліенты за ўважлівыя адносіны да кожнага і прафесіяналізм.

Акрамя таго, раз у месяц вядзе прыём урач з суседняй Запольскай амбулаторыі. У Мятлічыцкі ФАП накіроўвалі па размеркаванні маладых спецыялістаў, але пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі яны з'язджалі. Асноўная прычына — у адсутнасці жылля: даводзілася здымаць кватэры. А адзін урач пражываў у Лагойску ў інтэрнаце. Вядома, цяжка было дабірацца да месца працы за многа кіламетраў на грамадскім, спадарожным транспарце.

Сапраўды, сучасная моладзь прывыкла да камфортных умоў працы і пражывання. У сельскіх медыкаў яны не такія, як у горадзе.

Бадай, самая галоўная складанасць для іх — надвор'е. Мароз, дождж, снег — усё роўна трэба ісці па выкліку: хворы чакаць не будзе.

— Нам, вядома, лягчэй, чым нашым калегам з іншых сельскіх ФАПаў — у нас ёсць машына медыцынскай дапамогі. Але здараецца, што не кожны раз транспарт можа даехаць да аддаленай вёскі. То дарогу замяло, а то дажджом заліло. Даводзіцца браць у рукі чамаданчык і ісці пяшком, — кажа Вольга Пятроўская.

— І лекамі, відаць, вы горш забяспечаныя, чым гарадскія медустановы? — пацікавілася ў Вольгі Анатолеўны.

— Забяспечанасць прэпаратамі ў нас добрая, усе неабходныя атрымліваем па заяўках у раённай бальніцы. Ёсць у нас і аптэчны кіёск, дзе жыхары могуць набыць патрэбныя лякарствы. З раёна штогод прыязджае флюараграфічная лабараторыя. Людзі ахвотна ідуць праверыць свае лёгкія. Між іншым, не трэба траціць час, ехаць спецыяльна ў раённую паліклініку... А ўвогуле, медыцынскіх работнікаў на сяле паважаюць. Тым больш што нас тут добра ведаюць, ды і мы ўсіх ведаем.

Пажылыя кліенты заходзяць не толькі ціск памераць, але пагутарыць па душах: вельмі ж добрыя тут урачы, уважлівыя, заўсёды выслухаюць і дапамогуць.

Медыцынскія работнікі, як і ўсе людзі, таксама хварэюць. Хто ж ім прыходзіць на дапамогу?

— Адзін аднаму ўкольчык зробім, таблетку дадзім — вось і ўсё лячэнне, — смяюцца мае суразмоўніцы. — А калі сур'ёзна, то практычна ва ўсіх нас ёсць хранічныя захворванні. У прыватнасці, алергія на дэзынфіцыруючыя сродкі. Захоўваем усе меры перасцярогі пры рабоце з імі. І хоць яны рэгулярна мяняюцца, прывыканне ўсё роўна ідзе.

Хутка ў медыцынскіх работнікаў, мяркую, клопатаў прыбавіцца. У адным крыле амбулаторыі размесціцца аддзяленне кругласутачнага пражывання для пажылых людзей. І, вядома, знойдуцца такія, хто захоча памераць ціск або проста пагутарыць, адвесці душу.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент